|
|
||||||||||||||||||||
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Андрэй Саннікаў: «Заява Буша сведчыць аб падтрымцы незалежнасці і еўрапейскай будучыні Беларусі» 16:40, 01/12/2006
– Андрэй Алегавіч, хто прымаў удзел у канферэнцыі “Трансфармацыя НАТА у новых умовах глабалізацыі”, што адбылася ў рамках саміту НАТА у Рызе? – У канферэнцыі ўдзельнічалі дзеючыя і былыя кіраўнікі дзяржаў – Польшчы, Латвіі, Літвы, Эстоніі, Чэхіі, Славакіі, Злучаных Штатаў Амерыкі, Нямеччыны, Украіны, Грузіі і іншых краін, а таксама прадстаўнікі вядучых аналітычных цэнтраў і сусветных СМІ. Ад Беларусі на канферэнцыю, акрамя мяне, былі запрошаныя лідэр дэмакратычных сіл Аляксандр Мілінкевіч, былы палітвязень, Надзвычайны і Паўнамоцны амбасадар Беларусі Міхаіл Марыніч, лідэр грамадзянскай ініцыятывы “Мы памятаем” Ірына Красоўская. Арганізатармі канферэнцыі выступалі JMF і латышская трансатлантычная арганізацыя LATO. – Ці абмяркоўвалася на канферэнцыі тэма Беларусі? – Хоць у павестке дня канферэнцыі тэма Беларусі не значылася, паколькі адносіны з НАТА у Беларусі ў цяперашні час “кастрыраваныя” і нашмат горшыя, чым ва ўсіх суседзяў, уключаючы Расею, беларуская тэма гучала ў шматлікіх выступах на канферэнцыі. Разглядаліся пытанні не толькі НАТА, але і энергетычнай бяспекі, эканамічных адносінаў, будучых сістэм бяспекі ў Еўропе і свеце. Вельмі вялікі комплекс пытанняў. Беларускае пытанне ўзнімалася як небяспечная для Еўропы сітуацыя, якая пагражае непрадказальнымі наступствамі. Сёння ўсім відавочны характар беларускага рэжыму, і нават прэзідэнт Буш у сваім выступе адзначыў, што ў Беларусі “разганяюць мірныя дэманстрацыі і адбываюцца знікненні лідэраў апазіцыі”. Усё зразумелі, што Пуцін з дапамогай Лукашэнкі арганізаваў саміт СНД у Менску менавіта як процівагу саміту НАТА, хоць не зусім зразумелі, якія мэты ён гэтым пераследваў. Безумоўна, акрамя асуджэння рэжыму, гучалі словы падтрымкі і салідарнасці з народам Беларусі, абмяркоўвалася новая прапанова Еўрапейскага Звяза беларускім уладам. Еўрапейцы здзіўляліся, чаму на такія сур’ёзныя прапановы з боку беларускіх уладаў ідзе такая кандовая прапагандысцкая рэакцыя. Паколькі на канферэнцыі адной з тэмаў было магчымае сяброўства ў НАТА Украіны і Грузіі, то, натуральна ішла гаворка аб іншых былых рэспубліках СНД, у тым ліку і аб адносінах беларускага рэжыму з НАТА. Гаварылася і аб тым, што гэтыя адносіны пры Лукашэнку заўсёды развіваюцца з аглядкай на Крэмль, што гаворыць аб адсутнасці самастойнай палітыкі беларускага рэжыму. Безумоўна, вельмі яркім быў выступ Джорджа Буша ў Латвійскім універсітэце. Арганізатары канферэнцыі пасадзілі беларусаў у першы рад, таму мы маглі не толькі ўважліва сачыць за яго выступам, але і пасля ягонай прамовы пазнаёміцца з ім асабіста. Для мяне самым галоўным у сустрэчы з Джорджам Бушам былі ягоныя словы пра тое, што бачанне ЗША цэласнай, свабоднай і мірнай Еўропы ўключае Беларусь. Гэта стратэгічная заява, якая сведчыць аб падтрымцы незалежнасці і еўрапейскай будучыні Беларусі. – З кім вы сустракаліся падчас канферэнцыі? – Мы правялі вялікую колькасць сустрэч з удзельнікамі канферэнцыі і саміта. У прыватнасці, мы сустрэліся з прэзідэнтам Эстоніі Тоомасам Хендрыкам Ільвесам, прэзідэнтам Латвіі Вайрай Віке-Фрэйбергай, міністрам замежных спраў Чэхіі Аляксандрам Вондрай, міністрам замежных спраў Латвіі Арцісам Пабрыксам, спікерам парламента Грузіі Ніно Бурджанадзэ, вядомым палітолагам, былым дарадцай прэзідэнта ЗША Збігневам Бжэзінскім і іншымі ўдзельнікамі. – Якія пытанні абмяркоўваліся падчас сустрэч? – На ўсіх сустрэчах абмяркоўвалася сітуацыя ў Беларусі. І асабліва ўздымалася пытанне аб лёсе былога кандыдата ў прэзідэнты Беларусі, палітвязня Аляксандра Казуліна, які больш за месяц галадае ў зняволенні. Нашыя суразмоўцы – кіраўнікі дзяржаў, парламентары, грамадскія дзеячы і знакамітыя журналісты – абяцалі, што прымуць усе неабходныя меры, каб выратаваць Аляксандра Казуліна. Усе яны разумеюць, што за ягоную магчымую гібель у турме адказныя толькі беларускія ўлады. Асабліва радыя былі бачыць у Рызе Міхаіла Марыніча. Шмат хто казаў, што пазналі яго па партрэтах на майках, якія яны апраналі ў яго падтрымку, калі палітвязень сядзеў у турме. ![]() Спікер парламента Грузіі Ніно Бурджанадзэ, лідэр беларускай апазіцыі Аляксандр Мілінкевіч і былы палітвязень Міхаіл Марыніч ![]() Прэзідэнт ЗША Джордж Буш, спікер парламента Грузіі Ніно Бурджанадзэ і лідэр беларускай апазіцыі Аляксандр Мілінкевіч ![]() Аляксандр Мілінкевіч і вядомы палітолаг, былы дарадца прэзідэнта ЗША Збігнеў Бжэзінскі ![]() Прэзідэнт ЗША Джордж Буш і прэзідэнт Латвіі Вайра Віке-Фрэйберга
|