19 красавiка 2024, Пятніца, 4:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гісторыя беларуса, які ваюе за Украіну

12
Гісторыя беларуса, які ваюе за Украіну

Яны адваёўваюць свабоду Украіны і рызыкуюць сабой, каб людзі прачыналіся ў мірных гарадах.

Ва ўнутранай кішэні камуфляжнай курткі салдата Аляксандра Маўчанава – бардовая скрыначка з медалём "Захиснику Вітчизни". Ён – беларус, і з 2015 года ваюе за Украіну, паведамляе ўкраінскі телеканал 24.

Перад тым як адказаць, чаму ён прыняў такую пастанову, вайсковец задумваецца на некалькі секундаў.

"Напэўна, гэта абвостранае пачуццё справядлівасці. Менавіта праз яго я апынуўся ў турме ў Беларусі. Гэта быў снежань 2010 года. Я пайшоў на дэманстрацыю супраць ураду і сарваў сцяг з будынка КДБ. У нас з гэтым не цырымоняцца. Менавіта таму я трапіў у рукі КДБ. Там доўга білі, пакуль сядзеў, праз электрашокер мне часткова паралізавала нагу.

За артыкулы "Масавыя беспарадкі" і "Здзек з дзяржаўных сімвалаў" мне далі тэрмін тры гады. Тады быў моцны міжнародны ціск, таму што адначасова са мной затрымалі яшчэ блізу 50 чалавек, у краіне быў фінансавы і палітычны крызіс, таму Лукашэнку давялося нас выпусціць. Зняволеным прапаноўвалі напісаць прашэнне пра памілаванне на імя Лукашэнкі, але большасць, у тым ліку і я, адмовіліся. Праз 9 месяцаў мяне ўсё адно выпусцілі", – апавядае Аляксандр.

Калі ва Украіне адбыўся Майдан і пачалася вайна, ён сачыў за навінамі. Кажа, пасля Ілавайскай трагедыі стала зразумела, што баявыя дзеянні на ўсходзе надоўга, таму пастанавіў прыехаць сюды.

Спачатку Аляксандр ваяваў у складзе добраахвотніцкіх батальёнаў, а ў 2016 годзе падпісаў кантракт з 72-й брыгадай.

"Я з самага пачатку вельмі хацеў трапіць на аўдзееўскую прамзону, таму што там сапраўды ваююць. Так і атрымалася. Там я адчуў кантраст: калі і ўдзень, і ўночы над табой свішчуць кулі і прылятаюць снарады.

Памятаю, у студзені 2017 года нашы хлопцы адваявалі ў баевікоў пазіцыю "Алмаз", а мы прыкрывалі іх з СПГ і АГС. Страціўшы гэты апорны пункт, тэрарысты раззлаваліся, спрабавалі вярнуць яго любымі сіламі, увесь час атакавалі, ужывалі ўсе калібры. Тады нават было трохі страшна. Ніхто з нас практычна не спаў – сон дзве гадзіны быў вялікім поспехам. Калі група ўжо больш менш умацавалася, іх увесь час атакаваў танк. Мы з яшчэ адным байцом усталявалі СПГ, дачакаліся, пакуль выедзе танк, і адкрылі па ім агонь, але ягоная браня вытрымала. Да гэтага танк забіў і пакалечыў нашых хлопцаў, разносіў пазіцыі. Пасля ён ужо не змог прыцэльна страляць, адышоў і больш не выязджаў на той адрэзак фронту", – успамінае вайсковец.

Улетку 2018 года на Светладарскай дузе Аляксандра параніла. 5,45-міліметровая куля трапіла ў вока, увайшла ў галаву і да гэтага часу знаходзіцца там. Пра тое, як вайсковец атрымаў раненне, апавядаюць ягоныя пабрацімы, якія слухаюць нашу гутарку.

Падчас абстрэлу пазіцыі была дадзеная каманда на ўцісканне агню праціўніка, Вэб (пазыўны Аляксандра – заўвага ПЖ) пабег карэктаваць агонь і даваць цэлеўказанні, там і схапіў кулю, – кажуць яны.

Праз два месяцы вайсковец зноў быў на перадавой. Цяпер Аляксандр не бачыць на адно вока. За той эпізод сваёй вайны ён атрымаў медаль "Захиснику Вітчизни". І дзяржаўная ўзнагарода – падстава атрымаць грамадзянства Украіны. Гэтым пытаннем Аляксандр ужо займаецца.

"Калі параніла, перажываў, што праз інваліднасць мяне могуць звольніць з войска. Але нічога, служу, і збіраюся прадаўжаць кантракт", – кажа беларус.

З'язджаць з Украіны Аляксандр не збіраецца. За час, што ён правёў тут, гэтая краіна ўжо стала яму роднай.

"У Беларусі вялікая частка насельніцтва – прарасейская. Таму тых, хто ваюе на баку акупантаў (часам сустракаю сярод іх знаёмыя твары), калі яны вяртаюцца дадому, КДБ проста правярае на наяўнасць зброі, боепрыпасаў і адпускае. Тых, хто ваюе на баку Украіны, чакае вялікі тэрмін. Я, напрыклад, у Беларусі ў вышуку. Калі паеду дадому, то ўжо пры перасячэнні мяжы мяне затрымаюць", – упэўнены вайсковец.

Яны адваёўваюць свабоду Украіны і рызыкуюць сабой, каб людзі прачыналіся ў мірных гарадах. Падзякаваць абаронцам можна тут.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках