Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Ці створаць «Газпром» і Беларусь СП? 11:18, 07/05/2003
“Газпром” і ўрад Беларусі ў сярэдзіне траўня правядуць перамовы аб стварэньні сумеснага прадпрыемства на базе АТ “Белтрансгаз”. Пра гэта паведаміў намесьнік генэральнага дырэктара “Белтрансгазу” Станіслаў Гідрановіч у інтэрвію газэце “Коммерсант”.
Паводле Гідрановіча, для Беларусі прымальныя тры варыянты стварэньня СП.
Згодна першаму зь іх, 50 адсоткаў плюс адна акцыя кампаніі будуць замацаваныя ў дзяржуласнасьці, яшчэ каля 1 адсотка акцыяў дастануцца працоўнаму калектыву “Белтрансгазу”.
Таму, паводле Гідрановіча, абмяркоўвацца можа толькі лёс 48,99 адсоткаў акцыяў АТ. Яны могуць быць прададзеныя на адкрытым аукцыёне, на якім “Газпром” можа выступіць у ролі звычайнага купляніка.
Другі варыянт прадугледжвае “паэтапную прыватызацыю” АТ па схеме, якая рэалізуецца на сваіх нафтахімічных прадпрыемствах. “Газпрому” ў гэтым выпадку прапануецца роля стратэгічнага інвэстара.
Трэці варыянт, які ў “Белтрансгазе” лічаць аптымальным, -- продаж 30 адсоткаў акцыяў АТ на адкрытым аукцыёне і абмен папераў на долю “Газпраму” ў газапровадзе "Ямал-Эўропа", які праходзіць па тэрыторыі Беларусі.
Паводле ўсіх трох варыянтаў, “Газпром” увойдзе ў “Белтрансгаз” пасьля вызначэньня рынкавага кошту кампаніі, якая ацэньваецца беларускім бокам у 2,1 млрд. даляраў ЗША.
У сваю чаргу “Газпром” настойвае на тым, што СП павіна стварацца да вызначэньня рынкавага кошту “Белтрансгазу”.
У “Газпроме” лічаць таксама некарэктным жаданьне Беларусі захаваць за сабой больш за 50 % акцыяў АТ. “Мы павінны мець ня меней за 50% газатранспартнай сыстэмы Беларусі”, -- падкрэсьліў Разанаў.
Нагадаем, што па міждзяржаўным пагадненьні Расеі й Беларусі аб разьвіцьці газатранспартнай галіны сумеснае прадпрыемства павінна быць створанае да ліпеня 2003 году.
У супрацьлеглым выпадку Беларусі можа пагражаць перагляд дамоўленасьцяў па кошту і аб’ёмах паставак газу “Газпромам”.