Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Мілінкевіч сустрэўся з выбарцамі Бярозы 13:01, 10/03/2006
9 сакавіка кандыдат аб`яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч пачаў перадвыбарчы тур па Берасьцейшчыне. Цягам трох дзён ён наведае Кобрын, Пінск, Берасьце, Белаазёрск. У чацвер ён сустрэўся з выбарцамі Бярозы.
Як паведамляе “Радыё Свабода”, на сустрэчу з кандыдатам аб`яднанай апазыцыі ў філіял Бярозаўскага дому культуры прыйшло 400 чалавек. Размова доўжылася дзьве гадзіны.
Над сцэнай дому культуры вісеў вялікі лёзунг "Бяроза за Лукашэнку". Але жыхары гораду запэўнівалі, што далёка ня ўсе жыхары гораду так думаюць, а плякат павесілі мясцовыя ўлады. Аляксандар Мілінкевіч заявіў, што адносіцца да гэтага плякату з гумарам, бо ў цэлым горадзе аднастайнасьць думак немагчымая.
Пытаньняў было шмат. У пераважнай большасьці яны насілі сацыяльна-эканамічны характар. Увагу многіх прыцягнула пытаньне маладога чалавека, які пацікавіўся, ці гатовы Мілінкевіч у выпадку перамогі, вярнуць зямлю тым, хто яе меў да ўваходжаньня Заходняй Беларусі ў склад СССР. Аляксандар Мілінкевіч адзначыў, што вярнуць уласнасьць было б справядліва, але з тых часоў сытуацыя шмат дзе памянялася, і ён не гатовы быў бы на нейкае валявое рашэньне ў гэтым пытаньні і аддаў бы яго на разгляд парлямэнту.