Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Еўрапейскі Марш "За свабоду!" пройдзе ў сталіцы Рэспублікі Беларусь Менску 14 кастрычніка 2007 года. Ідэя правядзення Марша нарадзілася ў беларускай грамадзянскай супольнасці як рэакцыя на зварот Еўразвяза да ўрада і народа Беларусі “Што Еўрапейскі Звяз можа даць Беларусі”. У нашай краіне гэты дакумент вядомы як "12 прапаноў Еўразвяза".
Мэтай Еўрапейскага Марша з`яўляецца дэманстрацыя еўрапейскага выбару беларускага народа.
Ініцыятыва грамадзянскай супольнасці па правядзенні Еўрапейскага Марша атрымала шырокую падтрымку вядучых палітычных дэмакратычных партый, грамадска-палітычных рухаў, няўрадавых і моладзевых дэмакратычных арганізацый, грамадзянскіх кампаній, дзеячаў культуры.
Пакуль урад Беларусі не адказвае па сутнасці на прапановы ЕЗ. Хоць вынікі апошніх сацыялагічных апытанняў, праведзеных як незалежнымі, так і дзяржаўнымі сацыялагічнымі службамі, сведчаць пра тое, што большасць беларусаў пазітыўна ставіцца да наладжвання стасункаў з Еўропай, падтрымлівае еўрапейскі вектар развіцця краіны.
Увесну гэтага года апазіцыя прапанавала ўладам пачаць унутрыбеларускі дыялог для спынення супрацьстаяння ў грамадстве, дасягнення кансенсусу наконт далейшага шляху развіцця краіны. Улады адказалі маўчаннем. Цяпер, у якасці практычнага кроку па пачатку дыялогу, уладам прапанавана падтрымаць правядзенне Еўрапейскага Марша і прыняць у ім непасрэдны ўдзел. Аргкамітэт Еўрапейскага Марша сфармаваў спецыяльную групу для перамоваў з уладамі. У яе ўвайшлі аўтарытэтныя палітычныя і грамадскія дзеячы.
Менавіта дзейсны дыялог улады і апазіцыі павінен папярэднічаць дыялогу Беларусі з Еўразвязам, пра які апошнім часам гавораць беларускія ўлады. Прадстаўнікі беларускага ўрада заявілі пра важнасць паляпшэння стасункаў з Еўразвязам, гатоўнасць да партнёрства ў эканамічнай і энергетычнай сферах. Аднак, пры гэтым у Беларусі працягваюцца палітычныя рэпрэсіі супраць апазіцыі і іншадумцаў.
Сёння беларусам, як ніколі патрэбная салідарнасць еўрапейцаў. Напярэдадні Еўрапейскага Марша беларускія моладзевыя аб`яднанні звярнуліся да маладых грамадзян Еўропы з заклікам правесці 14 кастрычніка ў сваіх краінах акцыі Салідарнасці з Беларуссю. Лідэры палітычных партый і грамадскіх арганізацый накіравалі запрашэнні ўзяць удзел у Еўрапейскім Маршы сваім партнёрам у Еўропе, сярод якіх вядомыя еўрапейскія палітыкі, дэпутаты Еўрапарламента, выбітныя грамадскія і культурныя дзеячы.
Еўрапейскі Марш "За свабоду" – шлях да дыялогу і грамадзянскай згоды ў Беларусі. Гэта шанец для дэмакратычнага абнаўлення і эканамічнага росквіту.