Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларусы і ўкраінцы правялі пікет у Брусэлі (Фота) 19:46, 13/03/2006
Сёньня ў цэнтры Брусэлю, каля будынкаў Парлямэнцкая асамблеі Рады Эўропы і Эўрапейскай Камісіі прайшла акцыя пратэсту супраць перасьледу і арыштаў прыхільнікаў дэмакратычных кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта Беларусі, а таксама супраць магчымых фальсыфікацыяў вынікаў выбараў.
У пікеце, які адбываўся ў цэнтры Брусэлю, на пляцы імя Робэрта Шумана, узялі ўдзел каля 20 чалавек, прычым арганізатарамі пікету выступілі украінцы, якія жывуць у Бэльгіі.
“Сёньня мы разам з братамі-беларусамі бярэм удзел у гэтай акцыі – мы супраць фальсыфікацыяў вынікаў выбараў, супраць перасьледу беларускай апазыцыі. Украінцам і беларусам трэба трымацца разам. Жыве Беларусь!”, -- паведаміў «Радыё Свабода» Аляксандар Падбярэзьнік-Кірычэнка.
Удзельнікі акцыі трымалі беларускія і ўкраінскія сьцягі, плякаты з надпісамі па-беларуску і па-француску “Не – фальсыфікацыям вынікаў выбараў у Беларусі!”, “Свабоду палітывязьням!”, “Так свабодным і дэмакратычным выбарам!”.
У пікеце ўзялі ўдзел прадстаўнікі “Беларуска-эўрапейскага задзіночаньня” (БЭЗ). Падтрымаць удзельнікаў пікету прыйшоў і сябра Рады БНР спадар Янка Жучка.
Паводле ягоных словаў, акцыі пратэсту ў справе Беларусі за мяжой вельмі патрэбныя.
“Мы паказваем Эўропе, што тое, што нашая эўрапейская краіна выключаная з Эўропы, гэта віна толькі нейкай часткі беларусаў, ня ўсіх. Таксама тут і расейскага боку віна ёсьць, што мы ня можам поўнасьцю далучыцца да Эўропы”, -- сказаў “Радыё Свабода” сябра Рады БНР.