Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Ірына Казуліна наведала Дэпартамент выканання пакаранняў 09:59, 01/12/2006, фота ByMedia.net
Жонка экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі, палітвязня Аляксандра Казуліна Ірына Казуліна, былы палітвязень Сяргей Скрабец і старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэта Таццяна Працько наведалі Дэпартамент выканання пакаранняў МУС Рэспублікі Беларусь. Жонку палітвязня прыняў першы намеснік начальніка Дэпартамента выканання пакаранняў Юрый Барынкоў. Службоўца даў Ірыне Казулінай дазвол на перадачу ў віцебскую выпраўленчую калонію прадуктаў, якія будуць неабходныя Аляксандру Казуліну ў выпадку яго выхаду з галадоўкі. Нагадаем, што палітвязень галадае ўжо 43 дні. За час зняволення экс-кандыдат у прэзідэнты схуднеў на 38 кілаграмаў. Галоўнае патрабаванне галадоўшчыка – разгляд сітуацыі ў Беларусі ў Радзе Бяспекі ААН.
Ірына Казуліна звярнулася таксама да намесніка начальніка ДВП з просьбай перадаць у калонію некаторыя будматэрыялы. Як вядома, прафесар А.Казулін арганізоўвае ў калоніі бібліятэку. У сваіх лістах піша, што гэтая “бібліятэка дае хоць нейкую разнастайнасць у шэрасці аднастайных будняў”. Для гэтага патрэбен невялікі рамонт у памяшканні. Ён папрасіў, напрыклад, ушчыльняльнік для вокнаў, электроды для зваркі.
Сваякі ўжо вазілі ў калонію матэрыялы для рамонту. Нешта адміністрацыя калоніі прыняла, нешта – не. Менавіта таму Ірына Казуліна была змушаная наведаць вышэйшае начальства ў ДВП, каб атрымаць дазвол на перадачу некаторых рэчаў, якія застануцца ў калоніі. Аднак кіраўніцтва ДВП на гэтую просьбу сваякоў А.Казуліна таксама не адрэагавала.