2 траўня 2024, Чацвер, 1:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы ўвайшлі ў топ-5 атрымальнікаў нямецкіх віз

6
Беларусы ўвайшлі ў топ-5 атрымальнікаў нямецкіх віз

Летась Нямеччына выдала беларусам амаль 52 тысячы віз.

У 2023 годзе беларусы ўвайшлі ў топ-5 атрымальнікаў нямецкіх шэнгенскіх віз. Згодна з апублікаванай статыстыкай МЗС ФРГ, за мінулы год пасольства Нямеччыны ў Менску выдала 51 872 шэнгенскія візы, паведамляе DW.

Больш нямецкіх «шэнгенаў» атрымалі толькі грамадзяне Турцыі, Кітая, Індыі і Косава. Пры гэтым па колькасці выдадзеных віз на 100 тысяч насельніцтва беларусы знаходзяцца на першых пазіцыях - 563 візы на 100 тысяч чалавек. Па гэтым паказчыку іх апярэдзілі толькі жыхары Косава (3172 на 100 тысяч). У Турцыі - лідары па абсалютнай колькасці атрыманых нямецкіх «шэнгенаў» - паказчык складае 232 візы, у Кітаі - 11, у Індыі - 8,4.

Акрамя гэтага, у 2023-м беларусам выдалі 2173 нацыянальныя нямецкія візы. Як вынікае са статыстыкі, 529 чалавек атрымалі іх для пераезду па працы, 157 – для вучобы ў Нямеччыне, 777 чалавек уз'ядналіся са сваімі мужам і жонкай, дзецьмі і бацькамі. 39 беларусаў запыталі гуманітарныя ДНЖ.

Усяго ў 2023 годзе візавыя аддзелы пасольстваў Нямеччыны па ўсім свеце апрацавалі больш за 1,9 мільёна заявак на атрыманне шэнгенскіх або нацыянальных віз. Прыкладна ў кожным восьмым выпадку (усяго блізу 250 000) яны былі адхіленыя, вынікае са звестак МЗС Нямеччыны.

Як змянілася сітуацыя?

Колькасць выдадзеных беларусам нямецкіх «шэнгенаў» вырасла больш чым у паўтара разы ў параўнанні з папярэднім 2019 годам: тады пасольства Нямеччыны ў Менску выдала 35 205 віз.

Чатыры гады таму лідарамі сярод атрымальнікаў нямецкіх шэнгенскіх віз былі Кітай, Расея, Турцыя, Індыя і Тайланд. Беларусь размяшчалася на 11-м радку.

У 2023-м у Расеі была выдадзеная толькі 15221 віза, хоць раней грамадзяне РФ былі другой па велічыні групай па колькасці нямецкіх «шэнгенаў». Аднак пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну Нямеччына была вымушаная закрыць тры нямецкія генконсульствы - у Калінінградзе, Екацярынбурзе і Новасібірску, а таксама скараціць колькасць супрацоўнікаў.

Дзе яшчэ беларусам можна атрымаць шэнгенскую візу?

На гэты момант беларусы могуць атрымаць шэнгенскія візы ў пасольствах і візавых цэнтрах Польшчы, Італіі, Гішпаніі, Грэцыі, Нямеччыны, Францыі, Вугоршчыны, Харватыі. Пры гэтым, адзначаюць эксперты, працэдура запісу на атрыманне візы ўвесь час ускладняецца. Напрыклад, цяпер для верыфікацыі асобы пры звароце ў візавы цэнтр Польшчы неабходна зрабіць сэлфі, для запісу ў пасольства Нямеччыны — стаць у электронную чаргу. Паводле інфармацыі нямецкай амбасады ў Беларусі, час чакання падачы на візу складае амаль 11 месяцаў. Прыярытэт пры запісе з нядаўняга часу маюць сваякі людзей, якія жывуць у Нямеччыне. Вясной 2024 года прымаць дакументы на атрыманне шэнгенскай візы таксама пачалі Балгарыя і Румынія.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках