Хацкевіч патрабуе ад БФФ кампенсацыі за звальненне
18- 19.01.2017, 16:46
- 13,671
Беларуская федэрацыя футбола не мела права датэрмінова разрываць кантракт з трэнерам.
Былы галоўны трэнер футбольнай нацыянальнай каманды Беларусі Аляксандр Хацкевіч хоча атрымаць кампенсацыю ад Беларускай федэрацыі футбола. Ягоны агент Вадзім Шаблій у інтэрв'ю by.tribuna.com кажа, што БФФ не мела права датэрмінова разрываць кантракт з Хацкевічам.
Як вядома, пасля няўдалага старту нацыянальнай каманды Беларусі ў адборы чэмпіянату свету ў пачатку снежня 2016 года Федэрацыя футбола прапанавала Хацкевічу пагаршэнне ўмоў кантракту (ён быў разлічаны да лістапада 2017-га). Трэнер з паніжэннем заробку не пагадзіўся і быў адпраўлены ў адстаўку.
«Мяркую, федэрацыя магла прапанаваць наступны кантракт на меншых умовах, — кажа Вадзім Шаблій. — Думаю, можна было ўсё спакойна развязаць. А так у сярэдзіне сезону ставяць перад фактам: давай, паніжаю! І пасля таго, як Хацкевіч адмовіўся, АБФФ скасоўвае дамову. Па-першае, гэта неяк не па-чалавечы. А па-другое, згодна з умовамі кантракту федэрацыя не магла гэтага рабіць. Ніякіх такіх пунктаў у дакуменце не было».