28 сакавiка 2024, Чацвер, 22:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Банкі «страцілі» паўмільярда даляраў беларусаў

17
Банкі «страцілі» паўмільярда даляраў беларусаў

Законы Лукашэнкі аб дэпазітах закранулі і банкі, і насельніцтва.

Рэформы, праведзеныя ў банкавай сістэме Беларусі ў 2016 годзе, паменшылі прывабнасць банкавага ашчаджання для жыхароў краіны. У выніку сума валютных дэпазітаў за год скарацілася на 782,1 млн USD — да 7430,7 млн USD на 1 студзеня 2017 года, піша аглядальнік «Белрынка» Уладзімір Тарасаў.

Пры гэтым сума пераводных валютных дэпазітаў фізічных асоб, гэта значыць збольшага сродкаў на іхніх карткавых рахунках знізілася на 89,6 млн USD. А тэрміновыя дэпазіты насельніцтва ў замежнай валюце скараціліся на 692,6 млн USD — да 6988,9 млн USD.

Прырост рублёвых дэпазітаў стаўся ніжэйшым за адсоткі на іх

Адрозна ад валютных дэпазітаў, рублёвыя дэпазіты фізічных асоб у 2016 годзе павялічыліся. Сума пераводных укладаў насельніцтва вырасла на 163,4 млн BYN (11,6%) — да 1 569,4 млн BYN. Тэрміновыя ўклады выраслі на 336,2 млн BYN (12,9%) — да 2 950,7 млн BYN. Такім чынам, у суме рублёвы ашчадак насельніцтва вырас за год на 0,5 млрд BYN, гэта значыць прыкладна на 250 млн USD.

Гэтая сума можа здацца даволі значнай. Але калі прааналізаваць складнікі гэтага росту, то можна выявіць, што напраўду ў 2016 годзе адбыўся і адток рублёвых укладаў. Па-першае, прырост дэпазітаў стаўся ніжэйшым за адсоткі, якія налічваліся на ўклады. Па-другое, увесь прырост пераводных рублёвых дэпазітаў насельніцтва за 2016 год быў забяспечаны ў снежні, то бок ён з'яўляецца наступствам таго, што людзі запасілі грошы перад святамі.

Як бы тое ні было, рост рублёвых дэпазітаў часткова кампенсаваў адток валютных, таму чысты адток сродкаў насельніцтва з банкаў склаў блізу 0,5 млрд USD. Вядома, збольшага гэта скарачэнне было выклікана не рэформай сістэмы дэпазітаў, а падзеннем даходаў насельніцтва, у сувязі з чым некаторыя людзі выдаткоўвалі свой ашчадак. Але чыннік падзення ставак, відаць, меў вызначальнае значэнне ў скарачэнні ашчадку.

Пры гэтым частку сродкаў жыхары Беларусі проста пераводзілі ў валютныя аблігацыі Мінфіна і камерцыйных банкаў. Так, толькі біржавых дзяржаўных аблігацый фізічныя асобы ў 2016 годзе набылі на 70,4 млн USD.

Юрыдычныя асобы летась таксама скарацілі свой валютны ашчадак на банкавых дэпазітах. Іх тэрміновыя ўклады знізіліся на 209,1 млн USD і склалі на 1 студзеня 2017 года 1971,2 млн USD, а пераводныя дэпазіты знізіліся на 149,1 млн USD — да 1240,2 млн USD. У суме, такім чынам, гэтыя дэпазіты знізіліся на 358,2 млн USD. Аднак пры гэтым у 2016 годзе адбыўся рост вартасці банкавых валютных аблігацый, якія знаходзяцца па-за банкавым абарачэннем: на 209 млн USD — да 1121,3 млн USD. Праўда, частку гэтага прыросту маглі забяспечыць фізічныя асобы.

Але прадпрыемствы маглі набыць і частку біржавых аблігацый Мінфіна, якіх юрыдычным асобам (прадпрыемствам і банкам) было рэалізавана на 229,6 млн USD. Такім чынам, не выключана, што ўвесь адток сродкаў з дэпазітаў юрыдычных асоб быў накіраваны ў аблігацыі банкаў і Мінфіна.

У той жа час, адтоку рублёвых дэпазітаў прадпрыемстваў з банкаў у 2016 годзе не адбылося, наадварот, іх сума значна вырасла. Пераводныя дэпазіты юрыдычных асоб за год выраслі на 520,9 млн BYN — да 1964,6 млн BYN, а тэрміновыя — на 338,6 млн BYN — да 2364,4 млн BYN.

Нацбанк цісне на стаўкі валютных дэпазітаў

Прырост сумы рублёвых дэпазітаў у банках адбыўся, нягледзячы на істотнае падзенне іх ставак. Сярэдняя такса на новых тэрміновых адклікальных дэпазітах прадпрыемстваў у беларускіх рублях за год скарацілася ў 3,3 раза — да 8% гадавых. Адсоткі на рублёвых безадклікальных дэпазітах юрыдычных асоб знізіліся з 24,3% у студзені 2016 года да 11,9% у снежні.

Сярэдняя стаўка на новых тэрміновых адклікальных дэпазітах насельніцтва ў беларускіх рублях у снежні 2016 года ўпала да 9,9% з 22,5% гадавых у студзені, а на безадклікальных — да 17,2% з 27,9%.

Гэтак жа значным (у параўнальным вылічэнні) было і скарачэнне адсоткаў на валютных укладах. Так, сярэдняя такса на новых тэрміновых адклікальных дэпазітах фізічных асоб у замежнай валюце ўпала з 3,3% гадавых у студзені мінулага года да 1,6% у снежні. Праўда, скарачэнне гэтай стаўкі ў канцы 2016 года спынілася. А сярэдняя такса на новых безадклікальных дэпазітах у снежні нават вырасла ў параўнанні з лістападам і дасягнула 3,1%. Але ў студзені яна складала 4,6%, то бок за год яна таксама істотна скарацілася.

Таксы на валютных дэпазітах юрыдычных асоб у 2016 годзе падалі нават хутчэй, чым на ўкладах фізічных асоб, і ў канцы года амаль зраўняліся з апошнімі. Так, сярэдняя стаўка на новых валютных адклікальных дэпазітах прадпрыемстваў знізілася з 4,8% гадавых у студзені да 2,1% гадавых у снежні. А аналагічная такса на безадклікальных укладах знізілася з 5,3% да 3,4% у снежні.

Такім чынам, падобна да таго, што зніжэнне ставак валютных дэпазітаў у Беларусі заканчваецца. Аднак скарачэнне яшчэ магчымае, і гэты працэс спрабуе падтрымліваць Нацбанк. Ён прыняў пастанову аб павелічэнні нарматыву адлічэнняў ад залучаных сродкаў у замежнай валюце ў фонд абавязковых рэзэрвоў з 7,5% да 11% ад аб'ёму залучаных сродкаў, знізіўшы нарматыў адлічэнняў ад залучаных сродкаў у беларускіх рублях з 7,5% да 4%. Гэта будзе стымуляваць банкі памяншаць таксы на валютных дэпазітах і прытрымаць падзенне ставак на рублёвых дэпазітах. Не выключана, што Нацбанк распачне іншыя крокі, накіраваныя на зніжэнне прывабнасці валютных дэпазітаў, каб стымуляваць іх перавод у рублі. Да гэтага яго можа падштурхнуць даручэнне Лукашэнкі павялічыць заробак у Беларусі ў 2017 годзе да 500 USD. Дамагчыся гэтага можна, умацаваўшы беларускі рубель, а гэтага можна дасягнуць, калі стымуляваць продаж валюты насельніцтвам. Калі б не было ціску Нацбанка на стаўкі, то зніжэнне адсоткаў валютных дэпазітаў у 2017 годзе наўрад было б. Але ўлічваючы праблему 500 USD, можна чакаць ад Нацбанка нейкіх новых ініцыятыў.

Што да таксаў на рублёвых дэпазітах, то тут вялікага скарачэння не адбудзецца. Нацбанк не мерыцца спяшацца зніжаць стаўку рэфінансавання, баючыся, што гэта выкліча рост коштаў і зробіць дадатковы ціск на курс беларускага рубля. Дый прывабнасць рублёвых дэпазітаў трэба забяспечваць.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках