Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Зміцер Дашкевіч адсвяткуе дзень нараджэння за кратамі 17:15, 18/07/2007
Як паведаміла 18 ліпеня на прэс-канферэнцыі Наста Палажанка, сябры Змітра Дашкевіча зрабілі для яго вялікую паштоўку, на якой яны напішуць па некалькі радкоў пажаданняў і якую накіруюць у калонію № 17 у Шклове, дзе малады чалавек адбывае пакаранне.
«Падпісаць гэтую паштоўку згадзіліся шматлікія вядомыя людзі Беларусі: палітыкі, пісьменнікі, праваабаронцы, проста неабыякавыя людзі. Гэта і ёсць праява салідарнасці з Дашкевічам. Акрамя таго, мы заклікаем усіх людзей добрай волі прысылаць яму віншаванні ў калонію. Адрас Дашкевіча лёгка знайсці ў інтэрнэце», – заявіла Палажанка.
Акрамя таго, моладзевыя актывісты маюць намер правесці аўтапрабег у падтрымку Дашкевіча. Акцыя пачнецца 19 ліпеня а 11 гадзіне ад аўтастанцыі «Дружная». Маладыя людзі маюць намер аб`ехаць тыя гарады Беларусі, у якіх у дачыненні моладзевых актывістаў узбуджаныя альбо плануюць узбудзіць справы па артыкуле 193-1 Крымінальнага кодэкса (дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі). Менавіта па гэтым артыкуле быў асуджаны Дашкевіч. 20 ліпеня таварышы Змітра маюць намер прыехаць да калоніі, у якой ён знаходзіцца, і сігналамі, запаленымі фарамі падтрымаць і павіншаваць яго.
Рэспубліканскае праваабарончае грамадскае аб`яднанне «Беларускі Хельсінкскі камітэт» і зарэгістраванае ў Літве аб`яднанне «Праваабарончы альянс» звярнуліся ў Чырвоны Крыж з просьбай у рамках кампетэнцыі гэтай арганізацыі дамагчыся захавання правоў Змітра Дашкевіча. Пра гэта паведамілі прадстаўнікі гэтых аб`яднанняў Гары Паганяйла і Людміла Гразнова 18 ліпеня на прэс-канферэнцыі ў офісе Партыі БНФ.
У прыватнасці, у заяве адзначаецца, што падчас следства Дашкевіча змясцілі ў адну камеру з хворымі на сухоты, гепатыт і ВІЧ-інфікаваным. Яшчэ да разгляду касацыйнай скаргі на прысуд Дашкевіч быў адпраўлены ў калонію № 17 Шклова (Магілёўская вобласць). Таксама прыводзяцца факты ціску на Змітра Дашкевіча з боку адміністрацыі гэтай калоніі.
З.Дашкевіч 1 лістапада 2006 года быў асуджаны на паўтара гады пазбаўлення свабоды з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму. Арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала моладзевага актывіста вязнем сумлення, нагадвае БелаПАН.