Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
29 красавіка Галіна Бадажэўская атрымала дазвол на сустрэчу з сваім мужам -- сусьветна вядомым радыёлягам прафэсарам Юрыем Бандажэўскім, былым рэктарам Гомельскага мэдычнага інстытута, які знаходзіцца зараз у менскай калёніі ўзмоцненага рэжыму УЖ 15/1.
Трэці сакратар амбасады ЗША ў Менску Іян Тэрнэр сустрэўся сёньня з Тэрэзай Ласоўскай -- шматдзетнай маці, звольненай з пасады намесьніка старшыні Менскай абласной арганізацыі шматдзетных бацькоў за тое, што падтрымала Народны марш “За лепшае жыцьцё!”. Маці чацьвярох дзецей вырашыла прыняць удзел у акцыі ў знак пратэсту супраць адсутнасьці клопату дзяржавы аб шматдзетных сем’ях, абсалютная большасьць якіх сёньня жыве ў галечы. Адразу пасьля правядзеньня акцыі Тэрэзе заявілі на працы, што яна звольненая “па палітычных матывах”. Яшчэ зусім маладая жанчына трапіла ў шпіталь зь мікраінсультам...
Беларускі МЗС панёс страту: зь міністэрства звольніўся Віктар Лукашэнка -- старэйшы сын Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта паведаміла крыніца “НГ” у адміністрацыі кіраўніка Беларусі. Нежаданьне Лукашэнкі-малодшага працягваць дыпляматычную кар’еру выглядае нечакана. Ён служыць на досыць прэстыжным участку і займаецца пытаньнямі двухбаковых зносінаў зь Нямеччынай. У Цэнтральным апараце МЗСу ён прапрацаваў тры гады і даслужыўся да дарадцы аддзелу Заходняй Эўропы.
Гэтае пытаньне стала перашкодаю, катастрофаю, сур’ёзнай небясьпекаю для рэжыму Садама Хусэйна. Што насамрэч здарылася з 8591 чалавекам, якія зьніклі бяз вестак? Хутчэй за ўсё, іх казьнілі. Але пытаньне нават не ў гэтым, а ў тым -- калі і на якіх падставах.
Супрацоўнік пракуратуры Станіслаў Новікаў, які кантралюе захаваньне журналістамі Закону аб друку, правёў з журналісткаю “Народнай волі” Марынай Коктыш “тлумачальную размову”, якая цягнулася некалькі гадзінаў. Журналістцы заявілі, што яна нібыта парушыла адразу некалькі артыкулаў Закону аб друку, калі працытавала ў “Народнай волі” выступ у судзе былога дырэктара Менскага трактарнага заводу Міхаіла Лявонава.
Валянцін Баранаў аб’явіў галадоўку ў знак пратэсту супраць незаконнага выраку. Судзьдзя Алена Цярашкова арыштавала яго на 14 сутак за ўдзел у шэсьці 23 сакавіка.
Амбасадар Францыі ў Беларусі Стэфан Шмялеўскі сустрэўся з гарадзенскімі журналістамі Паўлам Мажэйкам і Мікалаем Маркевічам, асуджаным нібыта за паклёп на Аляксандра Лукашэнку. Сустрэча адбылася вечарам 28 красавіка ў рамках двухдзённага візыту Стэфана Шмялеўскага ў Гарадзенскую вобласьць і цягнулася каля гадзіны. Амбасадар падкрэсьліў, што размова з журналістамі праходзіць у рамках інструкцыяў, якія ён атрымаў ад свайго ўраду, і што адна зь ягоных місіяў у Беларусі -- сачыць за сытуацыяй у галіне захаваньня правоў чалавека й свабоды слова.
Грамадзкія арганізацыі, якія падвяргаліся нападам Мінюста на мінулым тыдні, сабралі сёньня прэс-канфэрэнцыю, на якой распавялі дэталі высунутых супраць іх судовых зыскаў, на падставе якіх улады могуць спыніць іх афіцыйную дзейнасьць.
Улады Менску адмовілі шэрагу палітычных партыяў у правядзеньні сьвяточных мерапрыемстваў, прымеркаваных да Сьвята працы. Як паведаміў БелаПАН лідэр Партыі камуністаў Беларускай (ПКБ) Сяргей Калякін, камуністы прасілі Менгарвыканкам правесьці 1 траўня шэсьце ад Кастрычніцкай плошчы да Плошчы Перамогі і мітынг у парку М.Горкага. Аднак, паводле лідэра ПКБ, “гарадзкія ўлады ў правядзеньні мерапрыемства адмовілі і нават традыцыйна не накіравалі арганізатараў акцыі на плошчу Бангалор”.
Няўжо? 10:36, 30/04/2003, Алесь Драбчук, «Народная воля»
Выступаючы зь лекцыяй “Гістарычны выбар Рэспублікі Беларусь” у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце, Аляксандар Лукашэнка сьцьвярджаў: “Калі казаць аб беларускай дзяржаве, мая кропка гледжаньня адназначная... нашая беларуская дзяржава існуе з 1 студзеня 1919 году, з часу ўтварэньня БССР”.
Амэрыканскія жаўнеры знайшлі турэмную камеру, у якой сядзеў Майкл Скот Спэйчар -- амэрыканскі пілёт, якога захапілі ў палон ў час першай вайны ў Затоцы. Доўгія гады ён лічыўся загінулым, але нядаўна Пентагон прызнаў, што лейтынант мог застацца ў жывых і, магчыма, знаходзіцца ў адной з багдадзкіх турмаў. Ягоны лёс, як і лёсы дзясяткаў тысячаў іракцаў, бясьсьледна зьніклых у садамаўскіх засьценках, застаецца па-ранейшаму невядомым.
На факультэце па падрыхтоўцы замежных вайскоўцаў Ваеннай акадэміі Беларусі навучаюцца слухачы і ад’юнкты з Кітаю, КНДР і Вьетнаму. Пра гэта паведаміў у Нацыянальным прэс-цэнтры намесьнік начальніка Ваеннай акадэміі па навучальнай працы палкоўнік Валеры Бялько. Паводле яго, больш за ўсё замежных вайскоўцаў рыхтуюцца стаць адмыслоўцамі СПА, ракетных войскаў і артылерыі. У падрыхтоўцы афіцэраў для гэтых войскаў беларуская ваенная ВНУ мае шматгадовы досьвед. У той самы час вайскоўцы з краінаў СНД у Ваеннай акадэміі Беларусі на дадзены час не навучаюцца. Але, як адзначыў Валеры Бялько, дэлегацыя з шэрагу дзяржаваў, напрыклад, Казахстану і Армэніі, вывучалі гэтую магчымасьць.
Як паведамляе з Лёндану агенцтва Middle East Newsline, Сірыя нелегальным спосабам адпраўляе за межы краіны паплечнікаў скінутага прэзыдэнта Садама Хусэйна. Канечным пунктам прыбыцьця для іх становяцца Беларусь, Лібан і Паўночная Афрыка. Заходнія выведслужбы і крыніцы ў лібанскай апазыцыі паведамляюць, што рэжым прэзыдэнта Башара Асада загадаў ірацкім афіцыйным асобам неадкладна пакінуць Сірыю, як толькі раздаліся пагрозы ў адрас Дамаску з боку ЗША. Крыніцы сьцьвярджаюць, што грамадзянам Іраку, у тым ліку і жонцы Садама Саджыду і траім яе дзецям, былі выдадзеныя праязныя дакумэнты і іх суправодзілі на пасажырскія авіярэйсы ў Лібію й Беларусь. Астатнія былі адпраўленыя ў суседні Лібан.
Продвижение белорусских органических удобрений, в первую очередь, на основе торфа и сапропелей является перспективным направлением внешнеторговых отношений со странами Персидского залива, считают эксперты белорусского правительства.
Александр Лукашенко 30 апреля принял председателя правления Национального банка Петра Прокоповича. Особое внимание на встрече было уделено итогам 14-го заседания Межбанковского валютного совета, которое прошло в Полоцке. Достигнуты соглашения по многим вопросам, касающимся унификации банковской систем Беларуси и России, проведения единой кредитной политики. Вместе с тем участники заседания не пришли к общему мнению в вопросе о едином эмиссионном центре.
Падобна на тое, што суд па справе былога прэзыдэнта канцэрну “Белдзяржпрамхарч” Віктара Казекі й ягонага сына Андрэя хутка завершыцца. Амаль два месяцы ішлі допыты сьведак. І вось нарэшце ў панядзелак пачаліся спрэчкі -- апошні этап перад вынясеньнем выраку.
Чакаецца, што з 16 траўня на частаце FM 103,7 пачне вяшчаньне новая расейскамоўная радыёстанцыя. Такое рашэньне прыняла кіраўніцтва Белтэлерадыёкампаніі на чале зь Ягорам Рыбаковым. Гэта азначае, што з амаль паўтара дзясяткаў FM-станцыяў, якія вяшчаюць у Менску, не застанецца ніводнай беларускамоўнай.
29 красавіка на справаздачна-выбарнай канфэрэнцыі беларускай фэдэрацыі коннага спорту прайшлі выбары прэзыдэнта і сябраў выканкаму. У бліжэйшыя пяць гадоў ёй будзе кіраваць Урал Латыпаў, кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі. Ягоная кандыдатура была безальтэрнатыўнай. За яго прагаласавалі адзінадушна ўсе дэлегаты.
Для атрымання бясплатнай пуцёўкi ў санаторый пэнсіянэрам Берасьцейскай вобласьцi даводзiцца чакаць у чарзе да пяцi гадоў. Пра гэта паведамiў начальнiк камiтэту працы й сацыяльнай абароны насельнiцтва Берасьцейскага аблвыканкаму Пётар Яцкевiч на прэс-канфэрэнцыi, якая прайшла ў санаторыi "Белая вежа" ў Камянецкiм раёне i была прысьвечана праблемам санаторна-курортнага забеспячэньня. Паводле ягоных словаў, сёньня на сто пэнсiянэраў i асобаў, якiя атрымлiваюць дапамогi, прыходзiцца адна пуцёўка ў год. Чарга на атрыманьне бясплатных пуцёвак складае 20 тысячаў чалавек, прычым многiя зь iх маюць вострую патрэбу ў аздараўленьнi.
Нечаканая навiна азмрочыла надыход пэнсiйнага ўзросту ў работнiкаў Варапаеўскага дрэваапрацоўчага камбiнату, што ў Пастаўскiм раёне. Насуперак прынятай ў 2000 годзе калектыўнай дамове, адмiнiстрацыя прадпрыемства не выплацiла людзям, якiя пайшлi на пэнсiю, адначасовую грашовую дапамогу. Тлумачэньне банальнае: у касе камбiната не хапае грошай. Мэбля, якую выпускае прадпрыемства, рэалiзуецца дрэнна, з-за чаго i прыбытак мiзэрны, i фонд спажываньня адпаведны. У аднабаковым парадку перагледзелi калектыўныя дамовы i кiраўнiкi iншых прадпрыемстваў раёну.
Кіраўніцтва Аршанскага аўтапарку месяц вывучала попыт насельніцтва на пэўныя маршруты аўтобусаў. Многія рэйсы дзяржаўнага транспарту дублююцца прыватнымі маршрутнымі таксоўкамі, і аршанцы аддаюць перавагу хуткім і недарагім маршруткам. У выніку, дзяржаўныя аўтобусы ходзяць напаўпустымі. Таму шэраг маршрутаў вырашана скараціць. Праўда, пасьля абвяшчэньня аб скарачэньні ў аўтапарк пайшлі скаргі ад пэнсіянэраў: маршрутныя таксоўкі, якія перамаглі ў канкурэнцыі зь дзяржаўным транспартам, ім не па кішэні. Кіраўніцтва аўтапарку адказала, што не ў стане ўтрымліваць стратныя маршруты, бо ў агуле прадпрыемства застаецца стратным нават пасьля ліквідацыі гэтых рэйсаў.
Кіеў не ў захапленьні ад апошніх заяваў афіцыйнага Менску аб тым, што дамова аб дзяржаўнай мяжы ня будзе ратыфікаваная да таго часу, пакуль Украіна не разьлічыцца з пазыкамі. Аляксандар Лукашэнка і Леанід Кучма ў час тэлефоннай размовы 21 красавіка дамовіліся ў бліжэйшы час абмеркаваць праблемы рэалізацыі беларуска-украінскіх дамоўленасьцяў тэт-а-тэт.
Казахстан і Беларусь увайшлі ў склад пагадненьня міжнароднага транспартнага калідору “Поўнач-Поўдзень”. Пра гэта паведаміў намесьнік міністра транспарту Расеі Чынгіз Ізмайлаў, які прымае ўдзел у другім паседжаньні Каардынацыйнай рады МТК у іранскай сталіцы, паведамляе Касьпійскае інфармацйнае агенцтва.
З 24 па 27 красавіка прайшоў візыт у Іран дэлегацыі РУП “Менскі трактарны завод”. Як паведамілі ў прэс-службе Міністэрства замежных справаў Беларусі, у час візыту беларуская дэлегацыя была прынятая ў Міністэрстве гандлю Ірану, правяла шэраг перамоваў з іранскім партнэрам – кампаніяй “БемЗіКала” і азнаёмілася з створанай базай для арганізацыі зборачнай вытворчасьці трактараў.
Плянуецца, што 14 траўня ў Менск з працоўным візытым прыбудзе мэр Масквы Юры Лужкоў. Як паведаміў РИА "Новости" начальнік інфармацыйна-аналітычнага кіраваньня апарату Савету Міністраў Беларусі Мікалай Тоўсьцік, Лужкоў намерваецца правесьці перамовы з кіраўніцвм краіны аб разьвіцьці супрацоўніцтва Масквы зь Беларусьсю. Паводле ацэнкі беларускіх адмыслоўцаў, у бакоў ёсьць магчымасьці павялічыць беларускі экспарт у Маскву на 500 млн. даляраў у год.
Беларуская пошта зьведала на сабе ўсе наступствы дзяржрэгуляваньня й стала цалкам непрыцягальнай для простых грамадзянаў. Пошта ў Беларусі стратная, павольная і дарагая. Аднак зараз яе чакае новая дзяржініцыятыва.
У бліжэйшы час сярэдні заробак у краіне дасягне 250 тысячаў рублёў, а к канцы году пераўзыдзе 300 тысячаў. Гэтыя радасныя навіны агучылі афіцыйныя СМІ. Такім чынам, да новага году сярэднестатыстычны беларус будзе атрымоўваць пад паўтары сотні даляраў – калі, вядома, курс даляра не занадта рэзка пойдзе ўверх. Зрэшты, інфляцыя таксама не намерваецца спачываць на лаўрах: кошты ў апошнія месяцы растуць нават хутчэй, чым заробкі.