20 траўня 2024, панядзелак, 2:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларуска выйграла бясплатны тур на алімпійскі марафон у Парыжы

1
Беларуска выйграла бясплатны тур на алімпійскі марафон у Парыжы

"Гэта здавалася нерэальным".

Тры гады чэленджаў і тысячы кіламетраў давялося пераадолець беларусцы Віце, каб атрымаць бясплатны тур на алімпійскі марафон у Парыжы. Дзяўчына ўвайшла ў лік 20 тысяч удзельнікаў з усяго свету, якія ўначы 10 жніўня 2024 года прабягуць "Марафон для ўсіх" у Парыжы, піша MOST.

Віта родам з Беларусі, апошнія два гады яна жыве ў Польшчы. Амаль сем гадоў дзяўчына займаецца бегам на аматарскім узроўні. Яна рэгулярна трэніруецца і ўдзельнічае ў спаборніцтвах у розных краінах, бегае нават ультрамарафоны – дыстанцыі, большыя за 42 кіламетраў.

Ідэя прабегчы марафон у Парыжы падчас Алімпіяды з'явілася ў Віты яшчэ напрыканцы 2020 года, калі арганізатары абвясцілі аб такой магчымасці. Кожны ахвочы мог узяць удзел і, выканаўшы пэўныя ўмовы, атрымаць тур на марафон у Парыжы. Гэтым і скарысталася Віта.

- Трэба было зарэгістравацца на сайце і сабраць 100 тысяч пунктаў за свае актыўнасці. У залік ішоў не толькі бег, але і роварныя заезды і нават шпацыры. За розныя тыпы трэніровак налічвалася розная колькасць пунктаў. У канцы 2023 ці ў пачатку 2024 года быў розыгрыш слотаў сярод тых, хто сабраў гэтыя 100 тысяч пунктаў. Але гэта толькі адзін шлях, праз які можна было атрымаць тур.

Таксама арганізатары марафону запусцілі дадатак з чэленджамі, дзе трэба было выконваць розныя ўмовы. Напрыклад, прабегчы пяць кіламетраў менш чым за 25 хвілін, набегаць 42 кіламетры за тыдзень. Або, напрыклад, выйсці на прабежку ў прамежак часу з 09:00 да 12:00 і прабегчы 10 кіламетраў.

- Я практычна ўсюды ўдзельнічала. Першапачаткова разыгрывалася вельмі мала слотаў, максімум па 10 штук, але бліжэй да марафону колькасць узрастала. Так, толькі ў адным чэленджы 100 дзяўчат і 100 хлопцаў маглі атрымаць свой шчаслівы квіток, гэта значыць, шанцы значна ўзрасталі.

У ліпені 2023 года беларуска атрымала e-mail, у якім паведамлялася, што яна перамагла ў стартавым пакеце. Спачатку Віта падумала, што гэта спам: яна не разумее французскую, на якой быў напісаны ліст.

- Але, праверыўшы адрас адпраўніка і перавёўшы тэкст, я зразумела, што сапраўды атрымала запаветны тур у Парыж. Праз паўгода прыйшло яшчэ адно пацвярджэнне, дзе трэба было дадаткова запоўніць асабовыя звесткі і азнаёміцца з усімі ўмовамі і падрабязнасцямі ад арганізатараў. Канешне, мне вельмі хацелася атрымаць слот, але чамусьці гэта ўсё ж здавалася нерэальным. Я ніколі раней не была ў Парыжы, і такая паездка сапраўды запомніцца на вельмі доўгі час.

Віта кажа, што зараз вельмі ўсхваляваная, але спадзяецца добра падрыхтавацца да старту ў Парыжы, бо ён, вядома, будзе не з простых. Траса забегу вядзе з Парыжа ў Версаль і назад. На дыстанцыі будзе больш за 400 метраў набору вышыні. Для гарадскога марафону гэта сапраўды шмат. Напрыклад, на берлінскім марафоне, дзе часта ўстанаўліваюць сусветныя рэкорды, набор вышыні складае менш за 100 метраў.

Пасля Парыжа Віта хоча патрапіць на Чыкажскі марафон, які ўваходзіць у спіс шасці найбольш папулярных у аматараў мэйджар-марафонаў. Сёлета ён адбудзецца 13 кастрычніка. У Віты ўжо ёсць стартавы слот.

- Каб атрымаць слот на гэты марафон, таксама трэба было выйграць латарэю. І я вельмі хачу туды паляцець, але фінансавыя і візавыя пытанні яшчэ адкрытыя.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках