Генеральны сакратар NATO ўхваліў удары Украіны па Расеі
7- 19.04.2024, 20:16
- 7,030
Таксама Альянс перадасць Кіеву новыя сістэмы СПА.
Краіны NATO дадуць Украіне дадатковыя сістэмы супрацьпаветранай абароны (СПА), паведаміў генеральны сакратар Альянсу Енс Столтэнберг. Паводле ягоных словаў, гэта адбудзецца ўжо ў найбліжэйшы час. Пастанову прынялі міністры абароны краінаў блока на пасяджэнні Рады NATO – Украіна.
Столтэнберг адзначыў, што чальцы Альянсу правялі інвентарызацыю сваіх сістэмаў СПА і прыйшлі да высновы, што могуць перадаць частку з іх Украіне, не ставячы пад пагрозу ўласную бяспеку. Гаворка ідзе не толькі пра амерыканскія зенітныя ракетныя комплексы Patriot, але і пра франка-італьянскія SAMP/T. Канкрэтныя лічбы Столтэнберг не прывёў.
У той самы час краіны NATO, у якіх няма даступных сістэмаў СПА, абяцалі вылучыць сродкі на іх набыццё для Украіны, дадаў ён. Таксама Кіеў атрымае запчасткі і ракеты для ўжо наяўных у яго ўстановак.
Столтэнберг зноў паўтарыў: NATO мяркуе, што ўдары Украіны па ваенных цэлях у глыбіні тэрыторыі Расеі законныя. «Мы павінны памятаць, што гэта. Гэта вайна, агрэсіўная вайна Расеі, якая атакавала сваю суседку... Ва Украіны ёсць права на самаабарону. І яно ўключае ўдары па законных ваенных цэлях за межамі Украіны», – адзначыў ён. Напрыклад, Столтэнберг уважае за апраўданае тое, што УСУ збіваюць самалёты, якія Расея выкарыстоўвае для запуску ракетаў па Украіне.
У апошнія месяцы Кіеў просіць заходніх хаўруснікаў як мага хутчэй дапамагчы яму ўмацаваць СПА краіны ў сувязі з тым, што Расея актывізавала ўдары па ўкраінскіх гарадах і зноў пачала выбіраць у якасці цэляў аб'екты энэргетычнай інфраструктуры. Так, вясной былі знішчаныя дзве буйныя цеплавыя электрастанцыі: Зміеўская ТЭС у Харкаўскай вобласці і Трыпальскай ТЭС – у Кіеўскай.