Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Кампутарныя дыскі, канфіскаваныя ў аднаго з актывістаў руху ЗУБР, накіраваныя на праверку ў пракуратуру. 17 CD былі канфіскаваныя супрацоўнікамі Завадзкога РУУС некалькі дзён таму. На дысках запісаныя відэа-ролікі, прысьвечаныя Маршу Пратэсту, які пройдзе 19 красавіка ў Менску.
Са спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка ГУУС Менгарвыканкаму вызвалены актывіст Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Віктар Кавешнікаў і сябра незарэгістраванай арганізацыі “Малады Фронт” Зьміцер Дашкевіч. Яны адбылі дзесяць сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаваным шэсьці ў Менску 24 сакавіка, калі апазыцыя адзначала Дзень волі. Паводле словаў Кавешнікава, умовы ўтрыманьня арыштаваных цяжкія. Ім не дазваляюць шпацыру, і яны круглыя суткі знаходзяцца ў бетонным “мяшку”. “Спачатку ў камэры было 7, а затым 10 чалавек. Гэта ўжо шмат, цяжка было нават падняцца з нар”, -- распавёў Кавешнікаў у інтэрвію БелаПАН.
Юрыдычная камісія малдоўскага парлямэнту па праву, прызначэньнях і імунітэту пазбавіла дэпутацкай недатыкальнасьці лідэраў апазыцыйнай Хрысьціянска-дэмакратычнай народнай партыі Юры Рошку й Штэфана Сэкэрану. Менавіта яны зьяўляюцца арганізатарамі маніфэстацыяў, якія праходзяць у цэнтры Кішынёву з 9 студзеня. Рошку і Сэкэрану абвінавачваюць у дзеяньнях, накіраваных на зьвяржэньне дзяржаўнага ладу. Як паведаміла журналістам кіраўнік камісіі Марыя Пастойка, да канца тыдня гэтае рашэньне павінна быць зацьверджана на пленарным паседжаньні парлямэнту, перадае Коммерсантъ.
Асацыяцыя грузаперавозчыкаў Літвы (“Лінава”) мяркуе, што беларуская мытня з 1 красавіка ўвяла супраць літоўскіх перавозчыкаў дыскрымінацыйныя санкцыі. Мытня Беларусі ў аднабаковым парадку з пачатку красавіка заявіла аб абавязковым суправаджэньні грузаў, якія дастаўляюцца аўтаперавозчыкамі Літвы і ўвяла шэраг іншых абмежаваньняў. Зараз за кожны кілёмэтар суправаджэньня грузу літоўскім перавозчыкам прыходзіцца плаціць прыкладна 1 даляр.
55 адсоткаў з 500 апытаных менчукоў мяркуюць, што дзейнасьць мясцовых Саветаў дэпутатаў не садзейнічае паляпшэньню умоваў іх жыцьця. Прычым 31 адсотак рэспандэнтаў перакананыя ў гэтым на 100 адсоткаў, а 24 адсоткі мяркуюць, што дзейнасьць мясцовых Саветаў “хутчэй не садзейнічае, чым садзейнічае” паляпшэньню іх жыцьця. Такія дадзеныя апытаньня, праведзеныя сацыялягічнай службай “Зеркало” інфармацыйнай кампаніі БелаПАН сёлета 25-28 сакавіка.
Колькасьць карыстальнікаў інтэрнэту ў Беларусі кожны месяц павялічваецца на 3,5 адсоткаў. Пра гэта паведаміў міністар сувязі Ўладзімер Ганчарэнка 3 красавіка ў Менску ў выступе на пленарным паседжаньні ІХ Беларускага кангрэсу па тэлекамунікацыях, інфармацыйных і банкаўскіх тэхналёгіях “TIBO-2002” Зь ягоных словаў, гэта стала магчымым таму, што ў Беларусі “фактычна завяршылася замена аналягавага абсталяваньня тэлефонных станцыяў на лічбавае і адбылося значнае пашырэньне тэлефоннай сеткі”.
У Кішынёве працягваецца кругласуткавая акцыя апазыцыі. Пікетоўцы патрабуюць адстаўкі ўсяго кіраўніцтва Малдовы й прызначэньня даты датэрміновых выбараў. Акцыя перанесеная з Плошчы нацыянальнага сходу да будынка парлямэнту і да Палацу прэзыдэнта. Сёньня ноччу на плошчы заставалася каля 3 тысяч мітынгоўцаў. Аўтамабільны й пешаходны рух у частцы цэнтра Кішынёва спынены. Карабінэры й паліцыя ўстанавілі тры кальцы аховы вакол Палацу прэзыдэнта.
Камэнтуючы абвінавачваньні ў адрас Беларусі ў незаконным гандлі зброяй з краінамі-ізгоямі, намесьнік міністра абароны па ўзбраеньні Пётра Рагажэўскі заявіў адносна паставак беларускай зброі ў Судан, Македонію й Сырыю, што “да гэтых краін няма санкцыяў Рады бясьпекі ААН, таму меркаваньне ЗША, што туды нельга пастаўляць зброю застаецца проста меркаваньнем”.
Старшыня камітэту “Пісьменьнікі ў зьняволеньні” Міжнароднага ПЭН-клюбу Юджын Шульгін зьвярнуўся з адкрытым лістом да Аляксандра Лукашэнкі, у якім выказаў усхваляванасьць цяглым перасьледам журналістаў закрытай уладамі недзяржаўнай газэты “Пагоня” Мікалая Маркевіча й Паўла Мажэйкі, якім пагражае зьняволеньне ў парушэньне іх права на свабоднае выказваньне сваёй думкі.
Указам №167 ад 2 красавіка 2002 году Аляксандар Лукашэнка вызваліў Валеры Цэпкалу з пасады Надзвычайнага й Паўнамоцнага амбасадара Рэспублікі Беларусь у ЗША і па сумяшчальніцтве ў Мэксіканскіх Злучаных Штатах. У той самы дзень быў падпісаны указ №166 аб прызначэньні В.Н.Лапата-Загорскага Надзвычайным і Паўнамоцным амбасадарам у Лібане па сумяшчальніцтве.
Цэнтральны суд Менску аштрафаваў Андрэя Ачапоўскага на 1,5 мільёны рублёў за ўдзел у сьвяткаваньні Дня Волі. Уладзіслаў Ігнатовіч атрымаў папярэджаньне. Усяго за ўдзел у мірнай акцыі 24 сакавіка арыштаваныя й пакараныя штрафамі больш за 30 чалавек. Сёньня ў Цэнтральным судзе будуць разглядацца дзьве апошнія справы.
Два тыдні працягваецца стыхійная забастоўка на прадпрыемстве лёгкага машынабудаваньня – адкрытым акцыянэрным таварыстве “Орша”. Бастуюць усе аддзелы заводу. Прычына забастоўкі – нявыплата заробку за апошнія два месяцы.
Сьледчая група Пракуратуры Рэспублікі Беларусь скончыла расьсьледаваньне крымінальнай справы адносна былога загадчыка кафедрай нэўралёгіі й нэйрахірургіі Гомельскага дзяржаўнага мэдычнага інстытута (раней прарэктара па лекавай працы) Юры Янкелевіча.
Ніжняя палата “парлямэнту” прыняла ў першым чытаньні законапраект “Аб грамадянстве Рэспублікі Беларусь” Новы законапраект вызначае прававыя асновы рэгуляваньня ў галіне грамадзянства, рэглямэнтуе падставы, парадак атрыманьня, захаваньня й спыненьня беларускага грамадзянства. Зь ініцыятывы намесьніка міністра юстыцыі Віталя Калугіна, у дадзеным законапраекце не прапісаная такая норма, як падвойнае грамадзянства. На думку чыноўніка, гэтую норму ўводзіць нямэтазгодна, бо “наяўнасьць у грамадзяніна рэспублікі іншага грамадзянства надае яму права ухіляцца ад выкананьня грамадзянсткіх абавязацельстваў ці адказнасьці”.
На Гомельшчыне ўсё больш прадпрыемстваў адпраўляюць сваіх работнікаў у доўгатэрміновыя неаплочваемыя адпачынкі. Больш за 1000 работнікаў тлушчавага камбінату “адпачываюць” ужо тры месяцы. Гэта вымушаны, неаплочваемы адпачынак. Нядаўна на паседжаньні аблвыканкаму новае кіраўніцтва прадпрыемства прапанавала праграму выхаду з крызы. На гэта згодна падлікам спатрэбіцца 2,5 гадоў й 250 мільёнаў рублёў, неабходных для запуску вытворчасьці. Але паколькі на рахунку прадпрыемства грошай няма, а ёсьць толькі 20-мільярдавая крэдыторская запазычанасьць, то фінансавую падтрымку яму паабяцаў аказаць Гомельскі аблвыканкам. Канчатковы лёс прадпрыемства павінен вырашыцца на ўзроўні ўраду, перадае praca.by.
Першы энэргаблёк Ровенскай АЭС у сераду аварыйна адключаны ад сеткі, паведамілі агенцтву “Интерфакс-Украина” у нацыянальнай кампаніі “Энергоатом”. Блёк, на якім у сераду павінен быў пачацца плянавы рамонт, адключаны а 15.20 у выніку пашкоджаньня аднаго з асноўных аўтаматычных рэгулятараў блёку (рэгулятара ўзроўню вады ў парагенэратары). Рамонт блёку працягнецца да 7 чэрвеня.