Журналісты расказалі, як змяніўся палац Пуціна
11- 6.05.2024, 15:13
- 20,090
Замест зоны для стрыптызу - царква з тронам.
Журналісты-расследавальнікі атрымалі будаўнічую дакументацыю на рэканструкцыю знакамітага палаца ў Геленджыку, які прыпісвалі Уладзіміру Пуціну. «Проект» нагадвае, што тры гады таму блізкі да Пуціна алігарх Аркадзь Ротэнберг паабяцаў перабудаваць скандальны палац у гатэль да 2023 года.
Рэканструкцыя адбылася, але гатэля там па-ранейшаму няма, сцвярджаюць аўтары расследавання. З іх слоў, аб'ект па-ранейшаму прызначаны для Уладзіміра Пуціна, а інтэр'еры дазваляюць прасачыць, як моцна змяніўся яго гаспадар.
Так, замест «аквадыскатэкі» і «пакоя з шастом» у палацы з'явілася капліца з іканастасам-трыптыхам.
Звычайна ён складаецца з абразоў Багародзіцы, Ісуса Хрыста і альбо Іаана Прадцечы, альбо Мікалая Цудатворца. Аднак у палацы трэцім абразом стала выява князя Уладзіміра.
Таксама ў царкве знаходзіцца трон. Са слоў протаіерэя Андрэя Кардачкіна, з якім размаўлялі журналісты, такія атрыбуты альбо прызначаюцца для высокапастаўленага царкоўнага іерарха, альбо ў гаспадара царквы «дастаткова высокае ўяўленне пра сябе і пра сваю значнасць».
Таксама журналісты ўстанавілі, што для рэканструкцыі палаца выкарыстоўваліся матэрыялы заходніх кампаній, прынамсі, будматэрыялы нямецкай Knauf, сантэхніка і аксэсуары ад нямецкіх кампаній Jorger, Тece, Emco і Hansgrohe, італійскіх Gessi і Vismara Vetro, швэйцарскіх Geberit і Laufen, японскай Omoikiri.