Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - Новости Беларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Хартыя'97
english version | форум | русская версия
навiны  |  акцыi  |  фотакронiка  |  гучныя справы  |  дакумэнты  |  падшыўка  |  праекты  
 АРХIЎ 
1998-2002

 АРХIЎ 

ПнАўСрЧцПтСбНд
            1
2 3 4 5 6 7 8
9 10 1112 13 14 15
16 17 18 19 20 21 22
23 24 25 26 27 28 29


 ПОШУК 

прасунуты пошук


 ПРАЕКТЫ 


УСЕ ПРАЕКТЫ
 ПАДПIСКА 

Рассылка

Content.Mail.Ru

 РЭКЛЯМА 

 РЭКЛЯМА 




 НАВIНЫ 



Богдан Барусэвіч: «Трэба падтрымліваць дэмакратычныя рухі ў Беларусі»
12:27, 11/01/2006

У Сэнаце Польшчы надоечы прайшлі дэбаты на тэму сытуацыі ў Беларусі, дакладней - польскай дыяспары, якая там пражывае. Падкрэсьлівалася, што становішча некаторых актывістаў Саюза палякаў Беларусі драматычнае і што ім трэба дапамагаць. На думку маршалка польскага Сэнату Богдана Барусэвіча, «рэжым Лукашэнкі стараецца падпарадкаваць сабе ўсе арганізацыі, а сярод іх і Саюз палякаў». «Усё, што адбываецца з польскай меншасьцю ў Беларусі, зьяўляецца наступствам адсутнасьці дэмакратыі ў краіне. Гэта наш дыягназ. Каб палепшыць сытуацыю польскай дыяспары, трэба падтрымліваць дэмакратычныя рухі ў Беларусі», -- заявіў Богдан Барусэвіч у інтэрв’ю “Радыё Палёнія”.

-- Скажыце, калі ласка, што Польшча, польскі ўрад ці Сэнат могуць зрабіць, каб дапамагчы палякам у Беларусі?

-- Найперш трэба пра іх памятаць і правільна ставіць дыягназ сытуацыі. Дагэтулешнія спробы паўплываць на яе не далі эфэктаў.

Калі гаварыць пра дыягназ, то тое, што адбываецца з палякамі ў Беларусі, ня дзеецца з мэтай іх перасьледу. Гэта можа гучаць нечакана. Тым ня менш, я лічу, што ўсе рэпрэсіі накіраваныя супраць беларусаў. Рэжым Лукашэнкі стараецца падпарадкаваць сабе ўсе арганізацыі, а сярод іх і Саюз палякаў. Усё, што адбываецца з польскай меншасьцю ў Беларусі, зьяўляецца наступствам адсутнасьці дэмакратыі ў краіне. Гэта наш дыягназ.

Каб палепшыць сытуацыю польскай дыяспары, трэба падтрымліваць дэмакратычныя рухі ў Беларусі. Тут усё між сабою зьвязана, нават беларусы абураны тым, што адбываецца вакол Саюзу палякаў.

-- У часе сэнацкіх дэбатаў шмат гаварылася пра міжнародную сытуацыю Беларусі, парушэньні правоў чалавека. Гэтыя праблемы, дзякуючы польскім эўрадэпутатам, часта закранаюцца на форуме Эўразьвязу.

-- Мы ўваходзім у склад Эўразьвязу і, зразумела, выносім гэтыя праблемы на форум Эўразьвязу. Польскія эўрапарлямэнтары вельмі актыўныя ў дадзеным пляне, гэтак жа й Эўракамісія.

Але ўсё яшчэ застаецца шмат нявыкарыстаных магчымасьцяў, як, напрыклад, міжнародная скарга. Такіх індывідуальных скаргаў на Беларусь ёсьць 34, 8 зь якіх было прызнаных слушнымі.

У рамках міжнароднай скаргі польская дзяржава можа выступіць супраць улады Беларусі. Я лічу, што ўсе гэтыя дыпляматычныя магчымасьці, таксама й на ўзроўні ААН, павінны быць выкарыстаны.

Беларусь зьяўляецца сябрам АБСЭ і ААН, а ўсюды там, дзе беларуская дзяржава існуе як суб’ект міжнародных стасункаў, трэба закранаць дадзеную праблему й патрабаваць тлумачэньняў.

Апрача таго тут, у Польшчы, трэба энэргічна ўзяцца за працу, энэргічна, каб нашыя дзеяньні мелі сэнс напярэдадні выбараў у Беларусі. Пазьней нашы дзеяньні таксама ня будуць пазбаўлены сэнсу, але іх вынік можа ня быць настолькі відавочны.

-- Скажыце, якога роду была б гэтая дзейнасьць?

-- Найважнейшае – даць грамадзянам Беларусі доступ да аб’ектыўнай інфармацыі. Яны наогул не атрымліваюць інфармацыі зь іншых крыніц, чым лукашэнкаўскія электронныя СМІ. Незалежную прэсу штораз больш абмяжоўваюць. У сувязі з гэтым, мне здаецца, што найбольш эфэктыўным й найхутчэйшым спосабам магло б быць радыёвяшчаньне.

Ёсьць некалькі ініцыятываў, пачынаючы ад Эўразьвязу, які аб’явіў тэндэр на вяшчаньне па-беларуску, але гэта зацягваецца. Я ня думаю, каб Эўразьвяз пасьпеў гэта рэалізаваць да прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.

З польскімі ініцыятывамі стварэньня незалежнай беларускай рэдакцыі – сытуацыя падобная. Гэта дзіўна, ёсьць сродкі, ёсьць магчымасьці, але людзі ня могуць дайсьці да паразуменьня.

Існуе магчымасьць разбудовы Радыё Палёнія. Мне здаецца, што варта пайсьці гэтым шляхам, бо гэтае радыё існуе, яно афіцыйна прадстаўляе польскія ўлады, мае Беларускую службу, якая даходзіць да значнай часткі беларусаў, і Польскую службу, якая павінна старацца трапляць да палякаў у Беларусі, у цэлай краіне.

-- Якія яшчэ кароткачасовыя й доўгатэрміновыя дзеяньні вы тут бачылі б? Бліжэйшы тэрмін вызначаюць прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі, а ў далейшым пляне?

-- Магчымасьць дзеяньняў будзе залежаць ад сытуацыі ў Беларусі. Калі яна завострыцца, калі, напрыклад, рэжым Лукашэнкі памкнецца ўвесьці свайго роду надзвычайнае становішча, а такія сыгналы мы атрымліваем зь Беларусі, то нашая рэакцыя павінна быць адпаведнай. Іншай, чым у сёньняшняй сытуацыі, калі значна абмежаваная дзейнасьць апазыцыі, калі яе перасьледуюць, але не ліквідуюць. Мы мусім мець розныя сцэнары й дапасоўваць іх да рэальнай сытуацыі ў Беларусі.

Чарговая складаная праблема – гэта Польскія дамы. У Беларусі ёсьць некалькі такіх пляцовак, якія падтрымліваюць тамтэйшых палякаў. Цяпер іх паступова пераймаюць сябры Саюзу палякаў, падпарадкаваныя рэжыму, а ад непаслушных пазбаўляюцца.

-- На жаль, так ёсьць. Гэтыя Польскія дамы ад пачатку былі ўласнасьцю Саюзу палякаў Беларусі. Але ў дамовах прадугледжана, што, калі іх будуць выкарыстоўваць нязгодна з дамоўленасьцямі, то Польшча можа патрабаваць іх вярнуць.

-- Трэба таксама іншымі шляхамі падтрымліваць польскую меншасьць. Гэтая дапамога павінна быць дэцэнтралізаваная ў сытуацыі, калі кіраўніцтва гэтай буйной агульнабеларускай арганізацыі ня ў стане выконваць сваю ролю.

Сёньня адзінымі легітымнымі прадстаўнікамі ўладаў Саюзу палякаў Беларусі для польскіх уладаў, для Сэнату, зьяўляюцца Анжаліка Борыс і ўсе тыя людзі, якіх сябры арганізацыі выбралі на сакавіцкім зьезьдзе. Мы ня пагаджаемся з антыдэмакратычным замахам на ўлады СПБ і ня будзем фінансаваць лукашэнкаўскіх арганізацыяў.

-- Ці той факт, што Польшча панізіла ранг дыпляматычных узаемадачыненьняў зь Беларусяй, не зьяўляецца тут перашкодай? Няма магчымасьці весьці нармальную размову. Але ці такая размова магчымая й патрэбная?

-- Размова, безумоўна, патрэбная. І ня толькі Польшча абавязаная падтрымліваць дэмакратыю ў Беларусі. Я хачу заўважыць, што такія абавязаньні мае таксама Расея, якая зьяўляецца сябрам Рады Эўропы й ад траўня будзе там старшыняваць. Яна таксама, як Польшча, павінна сачыць за тым, каб у Беларусі ўлады прытрымліваліся дэмакратычных прынцыпаў, каб там адбываліся свабодныя выбары. Гэта ўжо пытаньне ня толькі палякаў у Беларусі, а наогул сытуацыі ўсіх беларускіх грамадзянаў.

На завяршэньне я хачу сказаць усім нашым суайчыньнікам па-за межамі Польшчы, што мы тут, на Бацькаўшчыне, не забываем пра іх. І мы будзем старацца за тыя невялікія грошы з сэнацкага бюджэту эфэктыўна іх падтрымліваць, каб нашыя суайчыньнікі мелі лепшае жыцьцё ў сваіх краінах.


напicаць камэнтар

 СЁНЬНЯ 



 РЭКЛЯМА 



1998-2007 © Хартыя'97.

Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая.


Rating All.BY Rambler's Top100
реклама: