У МЗС Эстоніі зняпраўдзілі інфармацыю аб змене статусу краін Балтыі
- 9.01.2017, 18:58
- 18,226
Статус краін Балтыі не мяняўся ў ААН з 1990-х гадоў.
Інфармацыя аб змене статусу краін Балтыі ў ААН з Усходняй Еўропы на Паўночную не адпавядае рэчаіснасці, сказала прэс-сакратарка міністэрства замежных спраў Эстоніі Сандра Камілава у каментары "Громадському".
"У ААН, што да таго, у якія групы ўваходзіць Эстонія, ніякіх змен не было зроблена. Згодна геаграфічнаму падзелу статыстычнага аддзела ААН, Эстонія належыць да краін Паўночнай Еўропы. Паводле падзелу рэгіянальных груп ААН, Эстонія ўваходзіць у групу Усходняй Еўропы. Гэтыя два падзелы не звязаныя паміж сабой і ў іх рознае прызначэнне", – адзначыла яна.
Камілава дадала, што статус краін Балтыі не мяняўся ў ААН з 1990-х гадоў ХХ стагоддзя.
Дэпутат Еўрапарламенту ад Латвіі Арціс Пабрыкс паведаміў 7 студзеня, што ААН афіцыйна мяняе статус дзяржаў Балтыі з Усходняй Еўропы на Паўночную Еўропу. "Гэта тое, да чаго мы належым", – напісаў ён.