Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Ліга правоў чалавека пратэстуе супраць закрыцьця “Пагоні” 11:06, 14/11/2001
Міжнародная ліга правоў чалавека з пратэстам супраць закрыцьця газэты “Пагоня”. Выканаўчы дырэктар Міжнароднай лігі правоў чалавека Кэтрын Фіцпатрык накіравала ліст да Аляксандра Лукашэнкі. “Ліга занепакоеная тым, што закрыцьцё “Пагоні” – гэта выкананьне папярэджаньня прэзыдэнта Лукашэнкі, якое ён агучыў перад выбарамі 9 верасьня 2001 году “разабрацца з незалежнай прэсай пасьля выбараў”. Гэтае абяцаньне супярэчыць афіцыйнай плятформе, якая сцьвярджае, што “кожны чалавека мае права на ўласнае меркаваньне, і ён таксама мае права выказваць яго свабодна і без абмежаваньняў”, што адпавядае артыкулу 19 Міжнароднай Канвенцыі па грамадзянскіх і палітычных правох”, -- гаворыцца ў лісьце. Тэкст ліста прыводзіцца цалкам:
“Паважаны спадар Лукашэнка,
Міжнародная ліга правоў чалавека, міжнародная няўрадавая арганізацыя па абароне правоў чалавека з кансультатыўным статусам у ECOSOC UN (Эканамічнай і сацыяльнай радзе пры ААН) выказвае занепакоенасьць адносна закрыцьця газэты “Пагоня”, аднаго з першых незалежных выданьняў у Беларусі.
Напачатку верасьня 2001 г. пракуратура Гародні ўзбудзіла справу супраць газэты і канфіскавала ўвесь наклад. Хоць пракуратура заяўляе, што падставаю для закрыцьця газэты сталі шматлікія парушэньні Закону аб Друку, раней газэта атрымала толькі адно афіцыйнае папярэджаньне за публікацыю закліка незарэгістраванай недзяржаўнай арганізацыі. Міністэрства iнфармацыі, якое надрукаавла пастанову, пасьля адазвала яго. Відавочна, прымаючы на ўвагу тое, што выданьне можа стаць закрытым толькі пасьля двух афіцыйных папярэджаньняў, пракуратура Гародні вынесла другое папярэджаньне за публікацыю матэрыялаў, якія нібы абражаюць прэзыдэнта Лукашэнку. Па тых самых абвінавачваньнях, якія былі высунутыя супраць газэты ў першы раз, Вышэйшы гаспадарчы суд Беларусі падтрымаў другое папярэджаньне пасьля таго, як галоўны рэдактар газэты “Пагоня” Мікалай Маркевіч аспрэчыў яго, і вынес рашэньне закрыць газэту, нягледзячы на няскончанае крымінальнае расьсьледаваньне і адсутнасць рашэньня суда.
Лігу непакоіць і тое, што закрыцьцё “Пагоні” -- гэта выкананьне папярэджаньня прэзыдэнта Лукашэнкі, якое ён агучыў перад выбарамі 9 верасьня 2001 году “разобраться с независимой прессой после выборов”. Гэтае абяцаньне супярэчыць афіцыйнай плятформе, якая сцьвярджае, што “кожны чалавек мае права на ўласнае меркаваньне, і ён таксама мае права выказваць яго свабодна і без абмежаваньняў”, што адпавядае артыкулу 19 Міжнароднай Канвенцыі па грамадзянскіх і палітычных правох. Мы заклікаем вас выкарыстаць уладу вашага апарату і дазволіць “Пагоні” і іншым незалежным сродкам масавай інфармацыі працаваць свабодна і без страху перасьледу, і такім чынам, паважаць падпісаныя Беларусьсю міжнародныя абавязацельствы па свабодзе слова.