Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Пуцін: «Газпром» і «Белтрансгаз» ствараюць СП 09:23, 29/11/2006
Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін паведаміў, што Масква і Менск дамовіліся аб стварэнні сумеснага прадпрыемства “Газпрома” і “Белтрансгаза” на парытэтнай аснове. Хутчэй за ўсё яно будзе створанае да канца года. “Газпром” разам з “Белтрансгазам” створаць сумеснае прадпрыемства 50 на 50”, – растлумачыў Пуцін журналістам. “Спадзяюся, што гэта будзе зроблена ў самы блізкі час, вядома, да новага года”, – дадаў ён.
Паміж Расеяй і Беларуссю “у цэлым ёсць разуменне таго, як магчыма вырашаць праблемы, у тым ліку, у вобласці энергетыкі”, сказаў Пуцін, адказваючы на пытанні па выніках перамоў з Аляксандрам Лукашэнкам.
Пуцін паведаміў, што па “Белтрансгазе” “ёсць ацэнка незалежных экспертаў”. “Мы загадзя дамовіліся, што якой бы яна ні была з ёй і расейскі, і беларускі бакі згадзяцца”, – сказаў Пуцін.
Ацэнку актываў кампаніі “Белтрансгаз” па ініцыятыве беларускага боку праводзіць нідэрланскі банк ABN Amro, нагадвае ІТАР-ТАСС.
“Спадзяюся, што ў самы блізкі час канчатковыя рашэнні, асабліва ў сферы энергетыкі, будуць прынятыя, маючы на ўвазе, што незалежныя ацэншчыкі па сутнасці ўжо скончылі сваю працу па ацэнцы “Белтрансгаза”, і на экспертным узроўні ёсць не толькі разуменне, але і дамоўленасць аб спосабах выхаду на канчатковыя рашэнні”, – заявіў Пуцін.
Ён падкрэсліў, што “гэта будуць рашэнні рынкавага характару”. “Мы са ўсімі нашымі партнёрамі без усякага выключэння будзем пераходзіць на адносіны рынкавага характару”, – нагадаў ён. “У самой Расеі мы паступова пераходзім на рынкавыя адносіны, маючы на ўвазе неабходнасць выраўнавання энергетычнага балансу ўсярэдзіне расейскай эканомікі”, – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. “Будзем рабіць гэта паступова, не наносячы шкоды ўнутраным спажыўцам”, – дадаў ён.
“Што датычыцца нашых знешніх партнёраў, у тым ліку Беларусі, то частку цаны мы будзем капіталізаваць у кошт “Белтрансгаза” падчас стварэння СП”, – растлумачыў Пуцін. “Гэтыя пытанні будуць вырашаныя, але як яны будуць вырашаныя – пэўныя параметры дамоўленасцяў – павінна будзе вырашацца на экспертным, карпаратыўным узроўні”, – сказаў прэзідэнт.
Тры дні таму першы намеснік старшыні Савета міністраў Беларусі Уладзімір Сямашка адзначыў, што пасля незалежнай ацэнкі “Белтрансгаза” Беларусь і РФ паспеюць стварыць газатранспартнае СП да канца года “пры наяўнасці палітычнага рашэння”.
Па розных ацэнках, актывы “Белтрансгаза” складаюць ад 3 млрд. даляраў і вышэй.
У 2006 г. “Газпром” паставіў у Беларусь 21 млрд. куб м газу па цане 46,68 дал. за 1 тыс. куб. м. З 2007 г. цэны могуць наблізіцца да 200 дал. за 1 тыс. куб. м.