У Швэцыі зацікавіліся загадкавым танкерам бізнэсмэнаў, звязаных з Лукашэнкам
7- 20.04.2024, 21:07
- 22,970
Яны дзесяцігоддзямі займаліся гандлем нафтай.
Уладальнікамі нафтавага танкера Zircone ля берагоў швэдскага вострава Готланд з'яўляюцца расейскі алігарх і латвійскі нафтавы магнат, якія былі заўважаныя ў гандлі нафтай з Лукашэнкам, піша SVT. Раней тэлекампанія сцвярджала, што кожны дзень з карабля перапампоўваецца паліва для расейскага ценевага флоту.
Некалькі швэдскіх установаў высвятляюць, ці можна спыніць аперацыю.
Паводле звестак рэсурсу, латвійская кампанія Fastbunkering з 2022 года прадала паліва больш чым 500 караблям, амаль усе яны ішлі ў Расею ці з Расеі. Аперацыі адбываюцца ў моры, і многія з задзейнічаных караблёў з'яўляюцца старымі і экалагічна небяспечнымі, гаворыцца ў матэрыяле.
Уладальнікамі кампаніі, зарэгістраванай у латвійскім рэестры прадпрыемстваў, з'яўляюцца грамадзянін Латвіі Аляксей Чулец і Сяргей Пастэрс, які мае расейскае і мальтыйскае грамадзянства, сцвярджаюць аўтары.
Як піша рэсурс, яны дзесяцігоддзямі займаліся гандлем нафтай, а ў 2022 годзе журналісцкае расследаванне выявіла іх ключавую ролю ў экспарце нафтапрадуктаў, якія трапілі пад санкцыі з Беларусі.