Расея абвясціла Зяленскага ў вышук
27- 4.05.2024, 16:06
- 10,064
У Офісе прэзідэнта Украіны параілі Маскве пашукаць здаровы розум.
Міністэрства ўнутраных спраў Расеі абвясціла ў вышук украінскага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага. У Офісе прэзідэнта Украіны, рэагуючы на гэта, параілі расейцам пашукаць «здаровы розум».
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на расейскае агенцтва «РИА Новости» і каментар прэс-сакратара прэзідэнта Украіны Сяргея Нікіфарава.
Так, расейскае агенцтва апублікавала скрыншот з базы звестак расейскага МУС аб абвяшчэнні ў вышук Зяленскага. Паводле звестак з базы расейскага МУС, падставай для абвяшчэння ў вышук стала нібыта распачатая ў дачыненні да Зяленскага крымінальная справа ў Расеі.
На Банкавай на такі выпад расейскіх сілавікоў ужо адрэагавалі. Прэс-сакратар украінскага прэзідэнта параіў расійскаму МУС «спачатку пашукаць сумленне і здаровы розум».
Нагадаем, летась Міжнародны крымінальны суд ААН выдаў ордэр на арышт расейскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна за гвалтоўную дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей у Расею. У адказ на гэта расейскія сілавікі абвясцілі ў вышук суддзю МУС, які падпісваў ордэр на арышт Пуціна.