20 красавiка 2024, Субота, 0:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Юрыст: Пенсійная рэформа парушае правы чалавека і Канстытуцыю

19
Юрыст: Пенсійная рэформа парушае правы чалавека і Канстытуцыю

Колькасць беларусаў, што застануцца без пенсіі, будзе павялічвацца.

У выніку пенсійнай рэформы, якая ажыццяўлялася цягам двух мінулых гадоў, адбылося павелічэнне пенсійнага ўзросту, узросту для атрымання сацыяльнай пенсіі і тэрміну сацыяльнага стажу. І калі павелічэнне пенсійнага ўзросту выклікала шырокі грамадскі рэзананс, то іншыя змены ў пенсійным заканадаўстве засталіся амаль незаўважнымі. Так, аб тым, што тэрмін страхавога стажу за кароткі час павялічыўся больш чым утрая, многія грамадзяне даведаліся толькі тады, калі звярнуліся за прызначэннем пенсій.,

Наступствы пенсійнай рэформы з'яўляюцца адной з прыярытэтных тэм у рабоце рэспубліканскага праваабарончага аб'яднання «Беларускі Хельсінкскі камітэт». Юрыст арганізацыі Зміцер Чарных у інтэрв'ю сайту ПЦ «Вясна» распавёў, з якімі праблемамі яны сутыкаюцца падчас працы ў гэтым кірунку і якія меры прымаюць для іх развязання.

- Раскажыце, калі ласка, пра новыя правілы пенсійнага забеспячэння. Чаму яны парушаюць правы чалавека?

- Да 2014 года, каб мець права на атрыманне працоўнай пенсіі, дастаткова было 5 гадоў страхавога стажу, гэта значыць, цягам гэтага перыяду выплачваць узносы ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Але ў выніку пенсійнай рэформы за два наступныя гады страхавы стаж павялічыўся з 5 да 15,5 гадоў, гэта значыць больш, чым утрая. Да таго ж, як і з пенсійным узростам, прадугледжана паступовае павелічэнне гэтага стажу кожны год яшчэ на паўгода. Такім чынам, да 2025 года патрабаванне аб страхавым стажы будзе складаць 25 гадоў.

Гэтая рэформа парушае канстытуцыйнае права грамадзян на годны ўзровень жыцця і на сацыяльнае і пенсійнае забеспячэнне. Змены закранулі тых грамадзян, якія доўгі час займаліся грамадска-карыснай дзейнасцю, якая, у сваю чаргу, не ўключаецца ў страхавы стаж. Гэта маці, якія знаходзіліся ў адпачынку па доглядзе за дзіцем да трох гадоў, людзі, якія даглядалі інвалідаў першай групы.

Таксама ў страхавы стаж не ўключаюцца перыяды вайсковай службы, службы ў органах унутраных спраў, іншых сілавых структурах у выпадку, калі гэтыя людзі не атрымалі сваю прафесійную пенсію за выслугу гадоў. Напрыклад, калі чалавек адпрацаваў на службе не 20 гадоў, як патрабуецца, а 19, то ўвесь гэты тэрмін не ўключаецца ў страхавы стаж. І гэта значыць, што такому чалавеку трэба ў тэрміновым парадку працаўладкоўвацца і напрацоўваць страхавы стаж (15,5 гадоў), бо ў адваротным выпадку ён будзе пазбаўлены права на працоўную пенсію. Гэтай катэгорыі грамадзян трэба будзе чакаць прызначэння сацыяльнай пенсіі, сума якой, дарэчы, на сённяшні дзень складае 90 рублёў, што не дацягвае да бюджэту пражытачнага мінімуму.

Праблема заключана ў тым, што ўсе гэтыя групы грамадзян цягам доўгага часу былі ўпэўненыя, што па дасягненні пенсійнага ўзросту яны атрымаюць пенсію. Але заканадаўства раптоўна змянілася, і многія людзі сталі атрымліваць адмовы ў яе прызначэнні.

- Колькі чалавек, паводле вашых звестак, атрымалі адмову ў атрыманні пенсіі ў сувязі з павышэннем страхавога стажу?

- Паводле ацэнак Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, такіх людзей зараз не менш за 1000. Гэта дастаткова вялікая колькасць, і яна будзе пастаянна павялічвацца па меры таго, як людзі будуць дасягаць пенсійнага ўзросту і звяртацца за прызначэннем пенсіі.

- Ці праходзілі наогул якія-небудзь публічныя абмеркаванні, якія тычацца павышэння страхавога стажу?

- У адрозненне ад тэмы павышэння пенсійнага ўзросту, якая актыўна абмяркоўвалася ў СМІ, павышэнне страхавога стажу прайшло амаль незаўважна. Прыняцце адпаведных указаў асабліва нідзе не афішавалася, яны былі зразумелыя толькі тым людзям, якія непасрэдна працуюць у аддзелах сацыяльнага забеспячэння, ну а простых людзей ніхто не інфармаваў. Мы лічым, што такія пытанні абавязкова павінны абмяркоўвацца, напрыклад, праз парламенцкія слуханні, праз шырокія грамадскія дыскусіі. Дарэчы, пра гэта кажа і Камітэт ААН па сацыяльна-эканамічных і культурных правах.

Трэба падкрэсліць, што змены ў пенсіённае заканадаўства ўнесеныя адпаведнымі ўказамі Лукашэнкі. Але справа ў тым, што сёння адначасова дзейнічае два нарматыўныя акты адносна страхавога стажу, якія супярэчаць адзін аднаму. Гэта Закон аб пенсійным забеспячэнні, які прадугледжвае 10 гадоў страхавога стажу, і ўказ Лукашэнкі №570, у якім гаворыцца ўжо пра 16 гадоў такога стажу з 2017 года. БХК лічыць, што павінны прымяняцца палажэнні закона, бо на яго ёсць прамая спасылка ў Канстытуцыі. Але суды лічаць, што ўказы Лукашэнка вышэйшыя за закон, і таму ўжываюць палажэнні ўказаў.

- Якія дзеянні вядзе Беларускі Хельсінкскі камітэт для таго, каб змяніць сітуацыю?

- Мы звярталіся ў «парламент» з рознымі прапановамі, у тым ліку з прапановай, каб на людзей, якія цяпер знаходзяцца ў перадпенсійным узросце, не распаўсюджваліся новыя правілы. Але «парламентарыі» нам адказалі, што не бачаць праблем у павышэнні страхавога стажу і яшчэ раз падкрэслілі, што нормы ўказаў мацнейшыя за нормы законаў. Зараз мы рыхтуем зварот у адміністрацыю Лукашэнкі дзе плануем абгрунтаваць гэтую праблему з пункту гледжання палажэнняў Канстытуцыі і міжнародных стандартаў. Таксама нам вельмі важна праінфармаваць як мага большую колькасць людзей аб існаванні такой праблемы.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках