Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Андрэй Саньнікаў: «Лукашэнка павінен адрэагаваць на заявы расейскага пасла» 10:01, 28/08/2007
Расейскі амбасадар у Менску Аляксандар Сурыкаў заявіў у панядзелак, што не выключае зьяўленьня ў Беларусі новых расейскіх вайсковых аб`ектаў, якія маюць дачыненьне да ядзернай зброі, у адказ на разьмяшчэньне ў Польшчы і Чэхіі аб`ектаў амэрыканскай супрацьракетнай сыстэмы. Што можа азначаць такая заява – абмяркоўваюць аглядальнік “Радыё Свабода” Віталь Цыганкоў і міжнародны каардынатар “Хартыі’97”, былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Саньнікаў.
Цыганкоў: “Даволі дзіўная сытуацыя: амбасадар, не параіўшыся з кіраўніцтвам краіны, у якой ён знаходзіцца, робіць заявы аб магчымасьці разьмяшчэньня на тэрыторыі гэтай краіны аб’ектаў, якія могуць мець дачыненьні да ядзернай зброі. Што гэта можа азначаць?”
Саньнікаў: “Па-першае, я думаю, што амбасадар усё ж мусіць узгадняць тое, што гаворыць, і тым больш калі гэта тычыцца такога сур’ёзнага пытаньня, як ядзерная бясьпека. А па-другое, гэта даволі правакацыйная заява. Мы ўсе бачым, што цяпер адбываецца ў дачыненьнях ядзерных дзяржаваў ЗША і Расеі, і ўцягваць незалежную Беларусь у такія гульні – гэта вельмі небясьпечна для нас”.
Цыганкоў: “Ці магчымы тут экспромт з боку Сурыкава? Напрыклад, расейскі амбасадар ва Ўкраіне – Віктар Чарнамырдзін – часам выдае яркія экспромты. Можа, і Сурыкава проста “панесла” – ці ён не такі чалавек, каб гаварыць гэта, не параіўшыся з кіраўніцтвам?”
Саньнікаў: “А гэта вельмі проста вызначыць. Мы павінны пачакаць, ці будзе рэакцыя расейскага МЗС. І калі ня будзе, то гэта не экспромт, а ўзгодненая пазыцыя”
Цыганкоў: “А ці ня можа гэта выглядаць як сплянаваны ўдар супраць Аляксандра Лукашэнкі? Як мне здаецца, сваёй заявай расейскі амбасадар ставіць кіраўніка Беларусі ў вельмі няёмкае становішча. Маўляў, ты столькі гаварыў пра вайсковую інтэграцыю з Расеяй, пра гатоўнасьць беларусаў легчы пад танкі, якія нібыта могуць з Захаду ісьці на Расею. Дык вось давай, даказвай на справе сваю адданасьць вайсковай інтэграцыі з Расеяй”.
Саньнікаў: “Адданасьць – гэта адно, але галоўнае – гэта патэнцыйнае парушэньне міжнародных дамоўленасьцяў, якія Беларусь падпісала ў гэтай галіне. Я маю на ўвазе рашэньне, якое было прынята, што Беларусь пазбавілася магчымасьці разьмяшчэньня ядзернай зброі на сваёй тэрыторыі.
І вось тут сапраўды вельмі складанае становішча для беларускіх уладаў. Бо трэба неяк рэагаваць на тое, што, нягледзячы на сувэрэнітэт дзяржавы, робяцца такія заявы”.
Цыганкоў: “І як, на вашу думку, адрэагуе Аляксандар Лукашэнка? Ці паспрабуе ён зьмякчыць, праігнараваць словы Сурыкава, ці адрэагуе даволі жорстка?”
Саньнікаў: “Я ня буду прагназаваць, што ён будзе рабіць. Але паўтаруся, кіраўнік дзяржавы, які нясе адказнасьць за незалежнасьць і сувэрэнітэт дзяржавы, павінен адрэагаваць.”
Рэспубліка Беларусь яшчэ ў 1993-ім годзе далучылася да Дамовы аб непашырэньні ядзернай зброі як няядзерная дзяржава, а ў 1996-ым вывела ўсю стратэгічную ядзерную зброю са сваёй тэрыторыі.