4 чэрвеня 2024, aўторак, 10:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЕЗ у сакрэтным дакуменце ўхваліў гарантыі бяспекі для Украіны

11
ЕЗ у сакрэтным дакуменце ўхваліў гарантыі бяспекі для Украіны

Падрабязнасці.

Еўрапейскі Звяз узгадніў з Украінай гарантыі бяспекі. Пагадненне можа быць падпісанае не пазней за пачатак ліпеня.

Пра гэта паведамляе Die Welt.

Паводле інфармацыі выдання, паслы 27 краінаў ЕЗ нядаўна ўзгаднілі тэкст на адзінаццаці старонках пад грыфам «канфідэнцыйна». У тэксце пагаднення зазначаецца, што Еўрапейскі Звяз і ягоныя дзяржавы-чальцы выконваюць ключавую ролю ў доўгатэрміновай бяспецы і ўстойлівасці Украіны праз ваенную, гуманітарную, фінансавую, гандлёвую і эканамічную падтрымку. Таксама размова ідзе пра размяшчэнне бежанцаў, падтрымку рэформаў і санкцый, аднаўленне.

ЕЗ абавязваецца неадкладна правесці кансультацыі цягам 24 гадзінаў у выпадку новых нападаў. Аднак гэта выключае ўдзел еўрапейскіх войскаў у баявых дзеяннях супраць Расеі. Брусэль абавязуецца і надалей трэніраваць украінскіх вайскоўцаў і дапамагаць у абароне.

Дапамога з аднаўленнем

Як адзначае Welt, Фонд падтрымкі Украіны ў 2024 годзе будзе мець бюджэт 5 млрд еўраў. Да 2027 года бюджэт можа павялічвацца, гэта будзе залежаць ад таго, у чым будзе мець патрэбу ўкраінскае войска ў будучыні і якія дадатковыя двухбаковыя ўнёскі зробяць краіны ЕЗ.

ЕЗ таксама абавязваецца вылучыць Украіне маштабную падтрымку ў аднаўленні. Фінансавую дапамогу ацэньваюць на мільярды еўраў. Яшчэ ў лютым 2023 года Сусветны банк ацэньваў кошт аднаўлення Украіны на 411 млрд даляраў, але з таго часу маштабы разбурэнняў выраслі.

У Брусэлі чакаюць, што Еўракамісія неўзабаве ўнясе прапанову, якая будзе прадугледжваць стварэнне пэўнага фонду аднаўлення Украіны і Сектара Газа.

Не ўсе хочуць даваць гарантыі

Краіны ЕЗ у канцы чэрвеня 2023 года пагадзіліся даць Украіне гарантыі бяспекі. У ходзе перамоваў тры нейтральныя дзяржавы настойвалі, што блок асобна не павінен даваць гарантый, а толькі ўзяць абавязальніцтвы ў бяспецы.

Яшчэ сем краінаў ЕЗ адмаўляюцца заключаць двухбаковыя пагадненні з Украінай – гэта Славакія, Вугоршчына, Харватыя, Балгарыя, Кіпр і нейтральныя дзяржавы Ірландыя, Аўстрыя і Мальта. Швэйцарыя і Турцыя, якія не ўваходзяць у ЕЗ, таксама не хочуць узгадняць пагадненні ў бяспецы з Украінай.

Гарантыі бяспекі

Украіна і шэраг краінаў-партнёрак заключылі двухбаковыя пагадненні аб гарантыях бяспекі. Кожнае з пагадненняў ўтрымлівае падобныя пункты, а таксама індывідуальныя абавязальніцтвы.

Сем краінаў ЕЗ далі Украіне гарантыі бяспекі. Размова ідзе пра Нямеччыну, Данію, Францыю, Італію, Фінляндыю, Нідэрланды і Латвію. Таксама заключаныя пагадненні з Канадай і Вялікай Брытаніяй.

Цяпер ідуць перамовы з ЗША пра гарантыі бяспекі. Украіна чакае, што найбліжэйшым часам пагадненне будзе падпісанае.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках