Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
На салігорскіх буйных прадпрыемствах прайшла папераджальная забастоўка 11:08, 04/02/2002
У Салігорску на буйных дзяржаўных прадпрыемствах “Унівэрсал”, “Купалінка”, “Калінка”, у будаўнічых арганізацыях, мэдычных установах і ўстановах адукацыі 1 лютага з 12.00 да 12.05 адбылася папераджальная забастоўка супраць парушэньняў уладамі прафсаюзных правоў. Гарнякі вытворчага аб’яднаньня “Белауськалій” у забастоўцы ўдзелу не прымалі.
Старшыня Салігорскага гарадзкога стачкаму й Беларускага незалежнага прафсаюзу Віктар Бабед патлумачыў Радыё Свабода, што яшчэ 31 студзеня страйкавы камітэт заклікаў работнікаў “Беларуськалія” не прымаць удзелу ў забастоўцы. Прычына ў тым, што 30 студзеня Менскі абласны суд прызнаў незаконнай акцыю, за правядзеньне якой выказаліся ўдзельнікі мітынгу 11 студзеня, якія пратэставалі супраць вядомай сьнежаньскай пастановы Савету Міністраў, што зьліквідавала ранейшы парадак членскіх унёскаў праз завадзкія бугальтэрыі. У гэтай сытуацыі, адзначыў Бабаед, у выпадку забастоўкі ўлады мелі б усе юрыдычныя падставы жорстка пакараць прафсаюзныя арганізацыі “Беларуськалія”.
Аднак наёмныя работнікі астатніх буйных прадпрыемстваў, будаўнікі, настаўнікі й мэдыкі, паводле інфармацыі Бабаеда, правялі забастоўку, у якой прымалі ўдзел некалькі тысяч чалавек.
У той самы дзень прафкамы “Беларуськалія” завяршылі двухдзённыя перамовы з дырэкцыяй аб’яднаньня наконт захаваньня тых пунктаў калектыўнай дамовы, якія датычаць збору членскіх унёскаў праз бугальтэрыю. Аднак да згоды не прыйшлі. Зараз, са словаў Бабаеда, у шахцёрскіх прафсаюзных арганізацыях застаўся адзін аргумэнт – пачатак калектыўнай спрэчкі з адміністрацыяй. Што можа прывесьці да сапраўднай, а не сымбалічнай забастоўцы.