19 красавiка 2024, Пятніца, 14:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ёсуб: Дзяржава ў кожны момант можа адабраць прыбытак у акцыянераў

9
Ёсуб: Дзяржава ў кожны момант можа адабраць прыбытак у акцыянераў
ВАДЗІМ ЁСУБ
ФОТА: ONLINER.BY

Гуляць з ашуканцамі ў куплю акцый дзяржпрадпрыемстваў ніхто не будзе.

Уладам не ўдасца ажывіць беларускі рынак каштоўных папер з дапамогай «народнага IPO» прадпрыемстваў з дзяржаўнай дзеллю меншай за 25%.

17 студзеня начальніца ўправы ўліку і распараджэння акцыямі Дзяржаўнага камітэта маёмасці Ганна Карніевіч заявіла, што падрыхтаваны ўказ Лукашэнкі, згодна з якім у Беларусі плануецца правядзенне «народнага IPO» ААТ з дзяржаўнай дзеллю меншай за 25%.

«Гэта яшчэ адзін спосаб прыцягнуць сродкі грамадзян на нашы прадпрыемствы з тым, каб яны адчапіліся ад абменных пунктаў і ўклалі ашчадак у акцыі», — падкрэсліла начальніца ўправы.

Аб тым, што такое «народнае IPO» і ці атрымаецца з яго дапамогай ажывіць рынак каштоўных папер і адцягнуць беларусаў ад абменнікаў сайт belaruspartisan.org пацікавіўся ў старшага аналітыка кампаніі «Альпары» Вадзіма Ёсуба.

«У даслоўным перакладзе IPO - гэта першаснае размяшчэнне акцый, калі якое-небудзь прадпрыемства становіцца не проста ААТ, а прапануе свае акцыі шырокаму колу пакупнікоў. У Беларусі ўжо было некалькі спроб так званага «народнага IPO». Пад словам «народны» разумеецца тое, што акцыі прадпрыемства распаўсюджваюцца не толькі сярод некалькіх зацікаўленых кампаній, а прапануюцца шырокаму колу фізічных асоб. Першым было IPO Менскага завода пеністых вінаў, якое рэкламуецца, як паспяховае, хоць яно скончылася тым, што пасля продажу часткі акцый сярод фізічных асоб (у першую чаргу сярод работнікаў гэтага прадпрыемства), яны былі скупленыя структурамі Чыжа. У выніку шырокага кола ўласнікаў не атрымалася. Наступныя ж спробы правесці «народнае IPO» і зусім праваліліся – была прададзеная толькі вельмі невялікая дзель акцый», - распавядае Ёсуб.

Са слоў экспэрта, у цяперашніх умовах чарговая спроба правесці «народнае IPO» таксама асуджаная на крах. Хоць само імкненне штосьці рабіць у гэтым кірунку пахвальна.

«Валоданне насельніцтвам акцыямі прадпрыемстваў ва ўсім свеце вельмі распаўсюджанае. Гэта добра для эканомікі, для саміх прадпрыемстваў, якія атрымліваюць магчымасць прыцягваць на сваё развіццё дадатковыя сродкі, застаючыся незалежнымі ў прыняцці пастаноў. Але ўзнікае слушнае пытанне – дзеля чаго людзям купляць акцыі? У развітых краінах купля акцыі прыносіць даход альбо ў выглядзе атрымання дывідэндаў, альбо пасля продажу акцый, за кошт росту іх курсавога кошту на біржы. У нашых жа ўмовах прадаць акцыі вельмі праблематычна, бо фондавы рынак не развіты. Разлічваць на дывідэнды таксама асабліва не даводзіцца. Мала таго, што эканоміка падае і расце колькасць стратных прадпрыемстваў, так што нават калі прадпрыемства прыбытковае, ужо пасля таго, як яно заплаціць усе прадугледжаныя заканадаўствам падаткі, дзяржава можа запатрабаваць дадаткова падзяліцца прыбыткам. Дзяржава таксама можа запатрабаваць у яго накіраваць грошы на які-небудзь чарговы «сацыяльны» праект – будаўніцтва яшчэ аднаго Лядовага палаца, напрыклад. Могуць павесіць на баланс няпрофільны актыў у выглядзе калгаса, саўгаса і г. д. Гэта значыць, нават калі прадпрыемства будзе прыбытковым - асабліва разлічваць на гэты прыбытак акцыянерам не даводзіцца», - упэўнены Ёсуб.

Змяніць жа сітуацыю, якая склалася і ажывіць фондавы рынак можна толькі радыкальным рэфармаваннем усёй эканомікі.

«Простых і хуткіх спосабаў ажывіць рынак няма. Гэта вельмі глыбокая праблема. Для таго, каб фондавы рынак ажыў трэба, каб было спрыяльнае эканамічнае і інвестыцыйнае асяроддзе, устойлівы эканамічны рост і шмат што іншае. Нельга ў краіне, дзе жудасны інвестыцыйны клімат, дзе трэці год падае эканоміка, дзе няма абароны правоў уласнасці стварыць развіты і цікавы для інвестараў фондавы рынак», - упэўнены экспэрт.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках