Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
«Газпром» у два разы скарачае пастаўкі газу ў Беларусь 12:22, 01/08/2007
"Газпром" з 3 жніўня скароціць пастаўкі газу ў Беларусь на 45%, паведамляецца ў прэс-рэлізе кампаніі. "Сутачны аб`ём паставак газу ў Беларусь згодна з кантрактам будзе скарочаны прапарцыйна фактычнай аплаце – на 45%, пачынаючы з 10.00 3 жніўня", – гаворыцца ў паведамленні.
Згодна з кантрактам аб аб`ёмах і ўмовах пастаўкі газу ў Беларусь і транзіту газу праз тэрыторыю рэспублікі ў 2007–2011 гады, ААТ "Газпром" накіравала ў адрас в.а. генеральнага дырэктара ААТ "Белтрансгаз" Уладзіміра Маёрава афіцыйнае апавяшчэнне аб скарачэнні паставак газу беларускім спажыўцам у сувязі з невыкананнем абавязальніцтваў па аплаце газу, пастаўленага ў першым паўгоддзі 2007 года і адсутнасцю гарантый аплаты, паведамляюць РІА “Новости”.
Згодна з кантрактам, "Белтрансгаз" абавязаны забяспечыць бесперашкодны транзіт расейскага газу па сваёй тэрыторыі ў трэція краіны.
ТАА "Газпромэкспорт" таксама накіравала ў адрас замежных спажыўцоў газу апавяшчэнне аб абмежаванні паставак газу ў Беларусь.
"Газпром" распачне ўсе магчымыя меры для транспартоўкі расейскага газу праз тэрыторыю Беларусі ў поўнай адпаведнасці з наяўнымі абавязальніцтвамі перад еўрапейскімі пакупнікамі", – гаворыцца ў паведамленні.
ААТ "Газпром" і ААТ "Белтрансгаз" 31 снежня 2006 года падпісалі кантракт на пастаўку і транзіт газу ў 2007–2011 гады. Дакументам была вызначаная цана расейскага газу пры пастаўках у 2007 годзе – 100 даляраў за тысячу кубаметраў і формула цаны з 1 студзеня 2008 года (адпаведная формуле цаны пры пастаўках расейскага газу ў Еўропу).
Пры гэтым, згодна з кантрактам, беларускі бок у першым паўгоддзі 2007 года аплачваў 55% паставак газу, з умовай пагашэння астатняй сумы да 23 ліпеня і пераходу на 100-адсоткавую аплату паставак з 1 ліпеня.
31 снежня 2006 года ААТ "Газпром" і ўрад Беларусі падпісалі пратакол, згодна з якім ААТ "Газпром" набудзе 50% акцый ААТ "Белтрансгаз" за 2,5 мільярды даляраў роўнымі плацяжамі цягам чатырох гадоў.
Такім чынам, Беларусь атрымала час для адаптацыі да новай цаны.
У "Газпроме" заяўляюць, што адтэрміноўка плацяжу ў студзені–чэрвені 2007 года склала 456,16 мільёны даляраў. У парушэнне дзейнага кантракту, падкрэсліваюць у расейскай кампаніі, Беларусь не ажыццявіла плацяжы і не прадставіла ніякіх гарантый іх ажыццяўлення. Пры гэтым "Газпром" своечасова пералічыў 625 мільёнаў даляраў за набытыя 12,5% акцый ААТ "Белтрансгаз".