Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Сьведкі пацьвярджаюць аб удзеле Ігнатовіча ў забойствах 11:08, 27/12/2001
Сьведчаньні “засакрэчаных” сьведкаў даказваюць удзел Ігнатовіча й ягоных паплечнікаў у шматлікіх забойствах беларускіх грамадзянаў. Нагадаем, што ў Менскім абласным судзе працягваецца працэс над былым спэцназаўцам Валерыям Ігнатовічам, якога акрамя іншага, абвінавачваюць у выкраданьні ў ліпені мінулага году аператара ГРТ Зьмітра Завадзкага. Гэты эпізод ужо разглядаўся ў судзе, але, згодна крыніцам, да гэтага часу няма пэўных адказаў на пытаньні, што насамрэч здарылася з Завадзкім і дзе ён зараз знаходзіцца. Затое хапае доказаў у зьдзяйсненьні групоўкаю Ігнатовіча іншых злачынстваў і сьведчаньняў пра ягоныя шчыльныя сувязі зь беларускімі спэцслужбамі.
Як паведамляе Радыё Свабода, на думку адвакатаў пацярпелых, гэтыя сьведчаньні могуць стаць падставаю для новага расьсьледаваньня справы аб зьнікненьні ягоных падзельнікаў.
А пакуль у судзе дапытваюць сьведкаў забойстваў і нападаў на іншых грамадзянаў Беларусі. Прычым у ліку тых, хто дае сьведчаньні, зноў ёсьць “засакрэчаныя асобы”. Гэта людзі, якія пагадзіліся выступіць у судзе пры ўмове, што там ня будзе Ігнатовіча.
Учора, адзін з такіх сьведак, які сам адбывае тэрмін, распавёў у судзе аб тым, як групоўка Ігнатовіча абыходзілася з захопленымі людзьмі. Згодна крыніцаў, у судзе гучалі жахлівыя сьведчаньні. Адвакаты не выключаюць, што так зьвярталіся і з Завадзкім.
Прычым некаторыя лічаць, што мэтадам абыходжаньня з людзьмі Ігнатовіч навучыўся падчас знаходжаньня або ў Чачэніі, або ў нейкіх адмысловых навучальных цэнтрах спэцслужбаў Расеі ці Беларусі, у прыватнасьці, гэта стала вядома са сьведчаньняў чарговага засакрэчанага сьведкі, які заявіў, што почырк групоўкі Ігнатовіча больш нагадвае дзеяньні спэцназу, чым звычайных крымінальнікаў.