Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Расея калі і дасць крэдыт, то занадта позна 10:53, 08/08/2007
Першы віцэ-прэм`ер Беларусі заявіў, што наша краіна працягне перамовы з Расеяй наконт крэдыту ў памеры 1,5 млрд. даляраў. Пры гэтым Уладзімір Сямашка адзначыў, што падчас апошняй сустрэчы прэм`ер-міністраў дзвюх краін расейскі бок заявіў, што адкладае выдзяленне крэдыту Беларусі да кастрычніка–снежня гэтага года.
"Усе разумелі, што для эканомікі Беларусі аплаціць пастаўкі газу па новай цане будзе складана. Мы казалі пра тое, што маем патрэбу ў стабілізацыйным крэдыце, і называлі пэўныя лічбы – 1,5 млдр. даляраў. Але, на жаль, атрымалася так: разлік давайце згодна з падпісаным кантрактам, а што тычыцца стабілізацыйнага крэдыту, то мы пачакаем і, магчыма, дадзім яго ў кастрычніку, можа, у снежні. Так нам адказаў расейскі бок на апошняй сустрэчы кіраўнікоў урадаў дзвюх краін у Маскве", – прыводзіць словы Уладзіміра Сямашкі «Тэлеграф» са спасылкай на прэс-службу ўрада.
"Нічога, пачакаем, мы не цураемся ніякіх крэдытаў", – дадаў першы віцэ-прэм`ер Беларусі, удакладніўшы, што беларуская эканоміка мае малаважную колькасць крэдытаў і існуе вялізны запас для атрымання знешніх крэдытаў, перш чым дайсці да лімітавай рысы фінансавай бяспекі дзяржавы.
"Прыйшоў час, калі неабходны вялікі аб`ём інвестыцый і знешніх запазычанняў, у тым ліку з Расеі, але толькі на выгодных для Беларусі ўмовах", – падкрэсліў Уладзімір Сямашка. Па словах першага віцэ-прэм`ера, цяпер пралічваюцца розныя схемы аплаты за газ, у тым ліку і за кошт крэдытных рэсурсаў.
"Мы будзем плаціць 100% ад кошту пастаўленага газу пачынаючы з жніўня. Ужо 23 жніўня, па ўмовах кантракту з "Газпромам", наступае тэрмін плацяжу за газ, спажыты Беларуссю ў ліпені. Гэта прыкладна 150 млн. даляраў", – паведаміў Уладзімір Сямашка.