|
|
||||||||||||||||||||
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Беларускія палітыкі папярэджваюць Эўропу 13:16, 02/04/2003
Разьвіцьцё падзеяў у Беларусі Апошнія падзеі ў Беларусі пацьвердзілі негатыўныю тэндэнцыю, якая намецілася ў галіне дэмакратыі й правоў чалавека. Улады аказваюць ціск на грамадзянскую супольнасьць Беларусі, працягваюць перасьледаваць палітычных апанэнтаў і сур’ёзна абмяжоўваць дзейнасьць палітычных партыяў і няўрадавых арганізацыяў. -- У Беларусі адсутнічае свабода слова, а незалежная прэса мае жорсткі прэсінг з боку ўладаў. Нядаўна былі закрытыя яшчэ дзьве незалежныя газэты: «Местное время» і «Новая газета Сморгони». Віктар Івашкевіч, галоўны рэдактар незалежнай газэты «Рабочий», адбывае тэрмін па палітычных матывах. Мікола Маркевіч і Павал Мажэйка, абодва зь незалежнай газэты “Пагоня”, выйшлі на свабоду датэрмінова. У выпадку малейшага парушэньня закону ім пагражае вяртаньне ў месца зьняволеньня. Апазыцыя ня мае доступу да дзяржаўных СМІ. -- Прафэсар Юры Бандажэўскі, які займаецца вывучэньнем наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, працягвае знаходзіцца ў турме. -- Улады прыпынілі расьсьледаваньне зьнікненьняў палітычных апанэнтаў рэжыму: Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага й журналіста Зьмітра Завадзкага, нягледзячы на сьведчаньні датычнасьці да выкраданьняў і забойстваў вышэйшых службовых асобаў краіны. -- Улады прынялі шэраг чарговых законаў і прэзыдэнцкіх дэкрэтаў, якія абмяжоўваюць палітычныя, рэлігійныя і эканамічныя свабоды грамадзянаў, такія, як закон аб рэлігіях, а таксама дэкрэты, што рэгулююць працу прыватных гандляроў і бізнэсоўцаў. Насуперак міжнароднаму асуджэньню антыдэмакратычнага рэжыму Беларусі, Парлямэнцкая асамблея АБСЭ ў лютым пастанавіла надаць месца незаконнаму парлямэнту. Гэтае рашэньне было прынятае, нягледзячы на адсутнасьць прагрэсу ў дэмакратызацыі выбарчага працэсу ў Беларусі й сытуацыі ўвогуле – умовы, якія былі вылучаныя міжнароднай супольнасьцю. Дадзенае рашэньне было памылковым і разглядаецца ў Беларусі як урон намаганьням міжнароднай супольнасьці па падтрымцы дэмакратычнага грамадзтва і заахвочваньне рэжыму ўзмацняць яго антыдэмакратычную палітыку. Наступствы гэтага рашэньня ПА АБСЭ не вымусілі сябе доўга чакаць. § Мясцовыя выбары 29 сакавіка 2003 году не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі. Прадстаўнікі апазыцыі не ўвайшлі ў склад выбарчых камісіяў, атрымалі адмову ў рэгістрацыі і здымаліся з перадвыбарчага марафону пад рознымі прычынамі. Тыя з кандыдатаў, якім удалося прайсьці рэгістрацыю, мелі мінімальныя шанцы на абраньне ў сувязі зь сыстэмаю фальсыфікацыі вынікаў выбараў. § Улады працягваюць адмаўляць грамадзянам Беларусі ў іх праве на свабоду сходаў. Не захоўваюцца нават дзейныя законы: улады не дазволілі правесьці ні адну зь нядаўніх акцыяў пратэсту. Усе тры праведзеныя ў Менску акцыі нязьменна завяршаліся арыштамі й турэмнымі прысудамі. Было атрымана звыш 60 чалавек, зь якіх 24 былі асуджаныя да розных тэрмінаў. § На мінулым тыдні Лукашэнка аб’явіў аб правядзеньні праграмы па стварэньні ідэалягічнай вэртыкалі ў грамадзтве, якая мусіць замацаваць фармаваньне таталітарнага дзяржаўнага ладу ў Беларусі. § Набіраюць рух рэпрэсіі супраць прыватных кампаніяў і іх прадстаўнікоў, якія выступаюць з эканамічнымі й палітычнымі патрабаваньнямі. Іх перасьледуюць, затрымліваюць і саджаюць за краты. § Рэжым узмацняе кантроль над прафсаюзамі. Усё гэта сьведчыць пра тое, што любое зьмякчэньне пазыцыі міжнароднай супольнасьці адносна парушэньняў правоў чалавека й дэмакратыі беларускім рэжымам, нязьменна прымаецца апошнім як сігналь да ўзмацненьня наступу на асноўныя правы й свабоды беларускага народа. Наданьне статуса адмыслова запрошанага нелігітымнаму “нацыянальнаму сходу” Беларусі будзе разглядацца кіроўным рэжымам як “зялёнае сьвятло” на поўнае зьнішчэньне дэмакратычнага грамадзтва. Гэты крок пахавае надзеі дэмакратычна настроеных беларусаў на аднаўленьне дэмакратыі ў бліжэйшую будучыню. Больш за тое, у сьвятле намеру Лукашэнкі падоўжыць тэрмін кіраваньня, статус адмыслова запрошанага для “парлямэнту”, прад’яўлены Радай Эўропы, паслужыць у якасьці сігналю да дзеяньня ў гэтым накірунку. Толькі міжнародная салідарнасьць з дэмакратычным грамадзтвам Беларусі можа прадухіліць новыя рэпрэсіі, зьнікненьні й турэмныя прысуды.
|