19 траўня 2024, Нядзеля, 22:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экс-амбасадар Арменіі ў РФ: Перад Пашынянам будзе пастаўлены ультыматум

2
Экс-амбасадар Арменіі ў РФ: Перад Пашынянам будзе пастаўлены ультыматум
СЦЯПАН ГРЫГАРАН

Урэшце Ерэван выйдзе з АДКБ.

Прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян адмовіўся ехаць на так званую інаўгурацыю Пуціна, на парад Перамогі ён таксама не застанецца. Сёння ж кіраўнік армянскага ўрада адправіўся ў Маскву на саміт ЕАЭС. Расейскія СМІ пішуць, што там ён сустрэнецца з Пуціным і ў іх адбудзецца складаная размова.

Які фон у гэтай паездкі? Пра гэта сайт Charter97.org паразмаўляў з адным з лідараў дэмакратычнага руху ў Арменіі ў 1990-х гадах, былым дэпутатам Вярхоўнага Савета рэспублікі і экс-амбасадарам Арменіі ў Расеі Сцяпанам Грыгаранам:

- Думаю, што добра, што Пашынян не паехаў на інаўгурацыю. Было б дзіўна, што краіна, якая ідзе па шляху да дэмакратыі, павіншавала Пуціна з перамогай на так званых выбарах. Таксама зусім недарэчная яго прысутнасць на парадзе ў гонар Дня Перамогі.

Арменія зараз старшынюе ў Еўразійскім эканамічным саюзе, таму Пашынян едзе на гэты саміт. Маё меркаванне такое, што і туды не трэба было ехаць - там няма для нас месца. Навошта? Але ўрад пастанавіў, што сёння, 8 траўня, Пашынян выступіць на саміце ў гонар дзесяцігоддзя ЕАЭС.

Адразу пасля гэтага будзе сустрэча з Пуціным. Ну, што ад яе чакаць? Вось у Пуціна ёсць такі памочнік Ушакоў, які на днях расказаў, якія пытанні будуць галоўнымі. Адное з іх будзе тычыцца супрацоўніцтва Арменіі з NATO, будуць пытанні аб інтэграцыйных працэсах з Еўрапейскім звязам. Як выказаўся Ушакоў, па ўсіх гэтых пытаннях будуць расстаўленыя кропкі над "i". Пуцін будзе патрабаваць ад Пашыняна адмовы ад супрацоўніцтва з NATO і ЕЗ. Гэта было сказана наўпрост, а не мая інтэрпрэтацыя слоў Ушакова.

У парадку дня таксама будзе пытанне нашага ўдзелу ў АДКБ, там Арменія ўжо перастала плаціць унёскі, мы ж летась замарозілі наш удзел ва ўсіх мерапрыемствах гэтай арганізацыі без выключэння. І Ушакоў сказаў, што Пуцін будзе абмяркоўваць і гэты момант. Расея будзе яшчэ ціснуць у пытанні АДКБ. Перад Ніколам Пашынянам будзе пастаўлены ультыматум: ты ці тут, ці там. Я так разумею заявы Ушакова.

Што да армянскага боку, нашы не гавораць, што менавіта будуць абмяркоўваць. Ёсць заявы, што ёсць шмат праблем і пытанняў, звязаных з армяна-расейскімі дычыненнямі, і яны будуць абмяркоўвацца. Як я разумею, Пашынян едзе з такой надзеяй, што Расея крыху змякчыць сваю праазербайджанскую палітыку, перагледзіць акцэнты. Зразумела, што выніку такога ён не атрымае, безвынікова з'ездзіць. Але чалавек хоча паехаць — няхай едзе, пабачым.

- Пашынян перад паездкай казаў аб магчымым закрыцці расейскіх тэлеканалаў, якія парушаюць заканадаўства Арменіі. Якія яшчэ практычныя крокі ў разрыве з Расеяй можа зрабіць Ерэван?

- Думаю, што затрымка з выхадам з АДКБ - гэта сур'ёзная памылка. У нас не бывае і дня, каб нехта з афіцыйных асоб не крытыкаваў Арганізацыю дамовы аб калектыўнай бяспецы. Ну што гэта такое, калі ты ўвесь час крытыкуеш арганізацыю, але адначасова з гэтым застаешся ў ёй? Гэта вельмі сур'ёзная памылка.

Тое ж самае і тэлевізіяй - іх паводзіны ў дачыненні да Арменіі, армянскага народа і ўладаў краіны, літаральна зневажальныя для нас. Яны розныя перадачы здымаюць, прысвечаныя Арменіі і сітуацыі на Каўказе, дзе нас абражаюць. І гэта не адзін раз, ні пяць разоў, ні нават дваццаць пяць разоў.

Так, Нікол Пашынян кажа, што калі яшчэ адзін выпадак будзе, то мы вас закрыем, але неяк людзі ўжо перастаюць верыць, што ён будзе рабіць канкрэтныя крокі. Увесь час ідуць гэтыя заявы, але канкрэтныя крокі не робяцца. Таму ён выступіў і сказаў, што мы дакладна закрыем расейскія каналы, але ў мяне не склалася ўражанне, што ў грамадстве гэта ўспрынялі сур'ёзна.

З АДКБ тая самая гісторыя - крытыка ідзе літаральна кожны дзень, кожны дзень у самых розных фарматах або старшыня парламента, або Нікал Пашынян, або міністр замежных спраў крытыкуюць арганізацыю. Але мы не выходзім з АДКБ. Ёсць асцярогі ў грамадстве, што гэта толькі размовы. Думаю, што ўрэшце нашыя выйдуць з АДКБ і закрыюць расейскую тэлевізію.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках