Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Мілінкевіч: Лукашэнка не давярае свайму асяродку 11:12, 18/07/2007
«Не трэба чакаць змен у працы КДБ. Сёння дзейнасць гэтай арганізацыі арыентаваная не на гарантаванне нацыянальнай бяспекі, а на захаванасць асабістых інтарэсаў, у тым ліку матэрыяльных, той групы, якая мае ўладу», – так пракаментаваў адзін з лідэраў дэмакратычнай апазіцыі Аляксандр Мілінкевіч паведамленне пра адстаўку старшыні КДБ Беларусі С.Сухарэнкі і яго першага нама Дземянцея.
На думку палітыка, такія адстаўкі вышэйшых службоўцаў з`яўляюцца звычайнай з`явай для ўсялякага аўтарытарнага рэжыму, а за афіцыйнай фармулёўкай «перавод на іншае месца працы» хаваецца звычайны для А.Лукашэнкі кругазварот наменклатуры, паведамляе АФН.
«Лукашэнка разумее, што без рэгулярных перастановак і ракіровак наменклатура можа стварыць нейкую групоўку і заявіць свае прэтэнзіі на вярхоўную ўладу. У краіне, дзе няма вяршэнства закона, кругазварот наменклатуры неабходны для гарантавання асабістай бяспекі «кіраўніка дзяржавы», – адзначыў кіраўнік руху «За Свабоду».
«Таксама відавочна, што Лукашэнка ўсё менш давярае свайму самаму блізкаму асяродку, што сведчыць пра няўпэўненасць ва ўстойлівасці яго (Лукашэнкі) становішча», – падкрэсліў Аляксандр Мілінкевіч.