Беларуска змагла «выбіць» пенсію на $8 800
6- 10.05.2024, 21:28
- 17,460
Як ёй гэта ўдалося?
Пасля звальнення беларуска выпадкова высветліла, што магла выйсці на датэрміновую пенсію з прычыны ўзросту. Але яе аб гэтым не папярэдзілі на прадпрыемстве, дзе яна працавала. У выніку, як высветлілася, яна страціла больш за 28 тысяч рублёў, якія магла атрымаць на той час у выглядзе пенсіі. Гэта вынікае з дакументаў, апублікаваных у банку судовых пастаноў, адзначае «Зеркало».
Ганна (імя зменена) шмат гадоў працавала бухгалтаркай на прадпрыемстве, дзейнасць якога звязана з транспартаваннем нафты. Праз рэарганізацыю кампаніі яна звольнілася паводле дамовы старон. Праз нейкі час у жанчыны пачаліся праблемы са здароўем, яна атрымала групу інваліднасці.
Калі яна звярнулася да сацыяльных службаў па прызначэнне пенсіі з прычыны інваліднасці, то раптам даведалася, што ў гэты час ужо магла атрымліваць такія выплаты, але з іншай падставы – з прычыны ўзросту. Рэч у тым, што яна выхоўвала дзіця з інваліднасцю і мела 25-гадовы стаж працы. Гэта дазваляла ёй датэрмінова выйсці на пенсію - на пяць гадоў раней, вынікае з судовай пастановы.
Але Ганне на працы, з якой яна звольнілася, пра гэта не паведамілі, хаця ведалі аб інваліднасці ейнага дзіцяці. У выніку, як высветлілася, жанчына недаатрымала 28 435 рублёў.
У выніку жанчына пайшла ў суд Полацкага раёну і Полацку. Апроч пенсіі яна прасіла таксама кампенсаваць 6,8 тысячы рублёў. Гэта розныя выплаты, якія прадугледжаны паводле калектыўнай дамовы пры выхадзе на заслужаны адпачынак.
У судзе прадстаўнік кампаніі, у якой працавала беларуска, заявіў, што гэта яна сама мусіла звярнуцца з заявай для датэрміновага выхаду на пенсію. А супрацоўніца, адказная за гэтае пытанне, паведаміла ў судзе, што не расказвала Ганне аб магчымасці пайсці на адпачынак з прычыны ўзросту раней, «паколькі яна як мае быць не была дасведчаная ў гэтым пытанні».
Але, як высветлілася ў судзе, сачыць за тым, што працаўнік можа разлічваць на датэрміновы выхад на пенсію, а таксама падаваць у дзяржорганы адпаведныя дакументы, павінен менавіта наймальнік. Ён жа нясе матэрыяльную адказнасць перад сваім работнікам за атрыманую ім шкоду, калі гэта не было зроблена.
У сакавіку гэтага года суд пастанавіў, што наймальнік павінен выплаціць Ганне суму, якую яна недаатрымала ў выглядзе пенсіі, а менавіта 28 435 рублёў (ці амаль 8800 даляраў сярэднім курсам Нацбанка на сакавік гэтага года). Але ёй адмовілі ў кампенсацыі за недаатрыманыя бонусы з калектыўнай дамовы.