Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Не таго ўзялі? 11:21, 04/02/2002, «Белорусская газета»
Самы гучны арышт студзеня – заключэньне пад варту дырэктара Менскага трактарнага заводу Міхаіла Лявонава. Аб наяўнасьці доказаў віны ў парушэньні закону зараз ужо былым кіраўніком МТЗ адназначна заяўляюць і Рэспубліканская пракуратура, і Камітэт дзяржкантролю. Ці азначае гэта тое, што сьледзтва мае ўсе падставы казаць аб датычнасьці Лявонава да ажыцьцяўленьня фінансава-гаспадарчых зьдзелак, якія нанесьлі прадпрыемству ўрон на $4 млн. (Менавіта такая сума, як сьцьвярджае глава КДК Анатоль Тозік, у “справе Лявонава” праходзіць чырвоным радком)? “БГ” сталі вядомыя вынікі праверкі КДК зьнешнегандлёвых кантрактаў МТЗ. Пікантнасьць гэтых сьведчаньняў у тым, што згодна акту праверкі, які нібыта паслужыў падставаю для затрыманьня падазраванага, лёс Лявонава – адміністратыўная адказнасьць.
Такі максымум, які пагражае былому дырэктару МТЗ паводле гэтай даведцы. Магчыма, таму падчас папярэдняга сьледзтва ўжо зьявілася дадатковае абвінавачаньне ў хабары? Адказаць на гэтае пытаньне пакуль немагчыма, паколькі працэдура хабару дакумэнтальнага афармленьня не прадугледжвае, у адрозьненьні ад узаемаадносінаў суб’ектаў гаспадаркі, чым і скарыстаўся КДК. Скарыстаемся і мы.
Сутнасьць кантрактаў, пра якія тут ідзе размова, заключаецца ў тым, што Менскі трактарны завод для вытворчасьці трактараў у 1998-2000 гг. набываў камплектуючыя вырабы ў амэрыканскіх фірмах "T.F.A. Marketing L.L.C" и "GRO TRADING L.L.C." Моўны бар’ер ня стаў перашкодаю да заключэньня кантрактаў – асобамі амэрыканскага паходжаньня выступілі хлопцы з расейскімі прозьвішчамі: дырэктар "T.F.A. Marketing L.L.C" Дашэўскі І.Г. і дырэктар "GRO TRADING L.L.C." Манашыраў Б.Н. (ён прэзыдэнт "T.F.A. Marketing L.L.C.").
З боку МТЗ падпісантамі выступілі намесьнікі гендырэктара Літошыка І.В., Садоўскі В.В. Ўзгодненыя гэтыя кантракты з фінансавым дырэктарам ВА МТЗ Байко А.Ф. У адным з кантрактаў фігурыруе і прозьвішча Лявонава, які стаў аб’ектам прэтэнзыяў з боку праваахоўчых органаў.
Другая цікавая дэталь заключаных кантрактаў -- прадмет кантракту. Амэрыканскімі фірмамі была пастаўленая ўкраінская прадукцыя – шасьцярэнныя насосы вытворчасьці ААТ “Гідрасіла” (Кіраваград), а таксама прадукцыя Крэменчугскага колавага заводу. Але паколькі ў Крымінальным кодэксе няма прамых указаньняў на прадмет набыцьця ўкраінскіх тавараў ад амэрыканскіх фірмаў, што ўзначальваюцца хлопцамі з расейскімі прозьвішчамі, увага правяраючых КДК пала на кошты кантракту. Кошты, за якія трактарны завод набываў гэтую прадукцыю, амаль у два разы пераўзыходзілі адпускныя кошты заводаў. У прыватнасьці, крэменчугскія колы пры одпуску каштавалі па $16 і $58 за штуку, а кошт амэрыканскай фірмы на гэтыя ж колы складаў ужо больш за $30 і $123. Такая самая карціна вымалёўвалася і з пастаўкамі насосаў заводу “Гідрасіла” (перавышэньне кошту дасягнула 125%).
Такім чынам, набыцьцё незвычайных гідранасосаў абыйшлося МТЗ амаль у $2,7 млн., пералічаных на рахунак "TFA Marketing". Дадатковая выручка гэтай фірмы па дадзеным кантракце склала больш за $1,2 млн.
За ўкраінскія колы МТЗ выклаў больш за $5,3 млн. і тым самым пераплаціў каля $2,6 млн. Разьлікі ажыцьцяўляліся ў амэрыканскай валюце, якая, згодна ўмоваў кантрактаў, пералічвалася на рахункі фірмаў-пасярэднікаў у "Parex Bank". Розьніцу ў коштах па выніках праведзеных кантрактаў амаль у $4 млн. кантралёры расцанілі не як камэрцыйны пралік, а як наўмысна нанесены ўрон самому МТЗ.
Але ў акце праверкі КДК адзначана, што пры заключэньні й выкананьні згаданых кантрактаў былі дапушчаныя парушэньні не Крымінальнага кодэксу, а патрабаваньняў “Парадку заключэньня дамоваў на ВА “Менскі ордэнаў Леніна і Кастрычніцкай рэвалюцыі завод імя У.І.Леніна”, зацьверджанага гендырэктарам Лявонавым 12 чэрвеня 2000 г. Цытуем па даведцы КДК: “У парушэньне п.9.3 пры заключэньні дамоваў не рабіліся разьлікі эканамічнай эфектыўнасьці і не было дадзена заключэньне аб мэтазгоднасьці дадзеных паставак, у парушэньне п.9.13. структурны аддзел, які заключае дамову, не прыслаў да яго канкурэнтны ліст, завізіраваны бюро коштаў плянава-эканамічнага аддзелу”. Згодна п.9.13 згаданага палажэньня, “адказнасьць за ўзгадненьне пытаньняў па выбару контрагента, які падпісвае дамову й забесьпячэньне эканамічнай мэтазгоднасьці паставак па дадзенай дамове нясе структурны аддзел, які заключыў і рэалізоўваў дадзеную дамову, а за правільнасьць згаданых у дамовах коштаў – плянава-эканамічны аддзел”.
Адпаведна, адказнымі службовымі асобамі за дапушчаныя парушэньні зьяўляюцца намесьнік дырэктара па матэрыяльна-тэхнічнаму забесьпячэньню й камплектацыі Іван Літошка і начальнік плянава-эканамічнага аддзелу Натальля Каранец, якая ў адпаведнасьці з палажэньнем аб плянава-эканамічным аддзеле забясьпечвае кіраўніцтва працай па коштуутварэньню, і якая была арыштаваная яшчэ за месяц да арышту Лявонава.
Іншымі словамі, крымінальнай адказнасьці толькі за выкананьне дадзеных кантрактаў Лявонаў не нясе, што і пацьвярджаецца матэрыяламі праверкі КДК. А значыць, калі ёсьць ягоная віна ў нанясеньні прадпрыемству ўрону ў выніку ажыцьцяўленьня вышэйзгаданых зьдзелак, то яна ляжыць за межамі Крымінальнага кодэксу. Таму пазыцыя адваката Лявонава, які заяўляе аб невіноўнасьці свайго падабароннага, фармальна мае падставы. Але благую ролю ў лёсе Лявонава пакуль адыгрываюць не фармальныя прызнакі, а чыёйсьці асаблівае меркаваньне.
Што да самой Натальлі Каранец, то відавочна, што яна ў гэтай гісторыі проста “слабае зьвяно”, якое сьледзтва выкарыстоўвае ў інтарэсах працэсу дазнаньня. Менавіта Каранец несла адказнасьць за коштуутварэньне на МТЗ і ачольвала адпаведны аддзел. Але нават калі меркаваць, што меў месца банальны “адкат”, вопыт такога кшталту справаў сьведчыць: віну падазраванага даказаць амаль немагчыма, нават калі знойдзеныя дакумэнты, якія пацьвярджаюць наяўнасьць рахункаў, на якія рабіўся “адкат”, ці рахункі крэдытных картак. Дарэчы, швэйцарскі суд у аналягічных абставінах проста змучыўся, пакуль даказваў віну дзяржсакратара Паўла Барадзіна. Відавочна, што сьведчаньні Каранец -- гэта яшчэ не дакумэнт, што бяспрэчна пацьвярджае віну абвінавачанага ў судзе. Да таго ж наўрадці беларускае заканадаўства больш дасканалае за швэйцарскае, хаця працэсуальна магчыма і больш гібкае...