На польска-беларускай мяжы затрымалі расейскага дэзерціра
16- 8.05.2024, 10:05
- 10,542
Ён спрабаваў незаконна трапіць у Польшчу проста з украінскага фронту.
Польскія памежнікі затрымалі на мяжы з Беларуссю расейскага дэзерціра, які ўцёк з вайны ва Украіне, паведамілі ў Памежнай службе Польшчы.
У ведамстве заявілі, што 41-гадовы мужчына, якога назвалі дэзерцірам з Расеі, незаконна перайшоў беларуска-польскую мяжу і адразу пасля гэтага быў затрыманы. У дачыненні да яго вядзецца праверка.
З інфармацыі польскага выдання RMF, расеец быў у цывільным адзенні і без зброі. Пры ім былі знойдзеныя расейскія вайсковыя дакументы, у тым ліку кантракт з войскам РФ, які прадугледжвае ўдзел у вайне супраць Украіны.
"Усё паказвае на тое, што ён спрабаваў незаконна трапіць у нашу краіну праз Беларусь, проста з украінскага фронту", - напісала выданне.
Журналісты мяркуюць, што мужчына скарыстаўся міграцыйным каналам, па якім праз Беларусь на Захад спрабуюць патрапіць замежнікі з краін Блізкага Усходу, Паўночнай Афрыкі і Цэнтральнай Азіі.