 | ПАЛIТЫКА |  |

Лукашэнка бярэ пад асабісты кантроль стварэньне школьных падручнікаў 11:12, 15/02/2002

Аляксадар Лукашэнка мае намер асабіста кантраляваць стварэньне новых падручнікаў у краіне. Пра гэта ён заявіў на нарадзе ў Менску па падрыхтоўцы падручнікаў у гаманітарна-грамадзкай сфэры, перадае “Интерфакс”. Стварэньне новых падручнікаў Лукашэнка лічыць пытаньнем “государственной важности". На ягоную думку, "если будут толковые учебники, значит, будет образованный человек и настоящий человек". 
Дзень ЗУБРа адбыўся ў Эўропе й Новай Зэляндыі 11:11, 15/02/2002

Больш за 20 груп праваабарончай арганізацыі Amnesty International правялі акцыі салідарнасьці з рухам ЗУБР 13 лютага ў гарадох Нямеччыны, Швэйцарыі й Новай Зэляндыі. Студэнты-праваабаронцы Бэрліну, Бона, Карлсруе, Гэнфа, Бэрна, Дортмунда, Аалэна, Туна, Эмдэна, Мэсігэна, Бурга на Фемарне і Окланда выказалі падтрымку сваім беларускім аднагодкам. 
Настаўнік адсудзіў сабе заробак 11:10, 15/02/2002

Судзьдзя Астравецкага раённага суда Генадзь Янкоўскі задаволіў зыск настаўніка Гозскай базавай школы Мікалая Уласевіча да Астравецкага раённага аддзелу адукацыі й абавязаў РАА выплочваць істцы заробак 16 дня кожнага месяца й аванс 26 дня кожнага месяца. Тым самым суд пацьвердзіў канстытуцыйнае права грамадзян на своечасовае атрыманьне заробку, якое паўсюдна парушаецца. 
Яшчэ адна дабрачынная арганізацыя сыходзіць зь Беларусі 11:09, 15/02/2002

Кіраўнікі нямецкай дабрачыннай арганізацыі “Weissrussland – Hilfe e.V. Metelen” (горад Мэтэлен, зямля Паўночны Рэйн – Вэстфалія) заявілі пра магчымае спыненьне кантрактаў з Пінскай школай-інтэрнатам для дзяцей-сірот. Адзін з кіраўнікоў арганізацыі Карл-Хайнц Кок заявіў на нядаўняй прэсавай канфэрэнцыі ў Нямеччыне, што зараз вельмі цяжка займацца дабрачыннасьцю ў Беларусі з-за шматлікіх праяваў бюракратызму й няўзгодненых дзеяньняў розных дзяржструктураў. 
“Белтэлекам” выходзіць на рынак IP-тэлефаніі 11:08, 15/02/2002

Карыстацца новаўвядзеньнем здолеюць ўладальнікі сэрвісных тэлефонных картак, картачнага й абаненцкага рахункаў. Новая паслуга адкрываецца на базе абсталяваньня інтелектуальнай плятформы – тэлефанія па IP-пратаколу на Маскву й Маскоўскую вобласьць. Для беларускіх карыстальнікаў тарыф складзе 226 рублёў круглыя суткі. Гэта на 34% таньней, чым пры традыцыйнай аўтаматычнай тэлефоннай сувязі. 
У Менску пачынаюцца суды над удзельнікамі акцыі пратэсту 11:07, 15/02/2002

Падчас акцыі Маладога Фронту, што адбылася ўчора на галоўным праспэкце Менску, супрацоўнікі праваахоўчых органаў затрымалі 32 чалавекі. Большая частка зь іх непаўанагадовыя. Амапапаўцы кінулі ў аўтобус нават двух васьмігадовых хлапчукоў. Сярод затрыманых акрамя лідэра Маладога Фронту Паўла Севярынца яшчэ пяць актывістаў: Натяльля Кійко, Сяржук Касьцюкевіч, Артур Фінькевіч і Сяржук Лісячонак. Вядомыя прозьвішчы яшчэ некалькіх чалавек: гэта Андрусь Казлоў, Ірына Вяткіна, Вольга Чарных, Ганна Салаўёва, Сяржук Герасімовіч, Васіль Парфенкаў і Зьміцер Аўчыньнікаў. Непаўнагадовыя былі адпушчаныя “пад падпіску” бацькам, а іхныя справы перададуць у камісіі па справах непаўнагадовых у гарвыканкамы. Астатніх затрыманых будуць судзіць сёньня ў Савецкім судзе Менску. 
“Палатку” на сэсію ПА АБСЭ не запрасілі 11:06, 15/02/2002

“Нацыянальны сход” ня будзе прадстаўлены на зімовай сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. Такое рашэньне прынятае з-за таго, што “беларускага пытаньня” няма ў парадку дня сэсіі. Да таго “нацыянальны сход” да гэтага часу не атрымаў афіцыйнага запрашэньня. Хаця, як вядома, дэлегацыя ад апазыцыі яшчэ неклькі дзён таму атрымала запрашэньне ад прэзыдэнта ПА АБСЭ Адрыяна Севярына прысутнічаць на сэсіі ПА АБСЭ ў якасьці назіральніка. 
Дзень святога Лукі ў Гомлі скончыўся затрыманьнямі 11:05, 15/02/2002, ЗУБР

Больш за 50 зуброў сабраліся ў гомельскім парку культуры й адпачынку 14 лютага а 15.30. На імправізаваную сцэну выйшаў вядучы. Ён павіншаваў усіх прысутных з днём сьвятога Валянціна й паведаміў, што той, з прычыны хваробы, прыняць удзелу ў сьвяце ня здолее, я яго заменіць сьвяты Лука. Адразу зьявіўся чалавек у вусатай масцы й белым халаце. Ён заявіў пра свой намер вырашыць дэмаграфічную праблему й прапанаваў усім неадкладна абвянчацца. Нягледзячы на адсутнасьць энтузіязму ў ўдзельнікаў акцыі, вар’ят неадкладна паставіў некалькі пар і ўзяўся за справу, пры гэтым удакладніў, што згода неабавязковая. Цырымоніі папярэднічалі пытаньні аб тым, ці захоўвалі маладыя людзі вернасьць рэжыму. Пасьля адмоўных адказаў, сьвяты Лука асуджваў маладых людзей да розных тэрмінаў турэмнага ўтрыманьня і замацоўваў іхны саюз кайданкамі. Мерапрыемства прыцягнула ўвагу ня толькі мінакоў і журналістаў, але й міліцыі. 
Былы дырэктар МТЗ застаецца ў турме 11:04, 15/02/2002

Пракуратура Беларусі “ня бачыць падставаў для зьмяненьня мераў спыненьня адносна экс-дырэктара Менскага трактарнага заводу Міхаіла Лявонава”. Дадзенае меркаваньне выкладзенае ў адказе на ліст Беларускага саюзу прадпрымальнікаў з хадайніцтвам аб вызваленьні прамыслоўца. 
Зноў абрабаваны офіс Беларусакага саюзу прадпрымальнікаў 11:03, 15/02/2002

Уначы з 13 на 14 лютага невядомыя абрабавалі офіс Беларускага саюзу прадпрымальнікаў. Харктэрна, што памяшканьне, дзе знаходзіцца БСП, разьмяшчаецца насупраць будынка Пракуратуры Рэспублікі Беларусь і фактычна побач з аддзяленьнем міліцыі Цэнтральнага РУУС, аднак гэта не спыніла рабаўнікоў. 
Міністар й намесьнік хлусяць без папярэдняга ўзгадненьня 11:02, 15/02/2002

“Выручка ад продажу Беларусяй узбраеньня, безумоўна, ідзе ў рэспубліканскі бюджэт”, -- заявіў 14 лютага ў нтэрвію БелаПАН намесьнік міністра фінансаў Беларусі Іван Заяш. Паводле ягоных словаў, “ні ў якія прэзыдэнцкія фонды грошы ня йдуць”. Разам з тым, Заяш адмовіўся назвць канкрэтныя сумы пастаўленьні ў бюджэт ад продажу ўзбраеньняў і камэнтаваць выдаткаваньне гэтых сродкаў. “Гэтыя пытаньні дзяржаўная й камэрцыйная тайна і таму ня могуць абмяркоўвацца”, - заявіў ён. 
У Наваполацку арыштаваны выканаўчы абавязкі дырэктара рынку 11:01, 15/02/2002

У Наваполацку супрацоўнікамі мясцовага аддзелу па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі затрыманы і ўзяты пад варту выконваючы абавязкі дырэктара гарадзкога рынку Мікалай Алёхін. Ён абвінавачваецца ў атрыманьні хабару. Работнікамі аддзелу выяўлена тры выпадкі атрыманьня хабару ў памерах ад 50 да 100 даляраў. 
|  |
|