Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларусь пагражае выправадзіць расейскіх вайскоўцаў з краіны 10:48, 31/10/2006
Паміж Менскам і Масквой наспявае скандал, падставай для якога, як гэта ні парадаксальна, паслужыла заява прэзідэнта Расеі. Уладзімір Пуцін падчас тэлевізійных размовы з грамадзянамі РФ сказаў аб магчымым абмежаванні паставак расейскай нафты ў Беларусь, калі не атрымаецца дамовіцца з Менскам па стандартах мытных пошлін. У беларускай сталіцы гэтую заяву расцанілі як непрыязны крок і прыстрашылі адмовай у размяшчэнні на тэрыторыі Беларусі расейскіх вайсковых аб`ектаў. Дарэчы, піша расейская "Независимая газета", беларускія эксперты гэтую пагрозу пустой не лічаць, бо прапанова, датычная да прысутнасці расейскіх вайскоўцаў у Беларусі, зыходзіла не ад выпадковай асобы, а ад дэпутата "парламента", які набліжан да каляпрэзідэнцкіх кругоў і які карыстаецца рэпутацыяй вельмі інфармаванага і асцярожнага палітыка.
Нагадаем, што страсці і ў Менску, і ў Маскве разгарэліся пасля таго, як кіраўнік камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы верхняй палаты беларускага "парламента" Мікалай Чаргінец зазаначыў, што, "улічваючы тон і форму выкладання пазіцыі аб перспектывах "саюзнага будаўніцтва", выказванні Уладзіміра Пуціна носяць калі не дыктатарскі, то ўльтыматыўны характар". Беларускі “дэпутат” нагадаў Маскве і іншыя непаважлівыя ў дачыненні да брацкага народа меры, у прыватнасці, адключэнні газу ўзімку, а таксама абмежаванні для беларускіх тавараў на расейскім рынку, і зрабіў выснову, што Масква не зацікаўленая ў стварэнні “саюзнай дзяржавы”. Больш таго, усе гэтыя крокі – "сведчанне развязанай Расеяй гандлёвай вайны". Такая сітуацыя, лічыць Чаргінец, дае падставы афіцыйнаму Менску задумацца аб адказных кроках "для захавання свайго суверэнітэту і эканамічнай бяспекі". "Можа, Беларусі трэба б было разгледзець пытанне аб далейшым знаходжанні расейскіх вайсковых аб`ектаў на сваёй тэрыторыі?" – выказаў ідэю беларускі “парламентар”.
Зрэшты, беларускі палітолаг Валерый Карбалевіч зазначыў "НГ", што на тэму расейскіх васковых баз неаднаразова выказваўся сам Лукашэнка, прыводзячы іх прысутнасць на тэрыторыі Беларусі ў якасці аргументу пры чарговым гандлі з Расеяй. Матыў не новы і выцягваецца на паверхню тады, калі трэба Расею пашантажаваць. "Сёння мы ў чарговы раз назіраем абвастрэнне адносінаў паміж Расеяй і Беларуссю, таму Чаргінец выказаў тое, на што ў самай мяккай форме неаднаразова ківаў сам Лукашэнка", – сказаў Карбалевіч. Аднак вывад расейскіх вайсковых баз азначаў бы разрыў адносінаў з Расеяй, і малаверагодна, што гэта адбудзецца.
Хутчэй можна казаць аб чарговым ціску Менска напярэдадні прыняцця Масквой сур`ёзных рашэнняў аб кошце на газ і падзеле нафтавых прыбыткаў. Да таго ж адначасова з заявай “парламентара” з вуснаў міністра абароны Беларусі Леаніда Мальцава прагучала інфармацыя пра тое, што ўзброеныя сілы Беларусі завяршаюць прыёмку яшчэ двух дывізіёнаў зенітна-ракетных комплексаў З-300 з Расеі. Леанід Мальцаў нагадаў, што два аналагічных дывізіёна ЗРК С-300 ужо размешчаныя ў 115-й ракетнай брыгадзе і прыкрываюць Брэст.
Яшчэ адзін аргумент у карысць таго, што Беларусь усё ж будзе мірна дамаўляцца з саюзнікам, а не рабіць рэзкія выпады ў бок Расеі, – паведамленні, якія з`явіліся ў мясцовых СМІ, пра пачатак перамоўнага працэсу паміж Масквой і Менскам аб падзеле экспартных пошлін на нафтапрадукты. "Беларусь гатовая абмяркоўваць з Расеяй магчымасць заключэння асобнага пагаднення аб падзеле беларускіх экспартных пошлін на нафтапрадукты", – пракаментаваў сітуацыю журналістам міністр фінансаў Беларусі Мікалай Корбут. Па яго словах, урад Беларусі "пару тыдняў таму атрымаў ад расейскага боку праект пагаднення аб размеркаванні пошлін". "Зараз мы над ім працуем", – паведаміў міністр.
Акрамя таго, "НГ" звярнулася за растлумачэннямі ў прэс-службу АДКБ. Аднак там адмовіліся каментаваць як пагрозу з боку Менска, так і саму верагоднасць эвакуацыі вайсковых аб`ектаў РФ. У камітэце "саюзнай дзяржавы" "НГ" таксама не атрымалася атрымаць зразумелых растлумачэнняў па гэтым пытанні.
Разам з тым, крыніца ў Міністэрстве абароны РФ заяву беларускага "дэпутата" назвала, мякка гаворачы, некампетэнтнай. "Два расейскіх вайсковых аб`екта – радыёлакацыённая станцыя наземнай сістэмы папярэджвання аб ракетным нападзе (СПРН) "Волга" пад беларускім мястэчкам Ганцэвічы, вузел сувязі ВМФ РФ у раёне горада Вілейка размяшчаюцца ў адпаведнасці з доўгатэрміновымі дамовамі паміж РФ і РБ", – заявіла "НГ" крыніца ў МА. Для таго каб ліквідаваць у Беларусі расейскія вайсковыя аб`екты, спачатку неабходна дэнансаваць гэтыя дакументы.
Вайсковыя аб`екты Расеі ў Беларусі
Радыёлакацыённая станцыя (РЛС) "вузел Баранавічы" (або "Волга") дыслакуецца ў пасёлку Ганцэвічы ў 48 км ад Баранавічаў. На баявое дзяжурства заступіла ў 2002 годзе. Арандуецца Расеяй па двухбаковаму пагадненню 1995 года тэрмінам на 25 гадоў, пры гэтым ні адзін падатак у мясцовы бюджэт не бярэцца. Аб`ект уваходзіць у склад Сістэмы папярэджвання аб ракетным нападзе (СПРН) і замыкаецца на так званы ядзерны чамаданчык прэзідэнта Расеі. З дапамогай "Волгі" здзяйсняецца выяўленне балістычных ракет, касмічных аб`ектаў і кантроль над раёнамі патрулявання падлодак НАТО у Паўночнай Атлантыцы і Нарвежскім моры. Пляц тэрыторыі – больш 200 га. Колькасць адмыслоўцаў – 2 тыс. расейскіх вайскоўцаў і мясцовы грамадзянскі персанал (не больш 15%). Экспертны кошт арэнды 7-9 млн. дал. штогод.
Занальны пункт сувязі ВМФ "Вілейка" (або радыёстанцыя "Антэй") размешчаны ў 10 км ад аднайменнага райцэнтра Менскай вобласці. Адчынены ў пачатку 1964 года. Умовы арэнды такія ж, як і для "Волгі". Праз "Антэй" рэтранслююцца кадаваныя сігналы, якія паступаюць з Цэнтральнага вузла сувязі ВМФ галоўным чынам на падводныя лодкі, змешчаныя практычна ва ўсіх акіянах (здзяйсняецца і зваротная сувязь). Загад можа быць аддадзены і з "ядзернага чамаданчыка". Пляц тэрыторыі 650 га. За 3-4 гады станцыю плануецца мадэрнізаваць. Аб`ект абслугоўваюць 350 афіцэраў і мічманаў ВМФ Расеі, а таксама вольнанаёмныя грамадзяне Беларусі, якія ажыццяўляюць ваенізаваную ахову. Па афіцыйных дадзеных, "Вілейка" абыходзіцца Расеі ў 7-10 млн. дал. штогод.