Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
“Рэпарцёры бязь межаў”: беларускі друк - адзін з самых несвабодных у сьвеце 11:06, 02/05/2002
Напярэдадні 3 траўня – Сусьветнага дня свабоды друку – міжнародная арганізацыя “Рэпарцёры бязь межаў” агучыла сваю штогадовую справаздачу аб сытуацыі са свабодай слова ў розных краінах сьвету. На думку аўтараў справаздачы, сытуацыя са свабодай беларускага друку была летась адной з горшых у сьвеце. У дакумэнце згадваюцца шматлікія факты ўціску й рэпрэсіяў датычна незалежных выданьняў.
Як паведамляе Радыё Свабода, у справаздачы падрабязна распавядаецца аб справе зьніклага тэлеапэратара Зьмітра Завадзкага і адзначаецца, што суд над асобамі, якія абвінавачваюцца ў выкраданьні, пакінуў больш пытаньняў, чым адказаў.
Асаблівы разьдзел прысьвечаны пакутнаму шляху праз турмы журналіста газэты “Народная Воля” Валеры Шчукіна.
У справаздачы распавядаецца пра лёс рэдактара “Пагоні” Міколы Маркевіча, газэта якога была закрытая, а сам рэдактар разам з журналістам быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасьці па абвінавачваньні ў паклёпе ў адрас кіраўніка дзяржавы.
“Рэпарцёры бязь межаў” аналізуюць новыя тэндэнцыі ў інфармацыйнай палітыцы ўладаў ў 2002 годзе: адкрыцьцё другога каналу Нацыянальнай тэлевізіі і папраўкі закону аб друку. Аўтары справаздачы спасылаюцца на незалежных журналістаў, якія лічаць, што БТ-2 стане копіяй першага тэлеканалу, і, акрамя таго, будзе выкарыстоўвацца для зьмяншэньня ўплыву расейскай тэлевізіі.
Крытычна аўтары справаздачы ацэньваюць і папраўкі да закону аб друку. Яны спасылаюцца на дыскусіі, якія прайшлі зь міністрам інфармацыі Беларусі Міхаілам Падгайным у Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы. “Рэпарцёры бязь межаў” зьвяртаюць увагу на галоўныя недахопы праекту. Юрыдычная забарона на распаўсюд недакладнай інфармацыі падаецца ім адыходам ад дэмакратычных стандартаў. Крытыку выклікае і забарона згадваць у друку незарэгістраваныя грамадзкія й палітычныя арганізацыі.
Значная частка справаздачы прысьвечаная аналізу беларускага інфармацыйнага ландшафту. “Рэпарцёры бязь межаў” адзначаюць, што хаця ў краіне і зарэгістраваныя каля тысячы выданьняў насамрэч толькі каля двух дзясяткаў нацыянальных і мясцовых газэтаў могуць адносіцца да катэгорыі грамадзка-палітычных. Пры гэтым наклад газэты, якую кантралюе адміністрацыя прэзыдэнта, складае палову накладаў астатніх выданьняў.
Разьдзел справаздачы, прысьвечаны газэце “Советская Белоруссия”, называецца “Мастадонт на службе прэзыдэнта”. На думку “Рэпарцёраў бязь межаў”, гэтае выданьне карыстаецца выключнымі падаткавымі і іншымі ільготамі, значная частка накладу распаўсюджваецца ў прымусовым парадку ў дзяржаўных установах.
Разьдзел аб “БДГ” называецца “Незалежнае і ўплывовае фінансавае выданьне”. “Рэпарцёры бязь межаў” спасылаюцца на назіральнікаў і пішуць, што матэрыялы “БДГ” сталі менш крытычнымі да ўладаў.
“Рэпарцёры бяз межаў” мяркуюць, што менавіта свабода слова зьяўляецца ключом да беларускай дэмакратыі.