Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Гандлёвая вайна паміж РФ і Беларуссю не сціхае 10:16, 29/11/2006
Нават на час саміту прэзідэнтаў краін СНД у Менску і візіту ў Маскву прэм`ер-міністра Беларусі Сяргея Сідорскага ў гандлёвай вайне двух краін, якія будуюць “cаюзную дзяржаву”, не было абвешчана перамір`я. Пакуль у будынку мэрыі на Новым Арбаце сталічны граданачальнік Юрый Лужкоў з прэм`ерам краіны-саюзніцы адчыняў выставу беларускіх тавараў, машыны з расейскімі таварамі былі затрыманыя на мяжы Беларусі і Расеі, піша “Независимая газета”. Адначасова амаль 140 вагонаў з беларускім цукрам не могуць крануцца з месца ў Расеі.
Напярэдадні беларускія СМІ растыражавалі інфармацыю аб тым, што беларуская мытня не прапусціла машыны з расейскімі цукеркамі (па інфармацыі “НГ”, гаворка ідзе аб 20 машынах). Частка грузу (вырабы, якія маюць назву, аналагічную тым вырабам, што выпускаюцца ў Беларусі) была канфіскаваная супрацоўнікамі беларускай службы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі ў прыбытак дзяржавы, а машыны адпушчаныя. З іншых крыніц у “НГ”атрымалася даведацца, што ўжо тыдзень беларускую мытню не могуць пакінуць машыны з расейскім півам. Яны знаходзяцца на складах часовага захоўвання ў гарадах Полацку і Віцебску, дзе ўсё, што ў кожнай машыне правяраецца на наяўнасць шкодных рэчываў і адпаведнасць фактычнай “градуснасці” той, якая паказаная на бутэльцы. За тыдзень беларускія адмыслоўцы змаглі праверыць толькі дзве машыны, яшчэ сем чакаюць сваёй чаргі. Расейскія пастаўшчыкі пры гэтым нясуць сур`ёзныя непрадугледжаныя выдаткі (платныя стаянкі, утрыманне і зарплата перавозчыкаў), што можа павялічыць цану тавара, які пастаўляецца, і зрабіць яго неканкурэнтаздольным на беларускім рынку.
Кіраўнік ДМК Аляксандр Шпілеўскі, каментуючы журналістам інцыдэнт, аспрэчыў інфармацыю аб тым, што такія меры дакранаюцца толькі тавараў з РФ. “Ніякай праблемы з Расеяй у нас няма ні па алкагольнай прадукцыі, ні па кандытарскіх вырабах. Існуе праблема ўвозу кантрафактнай прадукцыі ў Беларусь незалежна ад краіны паходжання”, – сказаў ён.
Як растлумачыў “НГ” эксперт у беларускім урадзе, дакументы, кіруючыся якімі беларуская мытня затрымоўвае расейскія тавары, сапраўды не вылучаюць прадукцыю з Расеі ў асобную катэгорыю. Аднак Беларусь і Расея – адзіныя краіны ў СНД, паміж якімі няма мытні, а дзейнічаюць дакументы, якія дазваляюць свабоднае перамяшчэнне тавараў. Выдадзеныя мытным камітэтам, гэтыя загады (аб існаванні якіх, дарэчы, пастаўшчыкі даведваюцца толькі на мяжы) уводзяць дагляд кандытарскіх вырабаў і алкаголю, уключаючы піва, што парушае саюзныя дамоўленасці. Як вядома, парушэнне саюзных дамоўленасцяў – аблюбаваная тэма Аляксандра Лукашэнкі, які ўвесь час абвінавачвае Расею ў зрыве саюзных дамоўленасцяў, калі гаворка ідзе аб павелічэнні цаны на газ.
Здаецца, адзіным месцам, дзе няма рознагалоссяў у гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве двух краін, аказалася расейская сталіца. Мэр Масквы Юрый Лужкоў з прэм’ер-міністрам Беларусі Сяргеем Сідорскім адкрыў учора выставу беларускіх тавараў у будынку мэрыі на Новым Арбаце. Большую частку экспазыцыі займаюць тавары для дзяцей, у асноўным вопратка, абутак і цацкі. Сяргей Сідорскі прыняў удзел у трэцім форуме дзелавога супрацоўніцтва Беларусі і Масквы для таго, каб “вызначыць наменклатуру і аб`ёмы паставак беларускага харчавання” у расейскую сталіцу ў 2007 годзе. Дамова аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве паміж Масквой і Беларуссю прадугледжвае рост аб`ёмаў паставак беларускага харчавання на 10%.