 | ПАЛIТЫКА |  |

Ута Цапф адмовілася прагназаваць рашэньне Сталага камітэту ПА АБСЭ адносна Беларусі 11:18, 05/02/2002

Кіраўнік працоўнай групы Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ па Беларусі Ута Цапф адмовілася даваць якія-небудзь прагнозы адносна таго, якое рашэньне па выніках ейнага візыту ў Менск можа быць прынятым адносна Беларусі на паседжаньні Сталага камітэту Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ 21 лютага ў Вене. “Нашая задача – толькі даць справаздачу, рашэньне будзе прымаць Сталы камітэт, - заявіла сп.Цапф на выніковай прэсавай канфэрэнцыі ў Менску 5 лютага. – Існуюць розныя меркаваньні сярод 55 краінаў, прадстаўленых у ПА АБСЭ, і таму прадугадаць вынікі галасаваньня – усё адно, што гадаць на каве”,- паведамляе БелаПАН. 
Пракуратура пагражае распачаць крымінальную справу супраць журналістаў “Пагоні” 11:17, 05/02/2002

Журналіста закрытай уладамі гарадзенскай незалежнай газэты “Пагоня” Паўла Мажэйку 4 лютага ў чарговы раз выклікалі ў пракуратуру Гарадзенскай вобласьці. Як паведамляе ПЦ “Вясна”, галоўным чынам сьледчага па асабліва важкіх справах Алега Калевіча цікавіла, дзе знаходзіцца рэдактар “Пагоні” Мікалай Маркевіч. У канцы допыту сьледчы ўручыў Паўлу Мажэйку позву на 14 лютага і папярэдзіў, што адносна яго будзе прад’яўленае абвінавачаньне ў крымінальным злачынстве. Паводле ягоных словаў, хутчэй за ўсё, журналіста абвінавацяць у парушэньні артыкула 367 Крымінальнага кодэксу РБ (паклёп у дачыненньні Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь). Ня выключана, што такое самае абвінавачаньне будзе прад’яўленае і адносна рэдактара “Пагоні” Мікалая Маркевіча. 
Лукашэнка па-ранейшаму незадаволены працай БЧ 11:16, 05/02/2002

Аляксандар Лукашэнка заявіў аб тым, што ён не задаволены становішчам справаў на Беларускай чыгунцы. Асноўнай прычынай такога становішча зьяўляецца “неэффективное и неудовлетворительное руководство отраслью, целый ряд руководителей дороги погрязли в злоупотреблениях и решали за счет государства свои личные проблемы”, аб чым заявіў беларускі лідэр 5 лютага на нарадзе з кіраўніцтвам Беларускай чыгункі. Паводле ягоных словаў, праведзеныя пракуратурай і Камітэтам дзяржкантролю праверкі арганізацыі БЧ выявілі “серьезнейшие упущения и даже преступные действия руководителей дороги”.
Ліцэнзаваньне прывядзе да закрыцьця незалежных дасьледчыцкіх цэнтраў 11:15, 05/02/2002

Увядзеньне ліцэнзаваньня сацыяльных дасьледаваньняў прывядзе да закрыцьця незалежных дасьледчыцкіх цэнтраў у Беларусі. Пра гэта ў інтэрвію БелаПАН заявіў кіраўнік Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў Алег Манаеў. Аб намерах увесьці ліцэнзаваньне сацыяльных дасьледаваньняў у Беларусі паведамляецца ў лісьце, накіраваным з Адміністрацыі прэзыдэнта ў навукова-дасьледчыцкія арганізацыі краіны – Беларускі дзяржаўны ўнівэрсітэт, Інстытут сацыялёгіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, беларускае таварыскае аб’яднаньне “Сацыялягічнае таварыства”. 
Культуру пераводзяць на самазабесьпячэньне 11:14, 05/02/2002

Віцэ-прэм’ер ураду Ўладзімер Дражын агучыў на калегіі Міністэрства культуры дырэктыву Аляксандра Лукашэнкі, які абавязаў установы культуры шукаць пазабюджэтныя крыніцы фінансаваньня з тым, каб павялічыць самаакупляемасьць з 10 да 30 адсоткаў. У якасьці прыкладу згадвалася Міністэрства адукацыі, дзе самаакупляемасьць дайшла ўжо да 36 адсоткаў. Паводле словаў Дражына, Міністэрства культуры прасіла ў дзяржавы на гэты год 17 млрд. рублёў, але атрымала пакуль толькі 2,5 млрд. 
Габрэі Беларусі абвінавацілі ўлады ў антысемітызме 11:13, 05/02/2002

Дзеяньне папраўкі Джэксана-Вэніка, уведзенай у 1974 годзе ў сувязі з дыскрымінацыяй габрэяў у СССР, павінна распаўсюджвацца і на сёньняшнюю Беларусь. Пра гэта заявіў кіраўнік Сусьветнай арганізацыі беларускіх габрэяў Якаў Гутман. 
“Культуры” і “Мастацтва” ў Беларусі ня будзе 11:12, 05/02/2002

У Міністэрстве культуры прынятае рашэньне аб’яднаць часопіс “Мастацтва” і газэту “Культура”. Як сьцьвярджае Радыё Свабода, робіцца гэта дзеля скарачэньня выдаткаў і ўзмацненьня кантролю над выданьнямі. Мяркуецца, што кіраваць новым холдынгам пад назовам “КіМ” будзе Ліліана Анцух, а сёньняшнія рэдактары часопісу й газэты Аляксей Дудараў і Людміла Крушынская стануць ейнымі намесьнікамі. Чакаецца значнае скарачэньне штатаў у абодвух выданьнях. 
“Газпром” ня вызначыўся 11:11, 05/02/2002

Расейскі віцэ-прэм’ер Віктар Хрысьценка заявіў, што на паседжаньні рады дырэктараў ААТ “Газпром” не абмяркоўвалася адмова ад праекту будаўніцтва газапроваду ў абход Украіны праз тэрыторыю Польшчы. Віктар Хрысьценка, які зьяўляецца членам рады дырэктараў кампаніі, заявіў аб гэтым у інтэрвію інфармацыйнаму агенцтву “Новости”. Раней паведамлялася, што другі член рады дырэктараў “Газпрома”, Барыс Фёдараў, падчас тэлефоннай канфэрэнцыі з інвэстарамі, сьцьвярджаў, што рада дырэктараў нібыта прыняла рашэньне адмовіцца ад праекту будаўніцтва газапроваду ў абход Украіны па тэрыторыі Польшчы. 
Беларускія прадпрыемствы не акцыянуюцца 11:10, 05/02/2002

Летась беларускі ўрад плянаваў рэфармаваньне 150 прадпрыемстваў рэспубліканскай уласнасьці. На 122 прадпрыемствах працоўныя калектывы адмовіліся мяняць статус прадпрыемстваў. На базе 23 прадпрыемстваў рэспубліканскай уласнасьці створаныя акцыянэрныя таварыствы, 4 арэндныя прадпрыемствы пераўтвораныя ў адкрытыя акцыянэрныя таварыствы, а 18 прадпрыемстваў вярнулі арэндаваную дзяржмаёмасьць арэндадаўцам. У рэспубліканскай уласнасьці зараз засталося 22 арэндныя прадпрыемствы, прычым у 10 зь іх тэрміны дамоваў арэнды ўжо сышлі. 
Вярхоўная Рада Ўкраіны патрабуе распачаць крымінальную справу адносна Кучмы 11:09, 05/02/2002

Украінскі парлямэнт у аўторак падтрымаў дэпутацкі запыт да генэральнага пракурора адносна прэзыдэнта Ўкраіны Леаніда Кучмы, былога міністра Анатоля Лобава й народнага дэпутата Яфіма Зьвягільскага. 
Заклік Эўрапарлямэнту аб расьсьледаваньні зьнікненьняў апазыцыянэраў застаўся без адказу 11:08, 05/02/2002

Старшыня дэлегацыі Эўрапарлямэнту па Беларусі, Украіне й Малдове Ян Віерсма й ягоныя намесьнікі – Ленарт Сакрэдэус і Элізабэт Шрэдтэр – даслалі адказ на зварот у гэтую эўрапейскую структуру жонак рэпрэсаваных беларускіх палітыкаў – Людмілы Карпенкі, Ірыны Красоўскай, Сьвятланы Завадзкай, Вольгі Захаранкі, Зінаіды Ганчар, Тацяны Клімавай. “Мы б хацелі запэўніць Вас, -- гаворыцца ў лісьце дэпутатаў Эўрапарлямэнту, -- што будзем працягваць выказваць наш занепакой адносна лёсу Вашых мужоў і адносна парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі. На жаль, мы не атрымалі адказу на наш ліст да сп.Лукашэнкі, і мы таксама накіруем яму копію гэтага ліста. Вы будзеце ведаць, што Эўрапейскі Парлямэнт надае большую важкасьць разьвіцьцю фундамэтальных каштоўнасьцяў свабоды, дэмакратыі і ўлады закону. Мы маем намер аказваць гэты ўціск на ўрад Беларусі і надалей, і мы будзем падтрымліваць кантакты з Вамі і з усімі іншымі, і працаваць на тое, каб адбыліся зьмены ў Вашай краіне”.
Дэлегацыя ПА АБСЭ настойвае на прысутнасьці ў Менску КНГ АБСЭ 11:07, 05/02/2002

Няпэўнасьць мандату Кансультатыўна-назіральнае групы АБСЭ ў Беларусі – асноўная праблема ва ўзаемаадносінах краіны з эўрапейскімі структурамі. Пра гэта 4 лютага ў Менску на сустрэчы з кіраўніцтвам “савету рэспублікі” заявіла кіраўнік адмысловай працоўнай групы па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Ута Цапф. “ Пераемнік спадара Віка на пасадзе кіраўніка місіі гатовы прыступіць да працы, але абмеркаваньне будучыні місіі – гэта ня толькі пытаньне акрэдытацыі Эбэрхарда Хайкэна, але і абмеркаваньне мандату КНГ, -- адзначыла спадарыня Цапф. – Я лічу, што гэта першая праблема, якую неабходна вырашыць, перш чым казаць аб інтэграцыі Беларусі ў эўрапейскую супольнасьць і пашырэньне дыялёгу”.
"FRANKFURTER ALLGEMEINE": адносіны Беларусі з Захадам нагадваюць “халодную вайну” 11:06, 05/02/2002

“Пасьля элегантнай перамогі на выбарах Лукашэнка пачаў генэральную прыборку”, -- так назваў свой артыкул Маркус Венэр, маскоўскі карэспандэнт “Frankfurter Allgemeine”, які першым з эўрапейскіх журналістаў паведаміў чытачам аб існаваньні ў Беларусі “эскадронаў сьмерці”. Як піша журналіст, за чатыры апошнія месяцы беларускі дыктатар робіць усё, што яму прыйдзе ў галаву: саджае за краты кіраўнікоў буйных прадпрыемстваў, імкнецца нават “зачысьціць” місію АБСЭ ў Менску. Паводле словаў старшыні парлямэнцкай працоўнай групы АБСЭ Уты Цапф, усе гэтыя ўчынкі сьведчаць аб верагоднасьці абвастрэньня адносінаў паміж Захадам і Беларусяй. Сама сытуацыя, па сутнасьці, нагадвае “халодную вайну”. 
”Газпром” "кінуў" Беларусь 11:05, 05/02/2002

Рада дырэктараў ААТ “Газпром” на паседжаньні ў панядзелак прыняла рашэньне павялічыць магутнасьць газапроваду “Ямал-Эўропа” і адмовілася ад праекту будаўніцтва газапроваду ў абход Украіны па тэрыторыі Польшчы. Аб гэтым, як перадае “Интерфакс”, паведаміў падчас тэлефоннай канфэрэнцыі з інвэстарамі сябра рады дырэктараў “Газпрома” Барыс Фёдараў. 
Нямецкія прафсаюзы выказваюць пратэст пазбаўленьню прафсаюзаў фінансаваньня 11:04, 05/02/2002

Прэзыдэнт прафсаюзу металістаў Нямеччыны Клаус Цвікель накіраваў ліст да Аляксандра Лукашэнкі, у якім гаворыцца наступнае: “Ад імя прафсаюзу IG Metall выказваю пратэст супраць умяшальніцтва дзяржавы ў дзейнасьць прафсаюзаў Рэспублікі Беларусь, і, у прыватнасьці, супраць новых спробаў пазбаўленьня беларускіх прафсаюзаў іх фінансавай асновы. Зьмена сыстэмы збору прафсаюзных членскіх унёскаў у нашым разуменьні зьяўляецца элементам палітычнай стратэгіі па аслабленьні прафсаюзаў. Мы будзем сачыць за далейшым разьвіцьцём падзеяў у Рэспубліцы Беларусь, і будзем інфармаваць свой урад, камісію Эўразьвязу і Міжнароднай арганізацыі працы аб любых антыпрафсаюзных дзеяньнях беларускіх уладаў”.
Гомельскі хімічны завод прастойвае чацьвёрты месяц 11:03, 05/02/2002, www.praca.by

Спад плацежаздольнага попыту сельскагаспадарчых спажыўцоў рэспублікі, пычынаючы з ІV кварталю мінулага году, прывёў да рэзкага зьніжэньня выпуску й пастаўкі на ўнутраны рынак фосфарных угнаеньняў, а затым і да спыненьня вытворчасьці дадзеных угнаеньняў. З-за незапатрабаванасьці на ўнутраным рынку Беларусі фосфарных угнаеньняў, завод ня здолеў забясьпечыць своечасовыя разьлікі за асноўную сыравіну (апаціт), што завозіцца па імпарту з Расеі, што прывяло да зрыву ягоных рытмічных паставак. Паводле дадзеных расейскага ААТ “Апатит”, пазыка Гомельскага хімзаводу за адгружаную яму сыравіну складае больш за $2,7 млн. У той самы час запазычанасьць спажыўцоў за адгружаныя фосфарныя ўгнаеньні па стану на 25 студзеня склала каля 1 млрд. рублёў. 
Сто трактараў у абмен на семянную кукурузу 11:02, 05/02/2002

Афіцыйны візыт у Малдову прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі адбудзецца ў канцы лютага. Як паведамілі карэспандэнту "ИНТЕРЛИК" у амбасадзе Рэспублікі Беларусь у Кішэнёве, дакладная дата ягонага прыезду ў Малдову будзе вызначаная да канца гэтага тыдня. Плянуецца, што ў Кішэнёве Ўладзімер Варонін і Аляксандар Лукашэнка абмяркуюць шырокі спэктар пытаньняў, датычных разьвіцьця і ўмацаваньня двухбаковых гандлёва-эканамічных стасункаў. 
Польшча ўсталёўвае новыя памежныя заставы 11:01, 05/02/2002

Тры новыя памежныя заставы зьявяцца сёлета на ўчастку мяжы Польшчы з Украінай і Беларусяй. Пра гэта паведаміла “Газэта выборча” са спасылкаю на камэнданта Надбужанскага аддзелу памежнай варты падпалкоўніка Марэка Доміняка. Сёньня на 460-кілямэтровым участку мяжы з Украінай, які ахоўваюць падразьдзелы НОПС, знаходзіцца 15 памежзаставаў. Тры зь іх зьявіліся летась, але па стандартах ЭЗ гэтага мала. Кожная з трох памежзаставаў будзе ахоўваць 25-кілямэтровы ўчастак мяжы, што адказвае патрабаваньням ЭЗ. 
|  |
|