Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Лябедзька і Калякін ледзь не загінулі ў аўтакатастрофе 12:55, 03/09/2007
Непапраўная трагедыя магла адбыцца 31 жніўня, калі сустаршыні Палітрады аб`яднаных дэмакратычных сілаў Сяргей Калякін і Анатоль Лябедзька вярталіся з Берасця, дзе праходзіла сустрэча з дэмакратычным актывам.
У горадзе Бяроза палітыкі вырашылі спыніцца і выпіць кавы. Праседзеўшы ў кафэ каля 20 хвілін, яны працягнулі шлях. Праехаўшы яшчэ паўтары сотні кіламетраў, гаспадар аўтамабіля «Міцубісі-Галаксі» адчуў дыскамфорт у кіраванні аўтамабілем. Машыну агледзелі і выявілі, што ў адным з колаў адкручаныя балты. «Праедзь мы яшчэ кіламетраў 40-50, кола б проста адвалілася. Улічваючы хуткасць руху па Маскоўскай трасе, наступствы маглі быць самыя трагічныя», – распавёў С.Калякін «Белорусскому партизану».
Як сцвярджае палітык, аўтамабіль, на якім апазіцыянеры вярталіся ў Менск, быў цалкам спраўны і некалькі месяцаў таму прайшоў тэхагляд. «А гэтыя балты проста так самі па сабе не адкручваюцца», – сказаў С.Калякін.
Ён таксама выказаў сваю версію здарэння. Справа ў тым, што яшчэ ў Бярозе на стаянку перад кафэ, дзе адпачывалі лідэры АДС, заехаў мікрааўтобус, у якім сядзелі чацвёра маладых хлопцаў. Спачатку яны наладзілі паміж сабою бойку, падчас якой адзін з невядомых абапёрся на «Міцубісі-Галаксі». Такім чынам, як лічыць С.Калякін, яны пераканаліся, што сігналізацыя не спрацуе. Пасля гэтага маладыя людзі зашлі ў кафэ, дзе прабылі некалькі хвілін. Аднак нічога не заказалі. Пасля двое сышлі, а двое, відаць, засталіся «на шухеры». «Калі мы вышлі з кафэ, мікрааўтобуса ўжо не было. А адкруціць шрубы – справа 30 секунд», – распавёў С.Калякін.
Цікава, што яшчэ ў Берасці аўтамабіль, у якім знаходзіліся палітыкі і іх кіроўца, спынялі супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі для высвятлення асоб пасажыраў. Таму, хто знаходзіўся ў салоне «Міцубісі-Галаксі», спецслужбы выдатна ведалі. С.Калякін не выключае, што ўсе гэтыя падзеі – звёны аднаго ланцуга, які мог прывесці да трагічных наступстваў.