Паліцыя Славакіі выставіла абвінавачанне стралку ў Фіца
- 16.05.2024, 12:31
- 8,120
Стала вядома, што яму пагражае.
Паліцыя Славакіі выставіла абвінавачанне мужчыну, які спрабаваў учыніць наўмыснае забойства прэм'ера краіны Роберта Фіца. Яму пагражае пажыццёвае зняволенне.
Пра гэта паведамляе агенцтва tvnoviny.sk.
Раніцай у чацвер, 16 траўня, пенсіянеру выставілі абвінавачанне ў замаху на наўмыснае забойства. Мяркуецца, што ён учыніў яго з помсты і ў дачыненні да асобы, якая знаходзіцца пад абаронай. Матывам забойства была нязгода з палітыкай цяперашняй улады і зменамі, якія яна ажыццявіла ці плануе ажыццявіць.
За гэтае злачынства яму пагражае пакаранне ў выглядзе 25 гадоў пазбаўлення волі ці пажыццёвае зняволенне, калі яго віна будзе даказаная.
Стралок расказаў паліцыі, што спланаваў напад за некалькі дзён да гэтага. Ён планаваў нанесці шкоду прэм'ер-міністру, але не меў намеру забіваць яго. Зброя знаходзілася ў яго ў законным валоданні больш за 30 гадоў.
71-гадовы мужчына зрабіў пяць стрэлаў у Фіца, тры з якіх трапілі ў яго.
Праваахоўнікі дэталёва абследавалі месца здарэння, выкарыстоўваючы 3D-сканер.
15 траўня а 23:00 падазраванага Юрая Цынтулу прывезлі да ягонага аўтамабіля, на якім ён прыехаў у горад Гандлава.
Аўто абшукалі і знайшлі ў ёй мабільны тэлефон стралка. Потым аўтамабіль арыштавалі. Тым часам у Левіцы супрацоўнікі паліцыі ахоўвалі шматкватэрны дом, дзе пражываў стралок разам з жонкай.