|
|
||||||||||||||||||||
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Вакханалія на могілках продкаў 11:09, 12/11/2001 ![]() Супрацьстаяньне абаронцаў Курапатаў супрацоўнікам АМАПу працягваецца. Напрацягу чатырох апошніх тыдняў на месца пахаваньня ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў акрамя актывістаў руху ЗУБР разам з прадстаўнікамі іншых маладзёвых арганізацыяў, якiя вось ужо два месяцы ахоўваюць магілы продкаў, прыходзілі дзесяткі, сотні менчукоў, якія былі абураныя барбарствам уладаў, што аддалі загад правесьці праз Курапаты Менскую кальцавую аўтадарогу. У адказ улады кінулі на людзей АМАП. Самае жорсткае зьбіцьцё людзей адбылося ў Курапатах 8 лістапада. Больш за 200 амапаўцаў зьбівалі старых, жанчын, падлеткаў гумавымі дубінкамі, валакі па зямлі, валілі тварам ў гразь, білі нагамі... Да абаронцаў Курапатаў прымяняўся сьлёзатачывы газ. Той дзень пачаўся з таго, што АМАП акружыў абаронцаў сьвятога месца шчыльным колам, а бульдозер пачаў ламіць крыжы, якія абаронцы Курапатаў ставілі ва ўрочашчы два месяцы і наіўна меркавалі, што крыж можа спыніць міліцыю і бульдозеры. Крыжы ламілі амапаўцы й людзі ў штацкім. Актывіст ЗУБРА Яраслаў Стэшык спрабаваў абараніць крыж уласным целам. На яго накінулася шэсьць супрацоўнікаў міліцыі, якія зламілі крыж і адрывалі Стэшыка ўжо са зламанага крыжа. Хлопца адразу зьвезьлі ва ўчастак. Быў затрыманы і актывіст КХП БНФ Юхо. Пасьля гэтага самазвалы пачалі падвозіць пясок, а бульдозеры засыпаць магілы. У адказ на гэты вандалізм паўтары сотні зуброў і маладафронтаўцаў перакрылі дарогу і пачалі скандзіраваць “Жыве Беларусь!”. Да іх далучыліся жыхары мікрараёну Зялёны Луг. Амапаўцы выйшлі на дарогу і, агаліўшы дубінкі, накінуліся на людзей. Дзейнічалі яны як фышысты. Манкурты ня бачылі розьніцы паміж хлопцамі й дзяўчатамі, паміж дзецьмі й дарослымі. Тых, хто падаў зьбівалі нагамі й дубінкамі. А тых, хто заставаўся на нагах, скідалі ў кювет. Тым не менш, некалькі чалавек працягвалі перакрываць дарогу і скандзіраваць – “Фашысты!” Тады супраць дэманстрантаў быў прыменены сьлёзатачывы газ “Чаромха”. Двое ўдзельнікаў руху ЗУБР - хлопец і дзяўчына - былі дастаўленыя ў шпіталь. Была зьбіта журналістка Наталля Радзіна і каардынатар Хартыі’97 Зьміцер Бандарэнка. Затрыманыя Аляксандар Атрошчанкаў і Юры Фабішэўскі, а таксама актывіст КХП БНФ Яўген Кійко. Усіх даставілі ў РАУС Менскага раёну, дзе склалі пратаколы па артыкулах 166 і 167 ч.1 КаАП (непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі і парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў). Каля 150 зуброў сабраліся ў Курапатах і на наступны дзень. Пабачыўшы, што працы па будаўніцтву МКАД, спыненыя ўчора, узнавіліся, зубры паспрабавалі перакрыць дарогу. Імгненна падбегла каля пяцідзесяці амапаўцаў і сталі адсоўваць людзей з праезджай часткі. Былі ўчыненыя спробы затрымаць некалькі чалавек, але большасьць усё ж у АМАП адбілі. Быў затрыманы толькі актывіст руху ЗУБР Яраслаў Стэшык. Каб пазьбегнуць далейшых канфліктаў, зубры збочылі. Там яны сталі ў шэраг і, нягледзячы на спробы АМАПу спіхнуць іх у кювет, каля гадзіны пікетавалі будаўнічыя працы. У той самы дзень супрацоўнікамі АМАП было затрымана каля дзесятку прадстаўнікоў Маладога Фронту і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ, якія прыбылі на месца будаўніцтва аўтадарогі за некалькі гадзінаў раней чым ЗУБР. Арышты ў гэты дзень працягваліся ня толькі ў Курапатах. Каля двух дзясяткаў чалавек з месца пахаваньня адразу накіраваліся ў апорны пункт міліцыі, куды быў дастаўлены Яраслаў Стэшык. Там зубры мелі намер дачакацца вызваленьня свайго сябра. Але праз гадзіну ў апорны пункт прыехаў начальнік РАУС Савецкага раёну Менску Бусло, і аддаў загад затрымаць усіх, хто стаяў ля ўчастку. Такім чынам, у апорным пункце міліцыі па вул. Мірашнічэнкі,51, аказалася 23 чалавекі. Сярод затрыманых быў і прадстаўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” Андрэй Ягораў. Як сьведчаць удзельнікі руху ЗУБР, якія знаходзіліся ў апорным пункце, амапаўцы зьбівалі затрыманых ва ўрочышчы Яраслава Стэшыка і Юры Фабішэўскага. Супрацоўнік АМАП зь мянушкаю Хаттаб біў нагамі па галаве, а таксама наносіў удары ў сонечнае спляценьне. Астатніх зуброў, затрыманых толькі за жаданьне падтрымаць свайго таварыша, абвінавачваюць ў непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі. На ўсіх складаюць пратаколы па арт.166 КаАП (непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі). Яраслаў Стэшык і Юры Фабішэўскі былі дастаўленыя ў суд Савецкага раёну, аднак разгляд іхняй справы быў перанесены на аўтрак. У памяшканьні апоранага пункту работнікі міліцыі правялі асабісты дагляд прадстаўніка праваабарончага цэнтра “Вясна” Андрэя Ягорава, нягледзячы на ягоныя пярэчаньні. Па словах вызваленых зуброў, работнікі міліцыі паводзілі сябе карэктна і ветліва з затрыманыім да таго часу, пакуль не прыехаў нам.начальніка РАУС Савецкага раёну Зеневіч. Ён пачаў абражаць затрыманых, паводзіў сябе агрэсіўна і надзвычай груба. З начальніка ўзялі прыклад некаторыя іншыя супрацоўнікі апорнага пункту і амапАўцы. Усе затрыманыя ў гэты дзень зубры былі вызваленыя позна ўвечары, нягледзячы на тое, што для разьбіральніцтва міліцыі паводле закона адводзіцца ўсяго тры гадзіны. У суботу, 10 верасьня, удзельнікі руху ЗУБР зноў прыйшлі ў Курапаты. На гэты раз каля ста зуброў стаялі ў коле міліцыі і АМАПу і трымалі ў руках запаленыя сьвечкі. Зубры і маладафронтаўцы зноў усталёўвалі ва ўрочашчы крыжы, прыбіралі тэрыторыю. Сьвятар беларускай аўтакефальнай царквы правёў малебен. Усё гэта адбывалася пад наглядам міліцыі і АМАПу, перад якім стаяла задача не прапускаць людзей на дарогу, дзе ў гэты час грымелі бульдозеры, і актыўна йшло будаўніцтва МКАД. У Курапаты ў гэты дзень прыбыў сам начальнік менскага АМАПу Юры Падабед, якому актывістка руху ЗУБР Дар’я Радкевіч спрабавала падараваць (у гэты дзень беларуская міліцыя па звычцы адзначала Дзень савецкай міліцыі) кнігу аб Курапатах, у якой спэцыялістамі была апісаная гістарычная значнасьць гэтага месца. Але прадстаўнічы Падабед, які да гэта хадзіў уздоўж абаронцаў Курапат з гордым і незалежным выглядам, проста збег. Адвярнуўшыся ад хрупкай, сымпатычнай дзяўчыны, ён зьбег ў кусты...
|