|
|
||||||||||||||||||||
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Справа па арышту беларусаў ва Украіне зачыненая 18:28, 11/10/2006 Нагадаем, што крымінальная справа была ўзбуджаная па факце пазапраўнага затрымання беларусаў у ноч з 24 на 25 лістапада 2004 года ўкраінскімі спецслужбамі на ўкраінска-беларускай мяжы. Беларусы вярталіся з Кіева, дзе па запрашэнні шэрагу ўкраінскіх няўрадавых арганізацый знаходзіліся падчас другога тура прэзідэнцкіх выбараў. У дачыненні да затрыманых ужывалася грубая фізічная сіла. На патрабаванні беларусаў прадставіцца і растлумачыць чыннік затрымання, "сілавікі" адмаўляліся называць прозвішчы, і гаварылі, што няма чаго было прыязджаць на Майдан і падтрымліваць Юшчанку. У затрыманні з ужываннем гвалту чатырох чалавек удзельнічалі больш дваццаці супрацоўнікаў памежнай службы, міліцыі, мытні і людзі ў цывільным. Зміцер Бандарэнка атрымаў сур`ёзную траўму рукі. Пазней у Менску яму была зробленая аперацыя, накладзены гіпс. Затым грамадзян Беларусі абвінавацілі ў непакарэнні памежнікам. Беларускія апазіцыянеры правялі амаль суткі ў Рэпкінскам РУУС, пасля чаго яны былі адпушчаныя па рашэнні адміністратыўнага суда, які прызнаў іх невінаватымі. Пракаментаваць закрыццё крымінальнай справы прэс-цэнтр Хартыі`97 папрасіў актывістаў апазіцыі Зміцера Бандарэнку і Зміцера Бародку. "Безумоўна, адказ следчага Чарнігаўскай пракуратуры Лятуты мяне вельмі здзівіў. Нашу справу расследвалі дзве пракуратуры. Спачатку "грамадзянская" пракуратура Чарнігаўскай вобласці ўзрушыла крымінальную справу па нашым выпадку, і мы ездзілі даваць сведчанні ў якасці пацярпелых гэтаму следчаму. Потым справа перайшла ў ваенную пракуратуру Чарнігаўскага гарнізона, дзе ўжо іншы следчы і ваенны пракурор Андрэй Падасінаў праводзілі шэраг следчых дзеянняў па выяўленні супрацоўнікаў сілавых структур, якія нас затрымоўвалі, і вочныя стаўкі з імі. Мы апазналі некалькі чалавак, якія нас затрымоўвалі, у тым ліку мной былі апазнаныя людзі, якія непасрэдна нанеслі мне калецтва. Зараз мы атрымалі адказ чамусьці з грамадзянскай пракуратуры. А як жа нашы сведчанні і апазнанні ў ваеннай пракуратуры? Фактычна гэты адказ азначае, што ў дэмакратычнай Украіне выкраданне, пазапраўны арышт, прычыненне калецтваў, якія здзяйсняліся супрацоўнікамі сілавых ведамстваў у дачыненні замежных грамадзян, злачынствамі не з`яўляюцца. З чым я прэзідэнта Юшчанку і віншую. Жадаў бы таксама адзначыць, што наша справа была зачыненая літэральна праз пару тыдняў пасля вяртання г-на Януковіча ва ўладу. І, мабыць, людзі, якія аддавалі вусны загад аб нашым пазапраўным затрыманні, вярнуліся ва ўладу разам з ім", – заявіў Зміцер Бандарэнка. "Крыўдна, што я і мае сябры былі затрыманыя, збітыя, суткі адсядзелі за кратамі проста так. Шкада патрачанага часу, бо мы за свае грошы некалькі разоў ездзілі ў Чарнігаў, спадзяючыся, што ў новай дэмакратычнай Украіне пераможа справядлівасць. Мы далі поўнае тлумачэнне таго, як гэта ўсё адбывалася, мы апазналі людзей, якія нас арыштоўвалі, якія круцілі рукі і адзявалі наручнікі. Давядзенне дадзенай справы да лагічнага канца магло б паслужыць прыкладам для супрацоўнікаў спецслужб не толькі Украіны. Не толькі наша справа, але і іншыя падзеі ва Украіне гавораць аб адкаце ад ідэалаў "памаранчовай рэвалюцыі", сваеасаблівым рэваншам ранейшага рэжыму", – лічыць іншы пацярпелы Зміцер Бародка. На пытанне, ці збіраюцца беларусы абскардзіць у судзе рашэнне пракуратуры, Бандарэнка адказаў: "Справа была ўзбуджаная структурным падпадзяленнем украінскай пракуратуры. Мы не пісалі тады ніякіх заяў і скаргаў на свой конт, і не жадаем гэта рабіць зараз. Сёння мы спадзяемся на тое, што чарнігаўская пракуратура адменіць сваё рашэнне, бо, на наш погляд, склад злачынства ў дачыненні да нас відавочны. Вынікі траўмы рукі я адчуваю дагэтуль, і лекары гавораць, што цалкам аднавіць функцыі ўжо не атрымаецца. Калі наша справа будзе "спушчана на тормазах", то значыць, Украіна так і не стала прававой дзяржавай, і ёю кіруюць тыя ж злачынныя, карумпіраваныя сілы, як і да "памаранчовай" рэвалюцыі. "Рэпкінская справа" – гэта тэст на ўзровень развіцця ўкраінскай дэмакратыі. Але, пэўна, гэта больш праблема саміх украінцаў, а ў нас у Беларусі сёння сваіх праблем хапае. Калі ж праваахоўныя органы Украіны захочуць усёткі разабрацца ў гэтай справе, мы гатовыя прыехаць". Тым не менш, беларускія апазіцыянеры не шкадуюць, што ездзілі ў 2004 году ў Кіеў. "Нават, нягледзячы на тое, што здарылася, я зусім не шкадую, што быў у гэты час у Кіеве, таму што Майдан абудзіў ва мне і тысячах людзей надзею на тое, што мара аб свабодзе можа ажыццявіцца", – сказаў Зміцер Бародка. ![]() Зміцер Бандарэнка, лістапад 2004 г. ![]() Зміцер Бандарэнка, лістапад 2004 г. ![]() Зміцер Бандарэнка и Зміцер Бародка на Майдане Незалежнасці
|