Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
“Вольны горад” зноў пад сьледзтвам 11:11, 14/11/2001
Рашэньнем ад 22 кастрычніка гэтага году выконваючы абавязкі Крычаўскага міжрайпракурора А.Міхневіч узнавіў крымінальную справу адносна журналістаў крычаўскага незарэгістраванага выданьня “Вольны горад”. Журналісты выданьня даведаліся пра гэта толькі ў канцы мінулага тыдня, калі іх зноў пачалі выклікаць на допыты.
Справа на Вадзіма Сефаненка, Сяргея Няроўнага і Мікалая Маторанка была заведзена яшчэ ў ліпені. Тады вышэйзгаданыя журналісты падазраваліся ў незаконным пазбаўленьні (артыкул 183 п.1 КК РБ) супрацоўніка аддзелу па барацьбе з эканамічнай злачыннасьцю Крычаўскага РУУС лейтынанта міліцыі Рыбчынскага волі. Самі падазроныя зьвязалі інцыдэнт з уладаю сваёй прадвабарчай актыўнасьцю. Пацьверджаньнем таму могуць служыць і канфіскацыі накладаў “Вольнага гораду”, і спробы канфіскацыі кампутарнай тэхнікі (у час апошняй з іх для пранікненьня ў офіс будынка міліцыянты выкарыстоўвалі ломы), і беспадстаўныя затрыманьні супрацоўнікаў газэты. Як лічаць журналісты, былі ўсе падставы казаць аб пэўнай сыстэмнасьці ў настойлівым жаданьні крычаўскай “вертыкалі” спыніць выпуск “Вольнага гораду” і абмежаваць грамадзкую актыўнасьць членаў рэдакцыі.
Але 12 кастрычніка было прынятае рашэньне аб спыненьні справы з фармулёўкай “з-за адсутнасьці складу злачынства”. Журналісты “Вольнага гораду” падрыхтавалі неабходныя дакумэнты для звароту ў суд, запатрабаваўшы кампенсацыю Крычаўскім РУУС маральнай страты. Пасьля гэтага в.а. Крычаўскага міжрайпракурора палічыў закрыцьцё справы незаконным і ўзнавіў па ім сьледзтва. Зараз “Вольным горадам” займаецца ўжо ня просты сьледчы, а намесьнік начальнiка раённага аддзяленьня ўнутраных справаў па дазнаньні падпалкоўнік Ігар Вульвач.