6 траўня 2024, панядзелак, 11:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гомельскі журналіст: Я буду гаварыць чыноўнікам, што яны рабы

11
Гомельскі журналіст: Я буду гаварыць чыноўнікам, што яны рабы
Фота: «Радыё Свабода»

Суд апраўдаў Канстанціна Жукоўскага, які назваў чыноўніцу Кастрычніцкага райвыканкама «рабом».

Суд спыніў справу ў дачыненні гомельскага журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага, які назваў кіраўніцу справамі Кастрычніцкага райвыканкама Валянціну Шлапакову «рабом», піша naviny.by.

Разгляд адміністрацыйнага пратаколу, складзенага супрацоўнікамі Кастрычніцкага РАУС у дачыненні гомельскага журналіста, прайшоў 19 студзеня ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля. Пратакол паводле артыкула 9.3 КоАП (абраза) быў складзены пасля праверкі заявы Шлапаковай у міліцыю. Чыноўніца сцвярджала, што фрылансер абразіў яе, назваўшы яе «рабом». У пратаколе міліцыі гаварылася, што 14 снежня Канстанцін Жукоўскі, знаходзячыся на цэнтральнай плошчы Кастрычніцкага, «падчас узніклага дыялогу» выказваў на адрас Валянціны Шлапаковай «рознага кшталту абразы, чым наўмысна прынізіў гонар і годнасць апошняй у непрыстойнай форме».

На судзе пад старшынствам Алесі Осіпавай фрылансер паказаў, што сапраўды 14 снежня ён быў у Кастрычніцкім, дзе здымаў відэа пра тое, што ў крызіс чыноўнікі райвыканкама купляюць сабе новыя аўтамабілі. Да яго падышла кіраўніца справамі, якая, са слоў журналіста, не прадставілася, пачала патрабаваць у яго акрэдытацыю і забараняла здымаць відэа, хапала за камеру, закрывала яе рукамі.

Жукоўскі, з яго слоў, падчас інцыдэнту выказаўся, што чыноўнік — гэта раб, слуга народа. «Прэзідэнт Расеі казаў, што ён працуе, як раб на галерах, у царкве людзей называюць рабамі Божымі, чыноўнік — слуга народа, то бок, раб, нічога абразлівага ў гэтым няма. І ў службовыя абавязкі кіраўніцы справамі райвыканкама не ўваходзіць патрабаваць дакументы ў грамадзян на вуліцы і забараняць здымкі. Фактычна чыноўніца перавышала свае абавязкі і чаплялася да мяне на вуліцы, што з'яўляецца адміністрацыйным парушэннем. Яна замінала мне працаваць, каб я мог зарабіць грошы, выплаціць падаткі, каб утрымліваць чыноўнікаў», — заявіў у судзе журналіст.

Шлапакова ў сваю чаргу сцвярджала, што не забараняла здымаць відэа, а падышла з мэтай даведацца — ці не магла б яна пасадзейнічаць у здымцы. Слова «раб» яна палічыла абразай, бо яно было выказанае ў агрэсіўнай форме. «Усе мы выдатна ведаем, і так гістарычна склалася, што раб — гэта чалавек, які меў на лбе гэта слова», — дадала кіраўніца справамі. Яна таксама пакрыўдзілася, што Жукоўскі, паказваючы на будынак выканкама, сказаў, што ў гэтым будынку працуюць або працавалі «крымінальнікі». Ён меў на ўвазе былога старшыню райвыканкама, які раней быў затрыманы паводле падазрэння ў карупцыйных злачынствах.

У выніку суддзя вынесла пастанову спыніць адміністрацыйную справу ў сувязі з адсутнасцю ў дзеяннях Жукоўскага складу правапарушэння, бо слова «раб» не з'яўляецца абразай, а слова «крымінальнікі» не было адрасаванае канкрэтнай асобе.

«Чыноўнікі, якія фактычна павінны быць слугамі народа, сталі адчуваць сябе у нашай краіне гаспадарамі, і народ для іх ніхто. Нават за касы погляд ужо людзей цягнуць у суд або міліцыю. Апошнія падзеі ў краіне, такія, як указ аб «дармаедстве», паказваюць, што чыноўнікі трымаюць людзей за рабоў і крыўдзяцца, калі ім нагадваюць, хто яны ёсць напраўду. Я і далей буду распавядаць чыноўнікам, што яны рабы, слугі народа, а не паны, і што яны не маюць права забараняць здымаць відэа і хапаць за камеру», — пракаментаваў пастанову суда фрылансер.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках