Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Галава МЗС Літвы Антанас Валеніс абверг абвінавачваньні ў абароне карумпаваных дыпляматаў 10:35, 31/07/2003
“Катэгарычна адхіляю гэтае абвінавачваньне, якое неадпавядае рэчаіснасьці. Калі я неадкладна вызваліў ад абавязкаў службовых асобаў, якія сябе скампраментавалі, то я дзейнічаў паводле закону і ў рамках кампэтэнцыі міністра”, -- гаворыцца ў распаўсюджанай у сераду заяве кіраўніка замежнапалітычнага ведамства. Скандаль разгарэўся пасьля навіны аб тым, што літоўскія консульскія работнікі ў Расеі й Беларусі злоўжывалі службовым становішчам.
МЗС і Дэпартамэнт дзяржбясьпекі Літвы не паведамілі аб канкрэтных фактах парушэньняў з боку консульскіх работнікаў. Паведамлялася толькі, што ад пасадаў вызваленыя шэсьць консульскіх работнікаў у Маскве, Санкт-Пецярбургу й Менску. У адстаўку таксама падаў дырэктар консульскага дэпартамэнту МЗС Літвы Гядзімас Шаўдвіціс.
У сувязі з гэтым лібэральныя дэмакраты абвінавацілі кіраўніка замежнапалітычнага ведамства ў абароне карумпаваных дыпляматаў.
“Дакумэнт Дэпартамэнту дзяржбясьпекі аб парушэньнях у консульскіх службах я атрымаў пад грыфам “сакрэтна”. І паводле закону ніводны грамадзянін, у тым ліку й міністар, ня мае права агучваць дэталі незаконнай дзейнасьці зьнятых службовых асобаў”, -- гаворыцца ў заяве міністра.
Пры гэтым у дакумэнце адзначаецца, што цяперашняя сыстэма выдачы візаў стварае ўмовы, пры якіх прыватныя фірмы, якія займаюцца пасярэдніцтвам у атрыманьні дакумэнтаў на ўезд у краіну па палегчаных умовах, маюць магчымасьць уцягваць у гэтую дзейнасьць дзяржаўных служачых.
“Я намерваюся прапанаваць ураду скасаваць розныя бюракратычныя перашкоды й абмежаваньні, якія ствараюць умовы для злачыннай дзейнасьці”, -- гаворыцца ў заяве Валеніса.