Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
З афіцыйных прафсаюзаў масава сыходзяць працоўныя 14:23, 29/11/2006
130 працаўнікоў АТ “Добрушская папяровая фабрыка “Герой працы” напісалі заявы аб выхадзе з афіцыйнага прафсаюза працаўнікоў леса. Усе яны незадаволеныя нізкай зарплатай і цяжкімі ўмовамі працы, і лічаць, што прафсаюз нічога не робіць для таго, каб змяніць сітуацыю, паведамляе www.praca-by.info. “Для нас – гэта беспрэцэндэнтны выпадак”, – адзначыў старшыня Беларускага прафсаюза працаўнікоў леса Іван Гурскі.
У той жа час ён пацвердзіў, што праблемы нізкай зарплаты існуюць практычна на ўсіх цэлюлозна-папяровых прадпрыемствах галіны. “Мы гэтае пытанне неаднаразова ўзнімалі і на ўзроўні ўрада, і на ўзроўні Сідорскага. У нас вельмі буйныя прадпрыемствы, старое абсталяванне, арэнда зямлі вельмі дарагая. Усё гэта прыводзіць да высокага сабекошту прадукцыі. Падаткі складаюць больш за палову сабекошту. Мы не можам канкурыраваць з прыватнымі прадпрыемствамі. Яны маленькія, займаюць невялікія плошчы, працуюць на сучасным абсталяванні, і іх зараз некалькі сотняў у краіне”, – распавёў Іван Гурскі.
Ён паведаміў, што ў ліпені гэтага года ў Івацэвічах адбылося паседжанне з удзелам Лукашэнкі, на якім абмяркоўвалася сітуацыя ў галіне. Было вырашана ў 2007 годзе правесці рэструктурызацыю буйных прадпрыемстваў і пабудаваць шэраг новых дрэваапрацоўчых фабрыкаў. Для гэтага ўраду даручана садзейнічаць у прыцягненні інвестыцый. А пакуль кіраўніцтва афіцыйнага прафсаюза супакоіла працоўных, папрасіўшы іх трохі пачакаць і пацярпець.
“Сітуацыя – пад кантролем, – засведчыў старшыня Гомельскага абласнога камітэта прафсаюза працаўнікоў лесу Віктар Крыўко-Красько. – Мы правялі сход, растлумачылі людзям, што сітуацыя склалася цяжкая, няма сыравіны, Расея рынкі зачыніла. План выконваецца ў лепшым выпадку працэнтаў на 90. Адкуль узяцца высокім заробкам? А людзі жадаюць працаваць. Добрушская фабрыка – гэта горадаўтваральнае прадпрыемства. Сыходзіць людзям няма куды”.