 | ПАЛIТЫКА |  |

Арыштаваны кіраўнік гарадзенскага аддзяленьня БНФ 11:17, 01/04/2002

Судзьдзя Ленінскага раённага суда Горадні Зьміцер Дземчанка пастанавіў асудзіць да адміністратыўнага арышту на 10 сутак кіраўніка гарадзенскага аддзяленьня партыі БНФ Сяргея Мальчыка. Судзьдзя палічыў яго віноўным у актыўным удзеле ў несанкцыянаваным мітынгу й шэсьці, якія адбыліся ў Горадні 24 сакавіка з нагоды Дня Волі –84-й гадавіны абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Сяргей Мальчык у знак пратэсту супраць рашэньня суда аб’явіў галадоўку, паведамляе БелаПАН. 
У Горадні затрыманыя ўдзельнікі пікету ў абарону “Пагоні” 11:16, 01/04/2002

У Горадні прайшоў несанкцыянаваны пікет у падтрымку журналістаў “Пагоні”, якіх чакае суд за “абразу гонару й годнасьці прэзыдэнта РБ”. Шэсьць маладых людзей стаялі ля ганку аблвыканкаму зь вялікім траспарантам “Разам з “Пагоняй” і плякатамі “Свабода слова” і “Мажэйка й Маркевіч – хто наступны?” Як паведамляе Радыё Свабода, усіх удзельнікаў пікету затрымала міліцыя. 
“Очаково” яшчэ зьдзіўляецца. “Балтика” -- ужо не 11:15, 01/04/2002, «Белорусская газета»

На мінулым тыдні канцэрн “Белдзяржхарчпрам” накіраваў ліст да кіраўнікоў абласьцей аб правядзеньні перамоваў з расейскай піваварнай кампаніяй “Очаково”. У лісьце абумоўленыя ўмовы, на якіх беларускі бок згодны распрацоўваць сумесныя інвэстыцыйныя праекты з ЗАТ “Московский пиво-безалкогольный комбинат “Очаково”. Паводле словаў дырэктара аднаго з піўзаводаў, пасьля знаёмства з умовамі, на “Очаково” былі вельмі зьдзіўленыя. 
Улады прымушаюць бізнэсоўцаў фінансаваць пасяўную 11:14, 01/04/2002

Улады абавязваюць камэрцыйныя структуры пералічваць сродкі на патрэбы сельскай гаспадаркі. Як паведамляе карэспандэнт “Известий”, заяву пра гэта распаўсюдзіла прэсавая служба Лібэральна-дэмакратычнай партыі. “ З усіх рэгіёнаў Беларуі да нас трапляюць зьвесткі й дакумэнты аб паборах, якія ажыцьцяўляюць органы ўлады ў прымусовым парадку з камэрцыйных структур усіх формаў уласнасьці. Аргумэнтам зьяўляецца падрыхтоўка да вясновых палявых прац”, -- гаворыцца ў заяве. 
“Хімвалакно” хоча працаваць 11:13, 01/04/2002

Работнікі вытворчасьці сынтэтычных комплексных ніцяў магілёўскага вытворчага аб’яднаньня “Хімвалакно” зьвярнуліся да адміністрацыі з патрабаваньнем працы. Такім чынам, працоўныя выказалі пратэст супраць вымушаных прастояў вытворчасьці. 
Беларусь захоўвае лідэрства ў СНД па ўзроўню інфляцыі 11:12, 01/04/2002

Індэксы спажывецкіх коштаў у краінах СНД у студзені-лютым 2002 году вырасьлі ў параўнаньні са студзенем-лютым 2001 году ў Азэрбайджане на 1,6%, у Армэніі – на 0,6%, у Беларусі – на 47,8%, у Грузыі – на 5,0%, у Казахстане – на 5,8%, в Кіргізіі – на 3,0%, у Малдове – на 10,0%, у Расеі (люты да лютага) – на 17,7%, у Таджыкістане – на 7,5%, на Ўкраіне - 4,5%. Дадзеных па Туркмэністану і Ўзбэкістану няма. Пра гэта паведаміў Статкамітэт СНД. 
Зьніжаецца таваразварот Расеі зь Беларусяй 11:11, 01/04/2002, РБК

У студзені 2002 г. таваразварот РФ зь Беларусяй склаў 620,1 млн. дал. і ўпаў ў параўнаньні са студзенем 2001 г. на 2,4%, паведамляе Дзяржкамстат. Пры гэтым экспарт склаў 360,9 млн. дал. (зьнізіўся на 2,5%), імпарт - 259,2 млн. дал. (зьнізіўся на 2,2%), сальда замежнагандлёвага звароту склала 101,7 млн. даляраў. 
“Облпотребсоюз” кінулі на пасяўную 11:10, 01/04/2002

250 мільёнаў рублёў на дапамогу АПК Менскай вобласьці маюць намер пералічыць прадпрыемствы сыстэмы спажывецкай кааперацыі Менскай вобласьці. Як паведаміла БелаПАН старшыня праўленьня Менскага абласнога саюзу спажывецкіх таварыстваў Кацярына Пратасевіч, у красавіку на ўсіх прадпрыемствах пройдуць суботнікі. Заробленыя такім чынам сродкі будуць пералічаныя аграпрамысловаму комплексу вобласьці для правядзеньня вясновых палявых работ. “Гэта будзе наш працоўны ўнёсак у пасяўную”, - адзначыла Пратасевіч. 
Праезд у электрычках падаражэў на 50% 11:09, 01/04/2002

Адразу на 50% падвышаныя тарыфы на праезд у электрычках. Зараз праезд у адной зоне будзе каштаваць не 80, а 120 рублёў. Напрыклад, праезд зь Менску ў Баранавічы падаражэў з 1200 да 1800 рублёў. Між тым, урад Беларусі па-ранейшаму разьлічвае, што інфляцыя сёлета утрымаецца ў рамках 20-27%. 
“БЕЛАВІЯ” СКАРАЧАЕ КОЛЬКАСЬЦЬ АВІЯРЭЙСАЎ 11:08, 01/04/2002

З 1 красавіка значна паменшылася колькасьць авіярэйсаў зь Беларусі ў накірунку заходняй Эўропы. Краіны Эўразьвязу з гэтага дня адмаўляюцца прымаць самалёты, узровень шуму якіх не адпавядае нормам – Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі (ІКАО) прад’яўляе новыя патрабаваньні па ўзроўні шуму рухавікоў да грамадязнскіх авіяляйнэраў, што працуюць на міжнародных рэйсах. Як паведамілі прэсаваму цэнтру Хартыі’97 супрацоўнікі нацыянальнага аэрапорту “Менск”, з 1 красавіка значна зьмяншаецца колькасьць рэйсаў у Стакгольм, Парыж, Бэрлін, Вену, ЗША. У прыватнасьці, у Парыж і Стакгольм самалёты “Белавія” будуць лятаць толькі да 22 красавіка. Што будзе пасьля – ніхто ня ведае. Адмененыя прамыя рэйсы ў Вену й Бэрлін. Скарачаецца колькасьць транзытных рэйсаў у ЗША праз эўрапейскія аэрапорты. 
“Народнай волі” вынесенае папярэджаньне 11:07, 01/04/2002

Як “распаўсюд беспадстаўных і галаслоўных сьцьвярджэньняў адносна прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь” расцанілі ў Міністэрстве інфармацыі публікацыю ў нумары газэты за 20 сакавіка матэрыялу “Вялікае мыцьцё”. У ім, у прыватнасьці, гаварылася: “Паколькі беларускія ўлады маюць адносіны да гандлю зброяй, паколькі прэзыдэнцкая адміністрацыя прыватызавала найбольш прыбытковую частку беларускай эканомікі, ня цяжка зразумець, якія грошы Аляксандар Рыгоравіч хоча ў Аўстрыі адмыць”.
“Зьвяз беларусаў замежжа” зьвяртаецца да сусьветнай супольнасьці напярэдадні гадавіны падпісаньня “саюзнае дамовы” 11:06, 01/04/2002

Беларусы, якія жывуць за мяжой і ўваходзяць у “Зьвяз беларусаў замежжа”, зьвярнуліся да сусьветнай грамадзкасьці з заявай пратэсту ў сувязі з гадавінай падпісаньня так званай “Саюзнай дамовы паміж Расеяй і Беларусяй”: “Мы, “Зьвяз беларусаў замежжа”, зьвяртаемся да Вас з гэтым лістом і спадзяемся, што наш голас будзе пачуты. Нашае меркаваньне адносна гэтага адназначнае: больш ганебнай падзеі для маленькай, але гордай краіны не адбывалася з часоў абвяшчэньня БССР”, -- заяўляюць беларускія палітычныя эмігранты. 
“НАША ЎКРАІНА” ПЕРАМАГАЕ 11:05, 01/04/2002

Парляманцкія выбары ва Ўкраіне адбыліся. Па стану на 6.00, згодна вынікам паралельнага падліку галасоў выбаршчыкаў, праведзенага выбарчым блёкам экс-прэм’ера Віктара Юшчанкі “Наша Ўкраіна”, за “Нашу Ўкраіну” прагаласавалі 803 тысячы выбарцаў, ці 27,06% ад агульнай колькасьці выбарцаў. За праўрадавы блёк “За адзіную Ўкраіну” галасы аддалі каля 224 тысячы выбарцаў, ці 7,55%. Такія дадзеныя, як паведамляе УНИАН, агучыў каардынатар блёку “Наша Ўкраіна” Раман Бясьсьмертны на прэсавай канфэрэнцыі. Бясьсьмертны адзначыў, што сыстэма паралельнага падліку галасоў дала сапраўды рэальныя вынікі ацэнкі ходу выбараў. Паводле ягоных словаў, на 6.00 апрацавана 2 мільёны 224 тыс. бюлятнёў, ці каля 13,38% ад агульнай колькасьці. 
Нацыянальны алімпійскі камітэт скасаваў кантракт з дырэктарам стадыёну “Алімпійскі” 11:04, 01/04/2002

Выканкам Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі прыняў рашэньне аб скасаваньні кантракту з генэральным дырэктарам спартова-аздараўленчага комплексу “Алімпійскі” Сяргеем Дзёмкавым. За гэтае рашэньне прагаласавалі 8 зь 10 членаў выканкаму. Прычынай скасаваньня канракту сталі вынікі праверкі фінансава-гаспадачай дзейнасьці САК “Алімпійскі”, праведзенай камісіяй НАК ў першай палове сакавіка. Камісія была створаная пасьля агучваньня фактаў парушэньняў на аб’ектах комплексу, а таксама ў сувязі з гібельлю ў басейне маладога плаўца, якога засмактала трубой вадазбору, паведамляе БелаПАН. 
Беларусь атрымае менш расейскай нафты 11:03, 01/04/2002

Расея ў другім кварталі 2002 году мае намер зьнізіць аб’ём паставак нафтавай сыравіны ў Рэспубліку Беларусь. Пра гэта паведаміў прадстаўнік Мінэнэрга РФ. Мяркуецца, што ў першым кварталі гэтага году ўзровень паставак расейскай нафты (пры заплянаваных 3,5 мільёнаў тонаў), у другім кварталі чакаецца, што ён спадзе да 3,4 мільёнаў тонаў. Асноўнымі пастаўшчыкамі вуглевадароднай сыравіны ў Беларусь зьяўляюцца нафтавыя кампаніі “Сургутнефтегаз”, ЛУКОЙЛ, ЮКОС, “Славнефть” і “Сибнефть”. 
Інфляцыя дасягнула паловы заплянаванага гадавога паказчыка 11:02, 01/04/2002

За першыя тры тыдні рост спажывецкіх коштаў у Беларусі склаў 1,9%. Такія дадзеныя падала Міністэрства статыстыкі й аналізу Рэспублікі Беларусь. Нягледзячы на тэндэнцыю зьніжэньня ў сакавіку дынамікі спажывецкіх коштаў на тавары й паслугі ў параўнаньні з папярэднімі месяцамі 2002 года (ў студзені кошты вырасьлі на 6,3%, у лютым - 3,6%), агульная інфляцыя з пачатку года склала 11,8%. Гэты паказчык ужо дасягнуў паловы гадавога прагназаванага паказчыка інфляцыі. 
Усё большая колькасьць беларусаў мяркуе, што яны жывуць горш за расейцаў 11:01, 01/04/2002

Усё большая колькасьць беларусаў пачынаюць меркаваць, што жыхары іхнай краіны жывуць горш за расейцаў. Да такой высновы прыйшлі спэцыялісты Медыягрупы “Союз” і групы кампаніяў monitoring.ru у выніку сацыялягічных апытаньняў, праведзеных у лютым 2002 г. На пытаньне, хто жыве лепей, 47% рэспандэнтаў у Беларусі адказалі, што расейцы. Год таму на гэтае пытаньне адказ давалі 41% апытаных. У Расеі 56% насельніцтва лічаць, што яны жывуць горш за беларусаў. Год таму так меркавала 52% расейцаў. 
|  |
|